Уладзімір Мажылоўскі - Зніклая казна канфедэратаў стр 17.

Шрифт
Фон

— І жартаваць так не трэба.

— А вы верыце, што душа не памірае, што яна вечная?

— Я не веруючы. І не магу сказать, ёсць Бог ці няма яго, прыходзіў Ён на зямлю, каб удыхнуць у чалавека душу, душэўную муку і падсказаць яму шлях вызвалення ад слепаты сваёй ці аб гэтым толькі ў Бібліі і напісана, — сказаў Сяргей Мікалаевіч і паморшчыўся.

— Штосьці настрой у вас сёння кепскі. Няўжо газетны артыкул так падзейнічаў?

— Нармальны настрой, — заспакоіў хлопца настаўнік. — А той артыкул мяне толькі павесяліў.

Уваходныя дзверы ў царкву былі зачынены на звычайны навясны замок, які, як заўважыў Юрый, лёгка можна было б адчыніць і пазногцем.

Географ дастаў ключ, адамкнуў замок і першым у будыніну прапусціў хлопца. Юрый зайшоў у царкву, пачакаў, пакуль вочы прызвычаяцца да паўзмроку, агледзеўся і адразу ўспаміны далёкага дзяцінства ахінулі яго істоту. Як і дваццаць гадоў таму, памяшканне было завалена паламанымі дошкамі, памятымі металічнымі бочкамі, мяшкамі з цэментам і яшчэ нейкім друзам, і над усім гэтым лунаў рэзкі пах гнілля і цвілі.

— Нічога тут не змянілася за дваццаць гадоў, — адзначыў ён услых. — Час быццам застыў, спыніўся.

— Ну не скажыце. Час павольна, але рухаецца наперад і хутка гэтую царкву ўлады перададуць вернікам. Ва ўсялякім разе айцец Анатолій сцвяржае так, — адазваўся на словы хлопца настаўнік. Потым ён уключыў ліхтарык і, асцярожна абыходзячы перашкоды, першым рушыў у кірунку ўвахода ў падвальныя памяшканні.

Юрый крочыў следам, а перад уваходам у падвал, раптам успомніў свой

сон:

— Сяргей Мікалаевіч, а ў падвал можна зайсці з вуліцы?

— Там ёсць уваход, аднак ён даўно наглуха забіты дошкамі, ды і прыступкі там разбіты ўшчэнт.

Настаўнік асцярожна спускаўся ўніз. Уключыў свой ліхтарык і Юрый.

Выкладзенае з чырвонай цэглы падвальнае скляпенне і сцены, зробленыя з такой жа цэглы, ніколькі не пацярпелі ад часу і выглядалі, быццам зрабілі іх не трыста, а два-тры гады таму. «А ці змагла б сучасная цэгла вытрымаць такую нагрузку? Пэўна, праляжаўшы гадоў з дзесяць у зямлі, яна проста рассыпалася б на кавалкі», — падумаў хлопец, а ўслых запытаўся:

— А ці бамбілі вашу вёску ў час апошняй вайны?

— Вас цікавіць, ці вытрымалі б гэтыя скляпенні бамбёжку? — удакладніў настаўнік і адразу ж адказаў: — Вытрымалі б. Праўда, вёску нашу, дзякуй богу, ні разу не бамбілі. Хаця, недзе ў пачатку ліпеня 1944 года, нашы самалёты разграмілі нямецкую калону на падыходзе да Стваловічаў, тыя нават часовы шпіталь тут, у царкве, арганізавалі. Але вечарам пагрузілі сваіх параненых на калёсы і з’ехалі ў бок Баранавічаў... А раніцай наступнага дня ў вёску ўступілі чырвонаармейцы.

Сяргей Мікалаевіч зайшоў у першае памяшканне, няўпэўнена асвяціў ліхтарыкам яго падлогу, сцены, столь, спыніўся:

— Як будзем шукаць патаемны ход? — чамусьці паўшэптам запытаўся ў свайго напарніка і сам жа сабе адказаў:

— За трыста гадоў гэтыя сцены, пэўна, столькі разоў абстуквалі і пільна аглядалі, што нам трэба прыдумаць нешта іншае.

— Узарваць іх хіба!

— У шасцідзясятыя гады царкву і сапраўды хацелі ўзарваць, аднак людзі не дазволілі.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора