I тут мне ўспомнілася шмат званкоў, пачутых рознай парою многіх сутак: «Хто гаворыць?», «Куды я трапіў?», «Гэта кватэра?..»
Умоўнасці? Дробязі?
Але ж i зайздрасць — таксама.
1972
* * *
Хадзілі па аціхлай ноччу шашы, паміж дзвюх сценак лесу, пад зорным, бязмесячным небам, па мяккім, злёгку рыплівым снезе.
І думалася з даўнім, яшчэ хлапечым захапленнем і з лёгкім сумам позняй сталасці пра веліч сусвету і нашу, маю чалавечую нязначнасць.
Успомнілася бабуля, адна з вялікіх пакутніц, што гарэла — не дагарэла ў вайну, а сёння кажа: «Жыць ужо можна было б, а тут у ямачку трэба».
Шлях і малых і вялікіх. Туга, якой не пазбыцца, якая павінна клікаць або да адчаю, або да таго, каб свае паводзіны звяраць па вечнасці.
Так было ўчора.
А цяпер, хоць і сонца ўзыходзіць, і хвойнік ды голае вецце злёгку сярэбрана заінелі, хоць і ціха яшчэ на той самай шашы, — усё-такі ноч, зорная ноч застаецца больш урачыстай, глыбейшай, чым дзень. Яна далучае да мудрасці, вечнай паэзіі сусвету, а дзень замыкае ў нашай будзённасці.
* * *
Задрамаў у крэсле, прачнуўся і — не ўпершыню — падумаў:
«Няўжо ўсё гэта — я? Гэтыя рукі, ногі, твар? Гэтыя думкі пра самога сябе?..»
Як быццам ёсць яшчэ нейкі іншы я, які вось можа назіраць мяне такога, як я ёсць, збоку...
* * *
Старыя запісы ў блакноце, зробленыя дваццаць дзевяць год таму назад. Перачытваю іх — і раптам дзіўна стала, што гэта іменна я, а не хто іншы пражыў так многа. Многіх сучаснікаў, сёння ўжо сталых, у той час яшчэ не было, многія былі дзецьмі, а я ўжо тады адчуваў сябе бывалым, ужо азіраўся назад і баяўся, што не паспею зрабіць таго, што павінен.
Дзіўнае, сцішнаватае яно — адчуванне прасторы за табой, прасторы перажытага...
І тое яшчэ, як ты тады — даўно, у розны час — упіраўся лбом у сваё невядомае, якое цяпер так проста бачыцца, а сёння — упіраешся зноў, у тоё невядомае, што будзе...
* * *
Зусім не хістаюцца толькі слупы, асабліва — глыбока ўкапаныя.
* * *