Пра той выпадак я нікому нічога не расказваў, але і ў паўразбураную царкву больш ніколі не хадзіў.
— Дзіцячыя фантазіі, — пасля непрацяглага маўчання адазваўся Кармухін, а калі яго сябар некалькі разоў адмоўна хітнуў галавой, запярэчыў:
— Ну не жыве ж у вашай царкве да гэтага часу жаночы прывід або душа калісьці забітага бацюшкі! — Кармухін даверліва ўсміхнуўся, але, убачыўшы, што Юрый ніяк не адрэгаваў на яго словы, дадаў:
— Ты ж атэіст і ні ў Бога, ні ў прывіды не павінен верыць. Хаця Бога, калі ён і быў на самай справе, па вялікім рахунку асабіста мне шкада — яму спачатку здрадзілі, а потым — забілі. Між іншым забілі тыя, каго ён шкадаваў і каму жадаў дабра і хацеў дапамагчы. Пэўна, з тых часоў так ненавідзяць здраднікаў і кажуць, што дарога ў пекла выкладзена добрымі намерамі.
— Разумееш, у школе я быў атэістам на сто адсоткаў, — не слухаючы сябра і гледзячы некуды на сцяну, прагаварыў Дуброўскі, — а вось зараз — не ведаю, адсоткаў на пяцьдзясят, не больш. Яшчэ ў інстытуце я заўважыў, што адукаваныя людзі, кандыдаты і дактары навук, з вялікай пашанай адносяцца да ўсяго, што звязана з рэлігіяй. А аднойчы ў бібліятэцы я, тады яшчэ ідэйны камсамолец, пачуў ад нашага дэкана, што !сус і на самай справе існаваў, як гістарычная асоба, што не было ніякага дарэлігійнага і безрэлігійнага перыяду ў гісторыі чалавецтва, паколькі нават неандэртальцы хавалі сваіх памерлых па пэўных абрадах, а значыць, у нешта верылі.
— Кожны чалавек у нешта верыць. Адзін верыць, што Бог ёсць, другі — што яго няма, і самае цівавае ў гэтым — ні першы, ні другі не могуць прывесці важкіх аргументаў, каб праўдзіва і грунтоўна даказаць свой пункт гледжання. Так, адны словы.
— Мой бацька казаў, што на фронце ўсе былі веруючымі.
— Калі па-сапраўднаму дапячэ, то любы з нас звяртаецца па дапамогу да вышэйшых сіл, да Бога. Ды ты сам зусім нядаўна расказваў, што калі вельмі спалохаўся, нешта незразумелае ўвачавідкі ўбачыў у царкве.
— Убачыў, — Дуброўскі сумна ўсміхнуўся, зручней уладкаваўся ў крэсле, правёў далонню па твары, загаварыў. Голас яго гучаў ціха, бясколерна, быццам з Кармухіным зараз размаўляў не трыццацігадовы юнак, а стомлены і хворы стагадовы стары.
— Да жыцця, Сярога, можна адносіцца па-рознаму. Можна не заўважаць яго, верыць у сваю бессмяротнасць і вечнасць, як у гэта вераць дзеці. Можна падыходзіць да яго з навукова-інтэлектуальнага пункту гледжання, як гэта робяць многія адукаваныя людзі. Можна тлумачыць жыццё, як нешта звышдадзенае чалавеку, духоўнае, эфімернае, як у гэта вераць вернікі. Аднак нельга жыць адразу з усімі гэтымі пачуццямі ў сэрцы. Таму мне і ўспомнілася тая даўняя гісторыя, таму я і расказаў яе табе, каб паспрабаваць запэўніць у першую чаргу сябе, што я там бачыў не здань, не прывід, а звычайны цень ад дрэва ці хмары. !накш у мяне да самога сябе ўзнікае шмат пытанняў.
— А свечкі на сценах?
— Магчыма, сонечныя зайчыкі.
— Так яно і было, — ахвотна пагадзіўся з сябрам Кармухін. — Ты тады быў настолькі перапалоханы, што твой узрушаны розум і намаляваў тое, чым вы, дзеці, неаднойчы пужалі адзін аднаго. — Ён на імгненне заціх, паглядзеў на Юрыя, зноў узяў у рукі газету:
— Мяне ж зараз больш цікавіць іншае: адкуль у вось гэтага ксяндза са звычайнага, небагатага вясковага прыходу з’явіліся такія вялікія грошы?
Дуброўскі адказаў не адразу. Некалькі секунд ён глядзеў на газету, быццам успамінаючы, пра якога ксяндза пытаецца яго напарнік і, успомніўшы, паціснуў плячыма:
— Гэта і сапраўды цікава, бо, наколькі я памятаю, стваловіцкі касцёл пабудавалі ў пачатку стагоддзя, гадоў семдзесят таму, — капітан зноў крыху памаўчаў, потым загадкава ўсміхнуўся сябру:
— Я ў суботу збіраюся наведаць бабулю ў Стваловічах. Хочаш, паехалі са мной!
— Не-е, дзякуй, — Кармухін нават сумеўся ад нечаканай прапановы. — Ужо з месяц, як я даў слова жонцы з сынам схадзіць з імі на возера — пакупацца, павудзіць рыбу, пазагараць. А мой прынцып ты ведаеш: мужчына сказаў — мужчына зрабіў!
3
Як і казаў капітан Дуброўскі, у суботу раніцай ён каціў на сваёй «шасцёрцы» ў бок вёскі Стваловічы.
Шлях быў недалёкі, аднак заязджаць у вёску Юрый не спяшаўся. Спачатку заехаўся на заправачную, запоўніў да самай гарлавіны бак сваёй «ластаўкі», купіў у прыдарожным кафэ бутэльку «Байкалу» і адразу ж адкаркаваў яе. Напой апаліў холадам горла, заказытаў газамі ў носе. «Эх, жыць добра! — падумаў ён і тут жа дадаў сваё любімае выслоўе, пачутае ім некалі ў старым камедыйным фільме: — А добра жыць яшчэ лепей!»
Праехаўшы пасёлак Акцябрскі, Юрый спыніў машыну ля мастка, што быў перакінуты цераз плыткую, безназоўную рачулку, берагі якой густа зараслі чаротам і кустоўем. Выйшаў з машыны, кінуў позірк направа, дзе адкрываўся від на ўскраіну Стваловічаў. Ды і як было туды не глядзець, калі чароўнае хараство так вабіла вока — нешырокая, спакойная рачулка, у чароце якой шумна плёскаліся юркія дзікія качкі; удалечыні ўразаліся ў неба шпілі касцёла і крыжы царквы, за імі рознакаляровымі плямамі віднеліся цагляныя і драўляныя вясковыя хаты. Рай, ды і толькі. Зусім іншы свет.