— Каб абяліць імя ксяндза, трэба спачатку даказаць, што ён не быў здраднікам і не ён вывеў царскіх салдат Суворава на лагер канфедэратаў.
— Па вялікім рахунку ў той паразе вінаватыя былі ўсе, хто дзеля грошай, улады, маёнткаў або іншай выгады, ці праз баязлівасць не сталі на абарону сваёй радзімы. А ці быў вінаваты ў той паразе канкрэтна ксёндз Дзюрдзевіч? Думаю, адказу на гэтае пытанне мы ніколі не атрымаем.
— А па ўскосных доказах?
Настаўнік здзіўлена паглядзеў на Юрыя, усміхнуўся, няўпэўнена паціснуў плячыма:
— У той дзень ішоў дождж, а ксёндз перад гэтым сур’ёзна прастудзіўся.
— Добра, але адкуль гэта вядома?
— Ёсць рапарт ад 14 верасня з Нясвіжа, у якім напісана: «Разбілі гетмана Агінскага ў пяць разоў мацнейшага за нас. Страціў ён усю сваю артылерыю і абозы, сотні з тры ў палоне, куды болей за тое забіта... Гетман рэціраваўся на чужым кане ў жупане, без ботаў, кажуць так!.. Наша страта невялікая, а забітых праціўніка пахавае мясцовы пробашч, калі зможа, бо ён увесь хворы і знясілены...»
— Калі верыць гэтаму запісу, то і праз балота расійскую армію правёў не Дзюрдзевіч. Аднак тут узнікае іншае пытанне: як знясілены і хворы чалавек змог вынесці з касцельнага падвала цяжкі куфар з золатам? — Юрый запытальна паглядзеў на Сяргея Мікалаевіча. — Або ў яго быў памочнік, або ён змог перацягнуць скрыню з каштоўнасцямі ў іншае, патаемнае месца!
— Я нават не думаў аб гэтым, — шчыра прызнаўся гаспадар кватэры.
— А царкоўныя сутарэнні вы ведаеце? Самі былі ў тых падвалах?
— Ды якія там сутарэнні! — бы ад зубнога болю зморшчыўся Сяргей Мікалаевіч. — Так, з дзясятак невялікіх падвальных пакойчыкаў. Праўда, у пачатку апошняй вайны немцы ў царкве часта трымалі палонных чырвонаармейцаў, і людзі расказвалі, што амаль кожны раз нейкім чынам частка палонных ратавалася, уцякала. А калі немцы заўважылі знікненне чырвонаармейцаў, то доўга шукалі патаемны ход, і не знайшоўшы яго, проста заварылі уваход у падвал і завалілі яго цяжкім каменнем.
Зноў на кухні наступіла цішыня. Зноў не было пэўнасці. Зноў першым цішыню парушыў Юрый і зноў пытанне яго гучала нечакана і нелагічна:
— А дзе жыў ксёндз Дзюрдзевіч? Дзе размяшчалася яго плябанія?
Настаўнік некалькі секунд няўцямна глядзеў на свайго суразмоўцу, усё
спрабаваў зразумець — ці не жартуе той з яго і ўрэшце зразумеўшы, што не жартуе, адмоўна хітнуў галавой:
— Дзе жылі ксяндзы, я не ведаю, а вось апошні стваловіцкі бацюшка жыў у доме, у якім зараз размяшчаецца аптэка.
— Гэта ж зусім побач з царквой!
— Так, непадалёку. Аднак якое дачыненне аптэка мае да царквы?
— Я не гісторык, але з кніг Дзюма ведаю, што ў сярэднявеччы ў Еўропе кожны замак меў патаемныя хады. З вашых слоў стваловіцкі касцёл у гонар Яна Хрышчэнніка ў пачатку XVIII стагоддзя муравалі італьянскія архітэктары і новы храм мусіў увасабляць велічнасць і магутнасць Мальтыйскага ордэна. А значыць, ён павінен мець некалькі патаемных хадоў, і ў царкве яны ёсць.
— Я пра іх нічога не чуў. Хаця... — Сяргей Мікалаевіч нешта ўспомніў, разгарнуў папку, пакорпаўся ў ёй, дастаў невялікі, пакамечаны ліст паперы, пачаў чытаць:
«З успамінаў Паўла Мікітавіча Хвастовіча: недзе ў васямнаццатым годзе я, тады яшчэ падлетак, чуў, як наш бацюшка даваў загады свайму работніку Паўлюку перанесці найбольш каштоўныя царкоўныя рэчы ў падвал і схаваць іх там у патаемным пакоі. Праз некалькі месяцаў пасля той размовы ў Стваловічы прыбыў атрад узброеных людзей. Што гэта былі за людзі, я не ведаю, але яны абрабавалі многіх сялян, а айца Кірыла збілі ў «горкі яблык». Аднак ні золата, ні срэбра ў царкве яны тады так і не знайшлі».
— А зараз можна папасці ў царкоўны склеп?