У 1740 г. пачалося будаўніцтва галоўнага храма Стваловіцкай камандорыі Мальтыйскага ордэна — велічнага мураванага касцёла Яна Хрысціцеля, святога ахоўніка шпітальераў.
Пасля падаўлення нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 г. каменны будынак касцёла Іаана Хрысціцеля на ўрадавыя сродкі (каля 10 000 руб.) быў перабудаваны і пераасвечаны ў праваслаўную царкву.
Падчас перабудовы былі страчаны ажурныя тэлескапічныя вежы і фігурныя франтоны на гарызантальных ярусах фасада, на будынку з’явілася пяцікупалле, у франтоннай частцы — званіца з 7 званамі. Падчас прыстасавання будынка пад царкву былі знішчаны таксама арган, амбон, тры драўляныя іканастасы, галоўны з іх налічваў 22 абразы, размешчаныя ў 4 рады, а два астатнія — 11 абразоў, размешчаныя ў два рады. Многія з абразоў былі ўпраўлены ў срэбныя аклады.
У храме быў багаты царкоўны рыштунак: срэбны літургічны посуд, срэбны напрастольны крыж, срэбная даразахавальніца і тры Евангеллі з прыгожымі срэбнымі і пазалочанымі ўпрыгожваннямі. Тут жа захоўваліся і два экзэмпляры старажытных нотных рукапісаў царкоўных песнапенняў з поўным тэкстам усіх вершаў. Большасць каштоўнасцей незразумелым чынам знікла. У 1915 г. з храма была вывезена ў Расію і цудадзейная скульптура Маці Божай Ларэтанскай... »
— Я і не думаў, што ў рэлігійных храмах захоўваецца столькі каштоўнасцей, — хмыкнуў Юрый і адклаў убок стос ужо прачытанных ім лістоў. — ...А яшчэ ў сакрысціі храма захоўваліся некаторыя каштоўныя творы дэкаратыўна-прыкладнога культавага побыту: барочны рэлікварый XVIII стагоддзя, пасярэбраная і пазалочаная латунь, старажытны пяціражковы падсвечнік, міраносіца ХІХ стагоддзя і многае што іншае. Адным словам, для крыміналу глеба тут вельмі ўрадлівая», — Юрый узяў у рукі асобны лісток.
«Паданне пра мадонну Ларэтанскую», — прачытаў ён услых, задумліва зрабіў яшчэ некалькі глыткоў з кубка і нечакана для сябе расказаў Сяргею Мікалаевічу гісторыю са свайго дзяцінства.
Настаўнік слухаў госця ўважліва, не перабіваючы яго і не ўдакладняючы, а калі той закончыў, сціпла ўсміхнуўся:
— Вы ўжо трэці, ад каго я чую нешта падобнае і скажу шчыра: вам дапамагла Божая Маці, цудадзейная Ларэтанская мадонна — недарэмна духоўным асобам Ларэтанскага касцёла Радзівіл Сіротка заплаціў золатам столькі, колькі важыць сама скульптура, — гаспадар сумна ўсміхнуўся, чамусьці цяжка ўздыхнуў, падняўся з-за стала і падышоў да акна. Нейкі час ён моўчкі глядзеў на пустую вуліцу, потым сказаў:
— І наша сустрэча ля царквы, думаю, адбылася зусім не выпадкова.
— Наша сустрэча з вамі, Сяргей Мікалаевіч, — чыста выпадковая, — заспакоіў гаспадара Юрый. — Але ж вы мне абяцалі паказаць ліст ксяндза да сваёй сястры. Што ў ім цікавага?
— Нічога асабліва цікавага ў ім няма, — Сяргей Мікалаевіч узяў у рукі папку, пакорпаўся ў ёй, дастаў невялікі пажаўцелы ліст паперы. Ліст быў пакамечаны, крыху надарваны. Чарніла, якім былі напісаны літары, ужо змяніла свой колер з чорнага на серабрыста-барвовы, аднак почырк аўтара з завіткамі і націскам застаўся нязменным. Гаспадар працягнуў ліст Юрыю:
— Проста цяжка паверыць, што здраднік пісаў бы такія словы сваёй сястры.
— А вы ведаеце, што многія крымінальнікі ў турме становяцца веруючымі?
— Вы хочаце сказаць.
— Я нічога не хачу гэтым сказаць, а проста канстатую факты. — Юрый узяў у рукі пісьмо, крыху палюбаваўся на завітушкі літар, пачаў чытаць:
«.. .Павер, Каця, я не баюся касых позіркаў прыхаджан, я нават не звяртаю ўвагі на адкрытыя абразы з іх боку, бо асуджаць і судзіць мяне можа толькі той, хто працуе для будучага, на карысць сваёй радзімы. Такіх тут амаль няма, або я, магчыма, іх проста не ведаю. Іншая справа — як разумець гэтую карысць! Я часта думаю, чым з’яўляецца той куфэрак, які дастаўся мне па волі лёсу (а мо, — д’ябла?) і які служыць зараз крыніцай дапамогі сірым і нямоглым — выпрабаваннем або спакусай? Таму і пакляўся я перад алтаром, што буду траціць золата і каштоўнае каменне з яго толькі на добрыя справы, хаця мне падаецца, што добрыя справы — гэта ўпрыгожаныя словамі і пустымі заклікамі злосныя дзеянні, а злосныя справы — незразумелыя многімі, нерастлумачаныя належным чынам добрыя ўчынкі і пачынанні. Сам жа чалавек мне нагадвае дрэва: чым больш ён цягнецца да сонца, да святла, да дабра, тым мацней паглыбляецца яго карэнне, тым далей яно ўваходзіць у зямлю, у цвіль і змрок, прыбліжаецца да пекла. Магчыма, таму тыя, хто прывык поўзаць на жываце, не бачаць і не разумеюць тых, хто ўмее лётаць, хто можа падняцца вышэй за свае летуценні.
Учора ў мяне быў Ігнат, прасіў пазычыць яму на аплату арэнды Старчыцаў 1100 чырвонных злотых. Зноў прыйшлося трывожыць куфэрак — як жа адмовіць хай і няўдзячнаму, але роднаму пляменніку? Як не дапамагчы яму? Хаця і разумею, што мая дабрыня — гэта крыж, на якім я даўно жыўцом укрыжаваны.
Смешна падумаць і яшчэ цяжэй зразумець, чаму самым балючым, самым жорсткім чынам чалавек караецца за свае добрыя ўчынкі. Але я веру, што там, дзе найбольш балюча мяне б’е лёс — там хаваецца маё шчасце. Я — слабы чалавек, я ўсё ж дазволіў дабрыні перамагчы сябе і таму ўсё злоснае і каварнае, што толькі ёсць ува мне і вакол мяне, пачынае жорстка і бязлітасна помсціць...»
Юрый прачытаў ліст, на імгненне задумаўся, потым яшчэ раз яго прагледзеў і падаў настаўніку. Той узяў паперчыну, паклаў яе ў папку і пацікавіўся:
— Як вы думаеце — можа такі чалавек здрадзіць?
— А чаму і не? — паціснуў плячыма Дуброўскі. — Я магу прывесці вам дзясяткі прыкладаў, калі людзі збівалі, а то і забівалі сваіх родных за тры рублі, за пляшку гарэлкі. А тут цэлы куфар золата!
— Ён быў святаром.