Уладзімір Мажылоўскі - Зніклая казна канфедэратаў стр 11.

Шрифт
Фон

— Я не жанаты.

Сяргей Мікалаевіч з цікавасцю паглядзеў на хлопца, разгублена заміргаў, паціснуў плячыма, гэтак жа няўпэўнена прамовіў:

— Яно і правільна. Жаніцца трэба тады, калі моцна стаіш на нагах, калі дакладна ведаеш, што табе ад жыцця трэба. А так, сёння ажаніўся, заўтра — разышоўся. Не-е, жаніцца трэба адзін раз і на ўсё жыццё, якім бы яно ні было складаным!

Гаспадар адамкнуў просценькі навясны замок, адчыніў дзверы, прапусціў наперад госця.

Не зважаючы на дзённую спёку, у хаце было прахалодна і ўжо ад гэтага — утульна. Юрый спыніўся ля парога, агледзеўся.

Хата мела тры невялікія пакойчыкі і куханьку. У пярэдняй стаялі трумо і шафа, на сценах — дзве вешалкі, крыху далей — звычайная вясковая печка.

— І вам зімой хапае цяпла ад гэтай печкі? — пацікавіўся хлопец.

— А ў нас ёсць яшчэ адна печка на кухні, — зусім не здзівіўся пытанню гараджаніна гаспадар. — Мая жонка зараз гасціць у горадзе, таму вы не звяртайце ўвагі на беспарадак і праходзьце на кухню.

На кухні акрамя печкі месціўся недарагі стандартны кухонны набор мэблі, халадзільнік і газавая пліта. Юрый агледзеўся — чыста, утульна, зусім не скажаш, што настаўнік нейкі час жыве адзін, і гэта назіранне павялічыла павагу да гаспадара.

Хутка на кухні з’явіўся і сам Сяргей Мікалаевіч з трыма звычайнымі папяровымі папкамі ў руках. Папкі ён паклаў на стол перад госцем: «Знаёмцеся». Сам жа паставіў на газавую пліту чайнік, падпаліў пад ім газ і, пакуль грэлася вада, дастаў з шуфляды місу з цукеркамі і пячэннем, а з халадзільніка — бутэрброды з сырам і каўбасой. Выставіўшы ўсё гэта на стол, ён агледзеў кухню, аднак больш нічога вартага не прыдумаў, таму падышоў да стала і сеў насупраць Юрыя.

— У гэтых папках знаходзяцца звесткі не толькі пра ксяндза Валяр’яна. Калісьці я разам з нашым гісторыкам Мікалаем Казіміравічам Тырліцкім хацелі напісаць летапіс Стваловічаў. Мы сабралі шмат матэрыялаў, успамінаў, розных плётак і казак пра вёску і яе ваколіцы, аднак Мікалай Казіміравіч раптоўна памёр, а многія паперы і запісы, якія ў яго захоўваліся, выпадкова былі знішчаны.

Тлумачэнні гаспадара перапыніў непрыемны свіст чайніка. Сяргей Мікалаевіч рэзка падхапіўся з месца, выключыў газ, асцярожна ўзяў чайнік, пачаў разліваць па кубках кіпень. Пры гэтым ён не пераставаў гаварыць:

— У нас з Мікалаем Казіміравічам было своеасаблівае раздзяленне працы: я збіраў звесткі пра вёску, пра нашых знакамітых землякоў, ён — пра царкву і касцёл. Пра бітву пад Стваловічамі мы неяк і забыліся, хаця і ў мяне, і ў яго пра яе сабралася даволі шмат інфармацыі.

Юрый амаль не слухаў тлумачэнняў гаспадара. Ён ужо дакараў сябе за тое, што паддаўся яго просьбе і прыйшоў да амаль незнаёмага чалавека ў госці. Ну якая яму справа да мінулага гэтай вёскі? Развіваецца яна, прыгажэе — ну і дзякуй богу! Пра ксяндза Дзюрдзевіча паслухаць цікава. Як ён жыў дзвесце год таму, як вёў набажэнствы, хрысціў малых і адпяваў памерлых, аднак такая ў яго была праца. А тое, скраў ён золата князя Агінскага ці не — не вядома, ды і хто зараз тое дакажа. Хаця!.. Думка пра збор доказаў устрапянула хлопца. У Юрыю прачнуўся міліцыянер. Ён адсунуў убок пульхную папку з надпісам «Вёска» і развязаў тасёмкі папкі, на якой чарнеў надпіс «касцёл» з прыпіскай «кс. Дзюрдзевіч».

У папцы ляжала дзясяткі два лістоў, вырваных з вучнёўскага сшытка і густа спісаных буйным мужчынскім почыркам.

— Я пішу не зусім разборліва, — заўважыўшы цікавасць госця, прагаварыў Сяргей Мікалаевіч і падсунуў бліжэй да яго кубак з духмянай гарбатай:

— Піце чай.

— Нічога, я за сваю практыку навучыўся разбірацца ў розных загагулінах, — адказаў Юрый, падзякаваў, узяў у рукі кубак, пачаў чытаць напісанае:

«Гісторыя і святыні мальтыйскага храма Стваловіцкай камандорыі князёў Радзівілаў».

«Сын Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі — Жыгімонт Караль быў камандорам першага на Беларусі ордэна Мальтыйскіх рыцараў. З гэтай нагоды бацька падараваў сыну шэраг маёнткаў, з цэнтрам у Стваловічах.

У 1610 г. на месцы помніка касцельнай архітэктуры віленскага барока ў в. Стваловічы па загадзе ўладальніка маёнтка — князя Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі была ўзведзена драўляная капліца, прызначаная для рыцараў-шпітальераў і для прывезенай ім з Італіі скульптуры Божай Маці з прадвечным немаўляткам. Скульптура была зроблена з букавага дрэва велічынёй крыху болей за 1 метр, пакрыта срэбнай рызай, а галовы Божай Маці і немаўляці былі ўвенчаны срэбнымі пазалочанымі каронамі. «Усё гэта цікава, аднак, каб перачытаць усе лісткі, мне спатрэбіцца не менш гадзіны», — падумаў Юрый і зрабіўшы глыток з кубка, пачаў чытаць “па дыяганалі”, сам сабе адзначаючы ў тэксце найбольш важнае: Пробашч Стваловіцкага касцёла меў права насіць мальтыйскі крыж.

Каля касцёла ў 1637—39 гг. была вымуравана невялікая, прамавугольная ў плане капліца, асвечаная ў гонар Маці Божай Ларэтанскай. Туды была перанесена цудадзейная скульптура Божай Маці...

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора