— Вельмі проста. Пасля вайны царква доўгі час была без гаспадара і мясцовыя людзі бралі з яе на ўласную гаспадарку ўсё, што можна было панесці на плячах ці вывезці на калёсах: дошкі, каменне, цэглу. Нехта выбіў з петляў і дзверы ў падвал, таму зараз там усё расчынена, разбіта і паламана.
— У шасцідзясятых гадах там быў нейкі склад, — успомніў сваё дзяцінства Юрый.
— Ён там і сёння. Але ад вонкавага замка ў мяне ёсць ключ і, пры неабходнасці, мы без цяжкасцяў можам наведаць царкоўнае падзямелле.
— Толькі не сёння, — Юрый падняўся з табурэта, падзякаваў за гарбату. — Магчыма, заўтра, бо мяне дома бабуля ўжо зачакалася, а я яшчэ і ў краму не схадзіў, і лазню не вытапіў.
— Што ж, — Сяргей Мікалаевіч таксама падняўся з-за стала. — Вельмі цікава і не менш карысна было з вамі пагаварыць. З нецярпеннем буду чакаць вас заўтра апоўдні каля царквы.
— Паспрабую не спазніцца.
Мужчыны развіталіся па-сяброўску.
6
Спаў Юрый неспакойна. Ці то падзеі апошняга дня ўзрушылі яго душэўнае хваляванне, ці то сон на новым месцы, ці то лазня і сытная вячэра пасля яе, аднак за ноч ён некалькі разоў прачынаўся з прадчуваннем нейкай незразумелай трывогі ў грудзях. Быццам хтосьці нябачны і халодны стаяў побач з яго ложкам і раз-пораз спрабаваў у начной цішы дабрацца да яго сэрца, выняць з яго душу, і ён, Юрый, не мог ад яго абараніцца. Ды што там абараніцца! — адмахнуцца, застагнаць не мог, скаваны гэтым прадчуваннем. Спачатку думаў, што гэта піва, якога ён выпіў пасля лазні, здаецца, больш звычайнага, аднак пасля зразумеў — трывожны камяк расцякаецца холадам вышэй, у самай сярэдзіне грудзей, там, дзе па словах айца Анатолія, знаходзіцца душа. Зразумеў і насцярожыўся. Стаў больш пільна прыслухоўвацца да сябе. Нават, калі драмаў, сачыў за сваім станам. І скрозь дрымоту, у сне, зноў і зноў паўставала перад ім карціна, як ён у адзіноце з шабляй у руках адбівае лютыя напады салдат у незнаёмай яму форме і з твару падобных на неахайнага мужычка, які ўчора днём пытаўся запалкі; як па-зладзейску, ззаду, яго б’юць у спіну штыком, як праз рану ў яго цела пранікае холад і ўжо няма паратунку ад гэтага холаду. Але не. Маладая, прыгожая жанчына з яго дзяцінства, якая ўзнікла ніадкуль, проста з паветра, асцярожна і пяшчотна падхоплівае параненага на рукі і, бы малое дзіця, нясе да нейкай будыніны, так падобнай на стваловіцкую царкву, і перадае на рукі святару ў доўгім плашчы. Жанчына паблажліва ўсміхаецца, а святар несе яго прама ў падвал храма. Там няўлоўным рухам ён націскае на нейкі механізм і чакае, пакуль частка сцяны не павернецца і не прапусціць іх у невялічкі пакойчык з лежаком. І ўсё адбывалася, быццам увачавідкі, наяве. Паранены хацеў запытацца ў святара, хто ён, аднак не змог прамовіць і слова. А святар паклаў яго на ляжак, прашаптаў: «Беражы свой род!», перажагнаў і, як і жанчына, растварыўся. Юрый спалохаўся, хацеў крыкнуць, чаму яны яго пакідаюць тут аднаго, без дапамогі, аднак не змог гэтага зрабіць, а хутка яму і наогул стала сорамна за сваё маладушнае памкненне, за свой страх — скрозь сон ён адчуў, як лагоднае цяпло разлілося па яго целе, як лёгка стала на сэрцы і зразумеў, што з гэтага імгнення ён выратаваны, звязаны моцнымі повязямі не толькі з незнаёмымі яму святаром і жанчынай, а і са сваім мінулым, з мінулым свайго народа, і што тут, у гэтыя начныя хвіліны, роднасць, бязмежная блізкасць іх душаў, высакароднасць іх душэўнага жыцця яшчэ больш умацаваліся, яшчэ больш выраслі.
