— Святар таксама чалавек, і ў Дзюрдзевіча, як я разумею, было некалькі родных пляменнікаў і сястра.
Настаўнік, не знаходзячы больш аргументаў на карысць ксяндза, нейкі час зверху ўніз глядзеў на госця, потым сеў на сваё ранейшае месца.
— Так, супраць Дзюрдзевіча сведчыць многа фактаў, але я веру яму. Веру, што грошы ён траціў выключна на бедных.
— А тысяча злотых пляменніку?
— Тое пазыка, — квола адмахнуўся гаспадар і зноў пачаў корпацца ў папцы. — Я ведаю вашы міліцэйскія прынцыпы: «Шукай, каму гэта выгадна!» і «Ідзі па слядах грошай!» — Урэшце ён знайшоў тое што шукаў і працягнуў Юрыю:
— Вось што піша пасля бітвы пад Стваловічамі ад’ютант Суворава Фукс: «. Усе коні іх драгунаў дасталіся нашым, так як і многія сцягі, экіпажы і казна з трыццаццю тысячамі чырвонных. Салдаты дзялілі паміж сабою мноства золата і срэбра...» — Сяргей Мікалаевіч расчырванеўся, яго рухі сталі рэзкімі, дыханне пераравістым — па ўсім было бачна, што ён вельмі хвалюецца, вельмі хоча, каб яго суразмоўца паверыў у невінаватасць ксяндза. — А вось яшчэ адзін доказ, — гаспадар паклаў перад хлопцам на стол чарговы ліст са школьнага сшытка. — Чытайце.
«Даследчык біяграфіі Аляксандра Суворава Петрушэўскі на пытанне, куды ж прапала казна гетмана Агінскага, прапанаваў свой адказ: “Ці не была гэта тая самая каса, якая нейкі час пазней была знойдзеная ў аднаго вясковага капелана разам з паперамі Агінскага, і поўнасцю ад яго адабраная?”
— Разумееце? Казна канфедэратаў, магчыма, і захоўвалася ў касцёле, бо ў той час банкаў не існавала, таму храмы і манастыры часта выконвалі іх функцыі і захоўванне грошай на дэпазіце ў касцёле ці манастыры было звычайнай з’явай. Але са слоў Петрушэўскага, усе грошы ў Дзюрдзевіча былі адабраныя. Гэта пацвярджае і ад’ютант Суворава.
— Але ж пляменніку тысячу чырвонцаў ён недзе знайшоў, — напомніў Юрый, — і я чамусьці думаю, што гэта былі не апошнія яго грошы. Ды і ў пісьме да сястры ксёндз упамінае пра нейкі куфэрак.
— Я таксама думаю, што той куфэрак яму не належаў і, магчыма, расійскія салдаты, калі выносілі казну Агінскага з касцельнага падвала, яго проста не заўважылі ў цемры і мітусні.
— Магчыма і так, — куткамі вуснаў усміхнуўся Юрый, хаця выдатна разумеў, што такога не можа быць, каб салдат не ўбачыў куфар з золатам.
Але гаспадар не звярнуў увагі на ўсмешку госця і, выцягнуўшы з папкі яшчэ адзін ліст, працягваў сваю думку:
— Даследчык творчасці Адама Міцкевіча Адольф Кабылінскі яшчэ мог размаўляць з людзьмі, якія памяталі бітву пад Стваловічамі. Ён асабіста апытваў у 1838 годзе старога ксяндза Грынашкевіча, які быў пробашчам
Задзвейскім і дэканам Стваловіцкім. На пытанне, чаму Адама Міцкевіча, які нарадзіўся ў фальварку Завоссе, хрысцілі не ў парафіяльным стваловіцкім касцёле, а павезлі аж у Наваградак, ён адказаў: «Тады, у 1798 годзе, святаром у Стваловічах быў айцец Дзюрдзевіч — вельмі непапулярны не толькі ў сваіх вернікаў, але і ва ўсёй акрузе, быў ён вялікім суцяжнікам, судзіўся з усімі. А яшчэ тады была пашыраная чутка, што гетман Агінскі перад бітвай пры Стваловічах пакінуў яму на дэпазіт сваю скрыначку з каштоўнасцямі і золатам. Калі ён прайграў бітву, калі яму прыйшлося бегчы за мяжу, шкатулка гэтая ўжо ніколі не ўбачыла свайго ўладальніка...»
— Ну вось і доказ.
— Доказ чаго? — паціснуў плячыма немалады настаўнік.
— Доказ таго, што ў ксяндза былі немалыя грошы.
— Але не доказ яго здрады, бо вось яшчэ адзін запіс з успамінаў пана Адольфа Кабылінскага: «Свае незлічоныя скарбы Дзюрдзевіч адпісаў на розныя добрыя справы: школы, касцёлы, кляштары, бальніцы для бедных», — гаспадар адарваў позірк ад паперчыны, сумна хітнуў галавой: — Праўда, зламыснікі і ў гэтым убачылі сведчанне яго віны — маўляў, такім чынам ён спрабуе замаліць перад смерцю свае грахі!
— Цяжка даказаць адваротнае, калі няма сведкаў і прайшло дзвесце гадоў, — пагадзіўся Юрый. — Аднак навошта вам, паважаны Сяргей Мікалаевіч, варушыць тыя даўнія падзеі? Дзюрдзевіч ваш продак ці, можа, яго спадкаемцы спадзяюцца знайсці тут рэшткі золата Агінскага?
— Пра яго спадкаемцаў я нічога не ведаю, ды і ніколі не было ў мяне мэты адшукаць іх. Сам жа Валяр’ян Дзюрдзевіч памёр у веку 89 гадоў 9 лістапада 1798 года і быў пахаваны ў капліцы пад алтаром у стваловіцкім касцёле, якому ён аддаў больш за 30 гадоў жыцця. Таму мне і крыўдна, што ксёндз Дзюрдзевіч цалкам забыты, і нават выдаткаваныя ім на дабрачыннасць сотні тысяч злотых не дапамаглі яму здабыць вечнага добрага імя ў нашчадкаў.
— І вы хочаце праз дзвесце гадоў вярнуць яму яго добрае імя?
— Хачу, — рэзка хітнуў галавой настаўнік.