— Так, учора я бачыў яго з тачкай, поўнай рознага друзу.
— Дык гэта наш мясцовы блазнаваты, дурнічка Федзя. З’явіўся ў Стваловічах не так даўно, гадоў з пяць таму, прыбіўся да старой Мікіціхі, так з тых часоў у яе і жыве. Калі тая працавала прыбіральшчыцай у аптэцы, то ён амаль кожны дзень ёй дапамагаў. Зараз яна там ужо не працуе, а ён, па звычцы, усё яшчэ прыбірае ля аптэкі, ды і па вёсцы збірае смецце. Ціхі і бясшкодны чалавечак, пакорлівае божае стварэнне.
Бабуля паставіла на стол яечню, смятану, хлеб, запыталася:
— Чым сёння займацца думаеш?
— Буду дома, а апоўдні схаджу ў госці да Сяргея Мікалаевіча.
— Пасябраваў з нашым географам? — бабуля адабральна ўсміхнулася ўнуку. — Ён чалавек нядрэнны, чэсны і справядлівы. Вучні яго любяць.
— А я думаў, што ён гісторык.
— Гісторыяй ён заразіўся ад Міколы Тырліцкага. Разам збіраліся напісаць грунтоўны летапіс Стваловічаў. — Бабуля напоўніла кубак гарбатай, паставіла яго на стол:
— Ну ты снедай, а я пайду пагляджу гаспадарку.
7
Апоўдні Юрый, як і абяцаў, быў каля царквы. Сяргей Мікалаевіч чакаў яго на лаве ў засені старой, разгалістай бярозы і, мяркуючы па раённай газеце, якая ляжала побач з ім, чакаў даўно.
— Прашу прабачэння за затрымку, — паціскаючы цвёрдую руку настаўніка, прамовіў Юрый. — Я чамусьці лічыў, што апоўдні — гэта гадзіна дня.
— Яно так і ёсць. Я ж выйшаў раней, каб крыху прагуляцца, пабольш пабыць на свежым паветры, урэшце, пачытаць мясцовую прэсу.
— А дома не так чытаецца?
— Дома ад першых радкоў адразу на сон цягне, — чамусьці саркастычна засмяяўся Сяргей Мікалаевіч. — Вось глядзіце, — ён падхапіў газету, паказаў хлопцу невялікі артыкул. — У мінулым, 1984 годзе, абяцалі па ўсёй нашай вёсцы правесці водаправод, і тут зноў абяцаюць тое ж самае. Дома адкінуў бы такое чытво куды далей, а тут не — трэба дацярпець, дачытаць.
Юрый некалькі секунд глядзеў на артыкул, аднак нічога ў ім так і не зразумеўшы, пацікавіўся:
— А вы ліхтарык не забыліся?
— Не забыўся, — настаўнік паказаў вачыма на торбу, якая ляжала на лаве. — Узяў і ліхтарык, і запалкі, і пару свечак на ўсялякі выпадак.
— Ну тады пайшлі ў царкву, — прапанаваў хлопец. — Патрывожым душы памерлых, і ў першую чаргу — душу ксяндза Дзюрдзевіча.
Сяргей Мікалаевіч падхапіў торбу, паклаў у яе газету і, дагнаўшы Юрыя, заўважыў:
— Не трэба, Юрый Міхайлавіч, без пільнай на тое патрэбы ўспамінаць пра душы памерлых, не любяць яны гэтага, ды і не прыгожа гэта.
— Я ж жартам.