— Усё роўна цікава, як ты здагадаўся?
— Знаёмячыся з роднымі Селязнёва, я даведаўся, што яго дзеда таксама падазравалі ў злачынстве, якое адбылося семдзесят гадоў таму. А знайшоўшы ў яго кватэры газету «Кур’ер Віленскі» ад 21 лютага 1912 года, я машынальна падумаў, што ў яе магла быць загорнута яго доля ўкрадзенага, бо менавіта ў гэты дзень адбыўся крадзеж. Калі я ўбачыў на стале віты сярэбраны падсвечнік у форме змяі, які быў у пераліку зніклых каштоўнасцей, то канчаткова ўсё зразумеў. Але ж унук за ўчынкі свайго дзеда не адказвае.
— Шкада, што раскрыццё таго даўняга злачынства не пойдзе нам у справаздачу, — Кармухін акуратна склаў газету, асцярожна паклаў яе на край свайго стала, жартаўліва закаціў пад лоб вочы:
— А так бы нам і прэмію выплацілі, і, магчыма, па адгуле далі б.
— Пра прэмію нічога не скажу, а па адгуле мы абавязкова атрымаем — пра іх Мікалай Васільевіч абяцаў мне асабіста.
— I за гэта дзякуй, — хмыкнуў старшы лейтэнант і, ад нечага рабіць, зноў узяў у рукі газету. Пагартаўшы яе, ён раптам пацікавіўся:
— Юра, на колькі я памятаю, твае бацькі родам са Стваловічаў?
— Толькі маці, — адмахнуўся ад пытання Дуброўскі. — Не перашкаджай працаваць
— Ды тут вось у газеце пра вашага ксяндза напісана.
— Няма ў нашай вёсцы ніякага ксяндза, ды і касцёл даўно не працуе, пераўтвораны ў склад будаўнічых матэрыялаў і мінеральных угнаенняў.
— А ты паслухай, — не здаваўся Кармухін. — Артыкул называецца «Нявыкарыстаны фундуш».
— Фундуш? — капітан перастаў пісаць, падняў на сябра вочы, у якіх з’явілася непадробная цікаўнасць. — У дзяцінстве мне бабуля расказвала пра нейкага ксяндза, які раптоўна разбагацеў і якога за багацце не паважалі нават вернікі яго парафіі.
Кармухін нічога не адказаў, яшчэ раз прабегся позіркам па артыкуле, задаволена хітнуў галавой і пачаў чытаць услых:
— «Памерлы ў Віленскай дыяцэзіі стваловіцкі ксёндз Валяр’ян Валянцін Дзюрдзевіч у сваім запавеце, датаваным 18 лістапада 1798 года, запісаў між іншымі 40000 польскіх злотых (6000 рублёў) на будаўніцтва пры касцёле ў Буйвідах, у Віленскім павеце прытулку для чатырох сясцёр міласэрнасці і капліцы пры тым прытулку для хворых.
У выпадку, калі б сёстры не пагадзіліся з гэтым памяшканнем, грошы павінны былі выкарыстоўвацца на ўтрыманне ўрача або фельчара для лячэння бедных. Паколькі манашкі не згадзіліся жыць у Буйвідскім касцёле, а Віленская духоўная кансісторыя — на пабудову капліцы пры касцёле, гэты пункт запавету застаўся нявырашаным.
Першапачатковы капітал павялічыўся да 14 студзеня бягучага года да 79230 рублёў...»
— Колькі? Семдзесят дзевяць тысяч рублёў! У той час акалотачны атрымліваў пяцьдзясят рублёў у месяц. I каму дасталіся тыя грошы?
Старшы лейтэнант паціснуў плячыма і зноў адклаў газету на край стала.
— Нікому. Грошы пайшлі на будаўніцтва бальніцы.
Юрый Дуброўскі хмыкнуў, хітнуў галавой, задумаўся і, як падалося Кармухіну, аб нечым не вельмі прыемным. Потым адкінуўся на спінку крэсла і загаварыў:
— У стваловіцкім касцёле я ніколі не быў, а вось іх царкву добра памятаю. Да школы я кожнае лета жыў у бабулі і часта здаралася, што мы, дзеці, гулялі ля той царквы ў вайну, а калі дарослыя забывалі зачыніць дзверы, то патаемна забіраліся і ў яе саму. А аднойчы я адзін зайшоў туды. Знутры царква была завалены абрэзкамі дошак і нейкіх бярвенняў, цэглай, шыферам, паўсюдна валяліся металічныя бочкі, зламаныя скрынкі, папяровыя мяшкі, і на ўсё гэта бязладдзе і безгаспадарчасць са сцен глядзелі падрапаныя, сумныя лікі святых. Разумееш, я добра памятаю, як у той летні, сонечны дзень мне раптоўна стала холадна, няўтульна і жудасна, а праз некалькі імгненняў я і наогул адчуў, што заблудзіўся. Царква сама па сабе будыніна невялікая, аднак я блукаў па ёй з кута ў кут і ніяк не мог знайсці выхаду. Я не на жарт перапалохаўся, мяне ахапіла паніка. Я ўжо гатовы быў крычаць, клікаць на дапамогу дарослых. I раптам убачыў, як на адной сценцы ўспыхнула свечка. За ёй другая, трэцяя, і гарэлі яны не роўным жоўтым полымем, як звычайныя свечкі, а нейкім нежывым, чырвона-блакітным, быццам зоркі на начным небе. Ад здзіўлення я перадумаў крычаць і, бы зачараваны, пайшоў да іх. Але, калі я падыходзіў да адной свечкі, яна нечакана тухла. Затое далей успыхвала новая. I ўвесь гэты час я чуў нечы нягучны шэпт, быццам недзе зусім побач нейкая маладая жанчына чытае малітву.
Хутка я быў ля ўваходных дзвярэй. А калі выходзіў з царквы — азірнуўся і ўбачыў у далёкім яе куце невыразную жаночую постаць у капюшоне, якая стаяла, склаўшы на грудзях рукі, і глядзела ў мой бок. Я амаль не разгледзеў твару той жанчыны — так, белая пляма. Я не бачыў яе вачэй, яе рук. Таму мяне зноў ахапіў жывёльны жах і, ужо больш не азіраючыся і не разбіраючы дарогі, я з усяе моцы пабег да бабулінага дома.