Дзед Цалуйка ідзе па вуліцы, з таго боку, дзе за вёскаю лес, нясе поўны кошык чырвоненькіх мухамораў i ва ўрачыстым настроі чалавека, да якога прыйшло нарэшце вялікае адкрыццё, уголас думае:
— Марочаць галаву, што ix не можна есці. Грыб — грыбам. Што ж ты яму за ганьбу даеш? Няма чаго другому гаварыць...
Сёння нядзеля, верасень цёплы, i людзі сядзяць на лавачках перад хатамі. Дзедаў характар, свабоду волі i думак ведаюць усе, але такога, каб мухаморы... I ўсім весела, бо i не верыць жа ніхто, што да таго ўсё-такі дойдзе.
Дзед набліжаецца да хаты, у якой жыве доктар, бачыць, што на лавачцы сядзіць яго жонка. Ён прыцішае хаду i стрымлівае свой маналог. Нават гаворыць нездаволена:
— Здрастуйця вам!
Пятроўна — калгасны рахункавод, але па мужу яе называюць дакторкай. Жанчына ветлая i людская. Павітаўшыся ў адказ, яна заклапочана кажа:
— А вы, Цалуйка, i праўду... Ды вы, відаць, жартуеце? — А на дадатак, нібы ў якім прадчуванні, яна гаворыць, ужо ўдагон старому: — Іванавіч паехаў у раён.
Адышоўшыся столькі, колькі спатрэбілася для поўнай смеласці, дзед узяўся зноў за сваё:
— Іванавіч... Многа ён, твой Іванавіч, разбіраецца... На грашах седзячы — чаму не вымышляць!.. Я больш забыўся...
Яшчэ не сцямнела, калі прадчуванне збылося. Дакторка даіла карову, a ў двор да ix убегла, плачучы, дачка старога, учотчыца Зіна, i закрычала:
— Пятроўна, міленькая! Наварыў, поўны чыгунчык наварыў! Наеўся!..
— Госпадзі! — устала ад каровы гаспадыня.— А яго ж яшчэ дома няма!..
Дзеда Цалуйку адратавалі. Пры мужу i Пятроўна трохі разбіралася. А потым, на шчасце, вярнуўся i муж.
1974
* * *
Трэба думаць, што птушка спявае толькі таму, што захацелася спяваць.
Маладзенькая пасудніца Айстэ, літоўка з яшчэ дзіцячымі коскамі, дзіцячымі вачыма i губамі, з гуллівай усмешкай i сарамлівым выстаўляннем кончыка языка — любіміца ўсяго санаторыя Айстэ — уключыла ў пустым вестыбюлі прайгравальнік i пад гукі моднага танца модна i міла танцуе. I вучыцца, i цешыцца — усё сама сабе.
Я прыпыніўся, ідучы з марозу, i паглядзеў здалёк, i стала хораша на душы, дарма, залішне сур'ёзнай ды пацяжэлай.
* * *
У парку.
П'яны хацеў паказаць малым вельмі смешнае. Схапіў сабачку за хвост, размахаў вакол сябе, каб шпурнуць у раку, але выйшла наадварот — цюцька на бераг паляцеў, а дурань — у плашчы, без шапкі, пад гальштукам — у неглыбокую i гразкую ваду.
Бурная радасць дзяцей.