Уладзімір Мажылоўскі - Зніклая казна канфедэратаў стр 5.

Шрифт
Фон

Раніца была па-летняму сонечнай і цёплай. I хаця сонца паднялося ўжо даволі высока, асаблівай спякоты не адчувалася. Лёгкі ветрык прыемна халадзіў твар, абвіваў цела і, не чакаючы ад чалавека ўдзячнасці, спяшаўся да шырокага, блакітнага мора квітнеючага льну.

Юрый на поўныя грудзі набраў свежага духмянага паветра, з шумам выдыхнуў яго, радасна засмяяўся. Ён адвык ад прыгажосці. Не так часта, як хацелася, яму ўдавалася вырвацца з горада на прыроду — не адпускала напружаная праца, а апошнія некалькі тыдняў, расследуючы крадзёж у ювелірнай краме, ён нават не знаходзіў часу, каб проста прагуляцца ў гарадскім парку. I зараз, стоячы на пясчаным беразе рачулкі, ён, бы гарэзлівы хлапчук, радаваўся свабодзе, сонцу, спеву птушак, мяккаму ззянню вады. Цішы. Вясковай цішы хацелася Юрыю, і ён быў задаволены, што хутка спаўна яе атрымае.

Дуброўскаму было крыху за трыццаць. Сярэдняга росту, але стройны і падцягнуты, ён выглядаў на дваццаць пяць, не болей. Яго густыя, месцамі кранутыя сівізной валасы, былі па модзе коратка пастрыжаны. Гладка паголены твар адліваў хваравітай белізной і гэтым вельмі адрозніваўся ад загарэлых твараў вяскоўцаў і шумных адпачываючых.

Яшчэ раз акінуўшы позіркам мясцовае хараство, Юрый павярнуўся і накіраваўся да сваёй машыны.

Бабуля жыла амаль у самым канцы Мірскай вуліцы. Звычайная вясковая хата з ахайна пафарбаванымі ліштвамі і выявай сонца на франтоне была абкружана некалькімі немаладымі яблынямі, за якімі ўгадваліся абрысы студні, лазні і яшчэ нейкай гаспадарчай пабудовы. Сама гаспадыня корпалася ў кветках, што кусціліся пад вокнамі і якія зусім нядаўна адквітнелі. Яна так была захоплена сваім заняткам, што нават не пачула, як побач з хатай спынілася машына, як мякка ляпнула яе дзверца, як нехта адчыніў і зачыніў веснічкі. I толькі пачуўшы «Добры дзень, бабуля!», яна спыніла работу, на імгненне замерла, сцішылася, а яшчэ праз імгненне ўжо трымцела ў абдымках унука.

— Я ж чакала цябе толькі апоўдні, — быццам апраўдваючыся, гаварыла яна. I столькі разгубленасці гучала ў яе голасе, столькі неспадзяванай радасці і непрыхаванага шчасця чуў у ім хлопец, што ўсёй сваёй істотай адчуваў, як яго тут любяць і як чакаюць.

— Мне маці казала ўчора, каб я сёння адаспаўся, адпачыў, але што мне рабіць у душным горадзе ў выхадны дзень? Чым заняць сябе?

— Ажаніцца табе трэба, — сур’ёзна параіла бабуля. — Былі б у цябе малыя дзеці — тады б ты такія пытанні не задаваў. Тады б ты марыў аб адпачынку, цаніў бы кожную яго хвілінку.

— Ведаю, — пагадзіўся Юрый. — У майго напарніка толькі адзін сын, але вольнага часу ён зусім не мае: то ў кіно трэба схадзіць з сынам, то — у заапарк; то купіць яму новую вопратку, то — лыжы або веласіпед. I такія праблемы кожны божы дзень. Я, магчыма, таму і не спяшаюся са шлюбам.

— А дзяўчына хаця б у цябе ёсць?

— Дзяўчына ёсць, — па-добраму ўсміхнуўся Юрый, аднак больш распаўсюджвацца на гэтую тэму не стаў, толькі дадаў, бы адрэзаў:

— I я яе кахаю.

Бабуля адчула ўнукава нежаданне трывожыць асабістае, таму адразу загаварыла аб іншым:

— Ты ж, пэўна, стаміўся ў дарозе, прагаладаўся? А я трымаю цябе на вуліцы, чапляюся тут з рознымі пытаннямі, пагутарыць жа можна і ў хаце. Пайшлі, унучак, у хату.

Юрый уміхнуўся, згодна хітнуў галавой:

— Я толькі сумкі вазьму з машыны.

Калі праз некалькі хвілін Юрый зайшоў у хату, адчуў як прыемна пахнуць хатнія стравы. Хлопец спыніўся ў парозе, гулліва заплюшчыў вочы, шумна ўцягнуў у сябе духмянае паветра і гэтак жа шумна яго выдыхнуў:

— А кажаш, што чакала мяне толькі апоўдні, — ён жартаўліва паглядзеў спачатку на бабулю, потым перавёў позірк на стол. — Тут жа нагатавана на цэлае вяселле!

— А ты б і прывёз сюды калі-небудзь сваю дзяўчыну.

— Прывязу, бабулечка. — Юрый паставіў у кут сумкі, пачаў мыць рукі і, убачыўшы запытальны позірк бабулі, дадаў:

— Да цябе, любая, у першую чаргу і прывязу. I толькі пасля таго, як ты дасі мне сваё «дабро», я пазнаёмлю яе з бацькамі.

— Сядай за стол, — адмахнулася ад слоў унука гаспадыня. — Ежа смач­ная пакуль цёплая.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора