Янка Брыль - Акраец хлеба стр 65.

Шрифт
Фон

* * *

Пра гэтага чалавека гавораць, што ён «суб'ектыўна сумленны». «Каб гэта ж ад ад наго яго залежала... Каб у яго не сям'я... Каб яму не трэба было друкавацца, абараняць дысертацыю, ехаць у замежнае падарожжа...» Можа, ён i сказаў бы тады якое смялейшае, разумнейшае слова. А так сумленне ў яго — «аб'ектыўнае», «на грамадскіх пачатках» — звыш усіх тых названых i не названых «каб».

* * *

Лепей ужо самому піць, чым наліваць паважанаму госцю гарэлку, а сабе — ціхачом, непрыкметна — ваду.

«З маральных меркаванняў».

* * *

«Туды выбраны толькі лепшыя з лепшых...» Чуючы такое, адразу i міжвольна думаеш пра самога сябе, нявыбранага, i пра іншых, што таксама не «лепшыя», а — выходзіць па простай логіцы — горшыя.

Калі гэта — жарт у мяне, дык зусім ужо прыкра чуць тое «лепшыя з лепшых» ад чалавека, што сам трапіў туды i сам жа пра гэта гаворыць, нават — тым больш абдумана — піша...

* * *

Ад перастаноўкі складаемых сума не мяняецца.

Убачыў у газеце яшчэ адзін здымак таварыша, які апошнім часам вельмі ж прыкметна дбае пра сваю партызанскую славу, i ўспомніў тое, што мне другі таварыш гаварыў пра гэтую славу,— колькі сапраўдных герояў адсунута ў цень...

Гераізм наш быў вялікі, усенародны. Многа герояў займае належнае месца, многіх народ яшчэ не ведае, пра многіх не даведаецца ніколі.

А тою акалічнасцю, што «сума не мяняецца», задаволены асабліва тыя, хто так ці інакш прымасціўся на віднейшым месцы.

* * *

«У рабоце семінара прыняла ўдзел...» Так будзе заўтра надрукавана ў газеце. I я магу засведчыць, што гэта праўда. Я сам бачыў i чуў, як яна пазваніла алоўкам па графіне, калі адзін з удзельнікаў семінара больш-менш цікава выступаў i ў зале пачулася ажыўленне.

* * *

Госця, блізкага чалавека, папрасілі заспяваць. I ён спявае. Нягучна, але прыемна i шчыра.

Гаспадыня, дама цалкам станоўчая, паслухала разам з усімі, а потым, выбраўшы зручную паўзу, спакойна, салідна сказала бясспрэчную ісціну:

— Калі б вам, Міхаіл Пятровіч, своечасова паставіць голас, вы маглі б добра спяваць.

Госць не вельмі збянтэжыўся: ён яе ведаў даўно. Яму хацелася, у тон гаспадыні, дадаць: «Магчыма, нават i на сцэне». Ды ён маўчаў i думаў:

«А я на сцэну не хачу. I не збіраўся. А хачу проста спяваць, калі бывае весела, i тады, калі плакаць хочацца, i тады, калі з добрымі хлопцамі, хоць i ўяўляючы толькі, што мы спяваем добра...»

Толькі цяпер яму спяваць ужо больш не хаце л ася.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора