Уладзімір Мажылоўскі - Зніклая казна канфедэратаў стр 2.

Шрифт
Фон

— Пра Сіротку нам класны кіраўнік нешта расказваў.

— Дык вось, задумаў Радзівіл пабудаваць тут драўляную капліцу. Сабраў сялян, аб’явіў ім сваю волю, а для агульнага кіраўніцтва ўпраўляючым прызначыў мясцовага дойліда Піліпа Бабра, якому акрамя блаславення перадаў вялікую суму грошай на будаўніцтва. — Дзед зноў паглядзеў на ўнука, удакладніў: — Заўваж, так кажуць, а як дакладна было на самай справе, ніхто не ведае. Але слухай далей. Дык вось, Радзівіл зрабіў распараджэнні і з’ехаў у Вільню, а яго служкі, якія засталіся ў Стваловічах, задумалі загубіць Бабра — не спадабалася ім, што Піліп стаў на будоўлі галоўным, што яму, а не ім, князь даверыў куфар з серабром. Доўгі час яны сачылі за дойлідам, а калі даведаліся, што ўсе княжыя грошы Піліп захоўвае ў сябе дома, вырашылі іх скрасці і падзяліць між сабой. Некалькі разоў яны спрабавалі адчыніць замок, збіць або перарэзаць яго дужку, аднак усе іх намаганні былі марнымі. І тады яны прымянілі апошнюю, самую подлую і самую бязлітасную зброю — паклёп. Яны напісалі князю, што будаўніцтва капліцы ідзе марудна, бо Піліп Бабёр на працы амаль не бывае, а княжыя грошы прапівае ў карчме з сябрамі ці раздае распусніцам. I Радзівіл паверыў — праз некалькі месяцаў з’явіўся ў Стваловічах са сваім казначэем.

Пакуль князь аглядаў амаль пабудаваную капліцу, казначэй перагледзеў усе рахункі, пералічыў грошы і хутка далажыў свайму ўладару, што злоўжыванняў у Бабра не знайшоў, што наадварот — Піліп па-гаспадарску, ашчадна і беражліва расходваў яго серабро.

Такая звестка ўзрадвала князя, а паколькі і капліца яму вельмі спадаба­лася, то ён загадаў: Піліпа Бабра шчодра ўзнагародзіць, а яго зайздроснікам адрэзаць языкі, каб яны больш не пляткарылі, і каб гэта было навукай іншым.

А Піліп, атрыманую ад князя даволі немалую ўзнагароду, ахвяраваў капліцы, аднак, калі ў 1610 годзе на месцы капліцы Мікалай Сіротка для свайго сына Караля пачаў будаваць драўляны касцёл святых Марыі і Яна, грошай там ужо не было, і куды яны падзеліся — невядома.

— Князь іх і забраў, — нясмела выказаў сваю здагадку Міколка.

— Для Радзівіла сотня-другая коп грошай — гэта дробязь, не вартая ўвагі. Да таго ж Сіротка, кажуць, быў вельмі набожным чалавекам, — стары на імгненне задумаўся, потым, па-добраму ўсміхнуўшыся, прадоўжыў: — Памятаю, мне расказвала мая бабуля, што ў сутарэннях касцёла ёсць патаемны пакой, ключ ад якога або недзе надзейна схаваны або даўно згубіўся...

— Цікава, я такой легенды не чуў.

— А якую ты чуў?

— Хлопцы расказвалі, што быццам бы пасля бітвы, якая адбылася пад Стваловічамі паміж войскам Суворава і гетмана Агінскага, прапала казна канфедэратаў. Быццам бы тады яна захоўвалася ў нашым касцёле і быццам бы яе да гэтага часу так і не знайшлі.

— Ведаю я гэтую легенду, але лічу яе не праўдзівай, бо пасля той бітвы Сувораў загадаў кожнаму яе ўдзельніку выдаць па рублю ўзнагароды, а ў XVIII стагоддзі рубель быў немалымі грашыма.

— I адкуль ты ўсё ведаеш?

— Я пражыў доўгае жыццё, — сумна ўсміхнуўся дзед. А праз секунду сур’ёзна дапоўніў: — Я сябраваў з былым вашым настаўнікам гісторыі, вось ад яго і даведаўся шмат цікавага з мінуўшчыны і нашай вёскі, і нашай радзімы ў цэлым.

Хлопчык, пачуўшы гэта, задумаўся. Доўга маўчаў, потым сказаў:

— Дзядуля, а ці знойдзецца гэты скарб, як ты думаеш?

— Цяжка сказаць, — адказаў дзед. — Але... — I ён змоўк, не ведаючы пэўнага адказу.

2

— Амаль у кожнага з нас ёсць такія сакрэты, якія не дазваляюць аб сабе расказваць, і здараецца, што на сумленні паважанага чалавека, добрага бацькі і сем’яніна, ляжыць такая жахлівая тайна, якую немагчыма раскрыць нават перад варотамі ў вечнасць і якую чалавек забірае з сабой у магілу. Вось чаму некаторыя злачынствы так і застаюцца на доўгі час не раскрытымі.

— На шчасце ў нас з табой такіх спраў няма, — капітан міліцыі Юрый Дуброўскі перастаў пісаць рапарт, падняў вочы на свайго напарніка старшага лейтэнанта Сяргея Кармухіна, пацікавіўся:

— А чаму ты аб гэтым загаварыў менавіта зараз? Няўжо яшчэ не можаш паверыць, што дырэктар Селязнёў сам арганізаваў рабаўніцтва сваёй крамы?

— Гэта версія, калі ты памятаеш, у нас з самага пачатку расследвання была ледзь ці не самай галоўнай, — Сяргей Кармухін узяў у рукі пажаўцелую ад часу газету і патрос ёю ў паветры. — Я ж ніяк не магу супакоіцца. Твая здагадка, што і дзед гэтага дырэктара быў злачынцам, што ён яшчэ да рэвалюцыі, ажно ў 1912 годзе, таксама абрабаваў ювелірную краму ў Вільні не дае мне спакою! I сваю здагадку ты абгрунтаваў, знайшоўшы толькі вось гэтую старую газету, на якую ніхто з нас не звярнуў аніякай увагі.

— А дарэмна — старыя рэчы многае могуць расказаць аб сваіх гаспадарах, іх нораве, звычках, характары, — сціпла ўсміхнуўся ў адказ Дуброўскі. — А мая здагадка наконт таго даўняга рабаўніцтва чыста выпадковая і дывідэндаў нам з табой ніякіх не прынясе.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора