— Тады і нам не застаецца іншага выйсця, як абстукаць сцены і падлогу.
Сяргей Мікалаевіч уздыхнуў, нахіліўся, падняў з падлогі кавалак цаглі-
ны, яшчэ раз уздыхнуў і нямоцна пачаў грукаць па сцяне. Тое ж зрабіў і Юрый.
Праз некалькі гадзін безвыніковай работы, мужчыны вярнуліся да зыходнага пункта.
— Усё ж няма тут патаемнага хода, — расчараваны настаўнік быў невясёлы. — І нашы намаганні не маюць сэнсу.
— Дзе ж тады Дзюрдзевіч хаваў куфэрак з золатам? Якім шляхам уцякалі з нямецкага палону чырвонаармейцы ў пачатку вайны?
Настаўнік паціснуў плячыма і прамаўчаў. А Юрый пачаў разважаць услых:
— Калі тут ёсць патаемны ход, то ён уяўляе сабой доўгую трубу, у якой нават летам павінна быць цяга. А гэта азначае, што калі мы запалім свечку і асцярожна будзем пераносіць яе з пакоя ў пакой, то па адхіленні полымя ўбачым напрамак на гэты ход. А там, магчыма, дадумаемся, як адчыніць яго.
— Давайце паспрабуем, — ажыў настаўнік. Ён падхапіў свой клунак, дастаў з яго свечку і запалкі і праз некалькі секунд са свечкай у руках зноў пачаў павольна абыходзіць падвальныя пакоі.
Язычок свечкі гарэў роўна, і гэта мужчын зусім не радавала.
— Усё ж, пэўна, я нешта не дадумаў, — у голасе Юрыя ўжо не гучала ранейшая ўпэўненасць.
— Ды няма тут ніякіх патаемных пакояў.
— Пра пакоі не ведаю, а ход павінен быць абавязкова, — задумліва прагаварыў хлопец, а праз некалькі імгненняў ён ляпнуў сябе далонню па лбе:
— Калі ход ёсць, то ён павінен весці да плябаніі. Таму гэтак жа можна праверыць і падвалы аптэкі.
— Аптэка сёння і заўтра выхадная.
— Дрэнна, — Юрый пачухаў патыліцу. — Аднак, аптэка знаходзіцца ў тым баку, значыць, ход да яе зручней за ўсё весці вунь з таго пакоя.
— У тым пакоі калгаснікі некалькі разоў бачылі прывід.
— Цікава.
— Аднойчы, гады чатыры таму, калгасныя будаўнікі бралі тут цэмент і бачылі здань мужчыны, які быццам бы бясшумна прабег па падвале і знік проста ў сцяне. Потым дзяцей напалохаў прывід, які раптоўна з’явіўся перад імі і гэтак жа раптоўна знік у той жа самай сцяне.
— Значыць, мая здагадка правільная, і патаемны ход трэба шукаць менавіта там.
Настаўнік спрачацца не стаў. Ён падышоў да сцяны і стаў павольна вадзіць ля яе свечкай. Праз некалькі хвілін ён спыніўся, ціха войкнуў:
— Глядзіце сюды, Юрый Міхайлавіч!