Нічым іншым потым не мог растлумачыць Юрый свае начныя бачанні. Душэўныя повязі з продкамі, з мінулым свайго роду! Дастаткова абламаць адну нязначную, бакавую галінку радавога дрэва і твой лёс можа крута змяніцца, абрынуцца ў прорву, ушчэнт разбіцца. І хай сабе, калі абрынешся ты адзін. Але ж з сабой ты пацягнеш туды і сваё будучае, сваіх дзяцей і ўнукаў, якія яшчэ не нарадзіліся.
Прачнуўся Юрый рана. Ён чуў, што бабуля ўжо корпаецца на кухні. Асцярожна, каб толькі не патрывожыць яго сон, мые посуд, штосьці чысціць і рэжа — гатуе яму сняданак. Ён жа ляжаў у ложку і разважаў. Так ён любіў рабіць і дома — ляжаць і думаць у ранішняй цішы, калі галава яшчэ свежая, не затуманена рознымі дзённымі праблемамі, клопатамі і турботамі.
А думак хапала. «Беражы свой род!» — успомніліся, з новай сілай загучалі ў ім словы святара. Святар, здаецца, сказаў толькі гэтыя тры словы, а аднекуль з памяці разам з імі выплылі і іншыя развагі, чутыя раней: «Жыццё кожнага чалавека нагадвае свечку, запаленую ў памяць аб яго дзядах. Пакуль яна гарыць — чалавек жыве і памяць аб мінулых пакаленнях жыве разам з ім. Калі яна дагарыць, то яе полымя ўспыхне ў яго дзецях і ўнуках, і ўжо яны стануць носьбітамі радавой памяці, будуць ахоўваць сваё мінулае, імкнуцца дачасна не патушыць жывое полымя. І так бясконца: што ні жыццё, то агеньчык, а дагарыць свечка, пагасне агеньчык і адляціць чалавечая душа на Суд Божы».
Летнія ночы кароткія. Здаецца, толькі-толькі зусім нядаўна заплюшчыў вочы, а ўжо на дварэ раніца: недзе брэша сабака, кукарэкае певень, нясмела кліча гаспадыню карова. Ад гэтых гукаў начная чарната хутка расцякаецца па кутах, саступае месца шэрані, якая таксама пануе нядоўга і гэтак жа імкліва з сонечным святлом і рознагалосым птушыным хорам пераходзіць у летні дзень.
«Можна схадзіць сёння на рэчку, пакупацца», — пачаў планаваць выхадны дзень Юрый, аднак адразу ўспомніў пра абяцанне Сяргею Мікалаевічу. І адразу ўсплылі ў памяці малюнкі сну: бойка, раненне, жанчына, святар, покойчык у царкоўным падвале. Зноў прагучалі шэптам словы святара, аднак адразу ж аднекуль, бы сабачы брэх, да роздуму данесліся пякучыя пытанні: «А навошта мне гэта трэба?», «Што і каму я хачу даказаць?», «Якая мне справа да чужых праблем, чужога мінулага?» І тут жа ў процівавагу ўспомніліся ўчарашнія словы айца Анатолія: «Усё зло, якое здзяйсняецца ў свеце, зыходзіць з чалавечага сэрца. Зло зараджаецца, выспявае ў чалавеку. Ён яго песціць, выношвае, цешыцца ім, а затым яно горкім дажджом праліваецца на іншых». Не, так можна звар’яцець.
Юрый трасянуў галавой, з шумам выдыхнуў з сябе начныя кашмары і падхапіўся з ложка.
Калі ён з’явіўся на кухні, бабуля ўжо накрывала на стол. Павіталіся, крыху памаўчалі.
— Нешта спаў ты сёння неспакойна, — ставячы побач з блінамі сподачак мёду, між іншым, заўважыла бабуля. — Паўночы круціўся, мармытаў штосьці. Можа, на ложку бялізна жорсткая ці камары спаць перашкаджалі?
— Авечак лічыў, — пажартаваў хлопец і ўбачыўшы, што бабуля жарту не зразумела, дадаў сур’ёзна:
— Піва ўчора пасля лазні выпіў замнога.
— Табе навука на будучае, — стрымана ўсміхнулася жанчына, хаця па гэтай яе ўсмешцы, нацягнутай і няшчырай, Юрый зразумеў — бабуля яму ўсё роўна не паверыла. І таму, каб перавесці гутарку на іншую тэму, пацікавіўся:
— А што гэта за неахайны мужчына, са шнарам праз увесь лоб, бадзяецца па вашай вёсцы?
— З тачкай?