Янка Брыль - Акраец хлеба стр 67.

Шрифт
Фон

«Вяселле Кларачкі было ў тую суботу».

«Ну, i колькі яны выручылі?..»

З падарункаў.

Гэты дыялог дзвюх мінскіх цырульніц успомніўся мне, калі нам паказвалі новыя, зайздросна спланаваныя раёны Ростака. Фройляйн гід, расказаўшы пра многае, прапанавала задаваць пытанні. «Пра горад, пра жыццё ўсёй рэспублікі».

Бывалая, рухавая жоначка велічна маўклівага кампазітара папрасіла з канца аўтобуса перадаць наперад наша першае пытанне:

— А дзе тут, скажыце, можна купіць у вас шчотку для расчэсвання пудзеля?

* * *

Здаравенны лысы Калодка, не так пісьменны, як хітраваты i ўпарты дзядзька, першы пасляваенны старшыня сельсавета. Апраўдваецца на раённай нарадзе:

— Хто яго, таварышы, так ужо чыста з усім i справіцца. Цяпер жа ў нас, у такім сельсавеце, больш тое пісаніны, чым калі-та было ў мінскім губеранскім упраўленні... Тут вы, таварышы, крытыкуеце нас за падзёж. A які падзёж?! Адна тая цялушка здохла. Дык жа ж мы на месца яе другую купілі!

Пытанне з прэзідыума:

— Купілі? А за што?

Калодка з-за трыбуны:

— Як гэта — за што? Са срэдстваў гэтай самай цялушкі!

У зале рогат. Зноў голас з прэзідыума:

— Калодка, ты вясёлы чалавек. Ды растлумач ты нам, калі ласка, што ж гэта за срэдствы ў той вашай цялушкі.

— Як гэта — што за срэдствы? А мы ж яе скуру прадалі!..

1972-1975

Мой друг паляк піша ў сваім пісьме:

«Прывітанне Табе перадае мая Мама».

Калі ў першым выпадку, дзе датычыцца мяне, вялікая літара можа лічыцца праяўленнем звычайнай ветлівасці, дык за вялікай літарай у слове найдаражэйшым бачыцца мне сыноўняя чуласць, якую я назіраў у свой час, будучы госцем у іхнім доме.

I я любіў сваю не менш, чым ён, аднак даводзіў ёй гэта, відаць, не так, як трэба было, як i хацелася нам абаім. I вось зайздрошчу i шкадую, патаемна i сумнавата, бо — позна.

Мне трэба даць свайму польскаму другу тэрміновую тэлеграму. На пошту я прыйшоў вельмі рана, там была адна толькі дзяжурная тэлеграфістка. Літоўка, бо Друскенікі, як вядома, Літва. Зазваніў тэлефон, i жанчына, падняўшы трубку, ветла сказала камусьці: «Лабас рытас!» — добрай раніцы. Не адказала таму камусьці, а першая так прывітала яго.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора