Не вельмі доўга пачакаўшы, у лесе дзядзька рынуўся да шафера i паляпаў яго па плячы. Наш свойскі аўтобус, які спыняўся, можна сказаць, каля кожнай хаты ды каля кожнага куста, спыніўся i тут. Дзядзька падаў шаферу далонь i ў далонь, а да ўсіх нас звярнуўся ўжо з падножкі адчыненых дзвярэй.
— Хай будзе добра ў нашым баку! Бывайце, людзі добрыя, здаровы!
І мы адказалі:
— Усяго вам найлепшага!
Трошкі пазней я падумаў з палёгкай: "Добра такі ўсміхнуцца ў горкую хвіліну!.."
А дзядзьку недзе там, у просецы, напэўна ж, цеснавата.
1974
Ён прывык да наяўнасці штату. Колькі б людзей пры ім ні сабралася — штат. А штатам, як вядома, трэба кіраваць.
Цяпер, у лодцы, штат скдадаецца з двух чалавек. Адна адзінка сядзіць на вёслах, другая прымасцілася на карме. Сам Ён займае сярэднюю лаўку.
Яснасць ва ўзаемаадносіны была ўнесена адразу, як толькі адштурхнуліся ад берага.
— Трэба, таварышы, дамовіцца,— сказаў Ён,— што кіраваць будзе нехта адзін.
Лішне не дыскутуючы, рэшта прысутных назвала лепшага з лепшых, i ён прыступіў.
Над возерам ранняя раніца, Хмарна густой i нізкай хмарнасцю, хоць прыгінайся. Хваля ледзь пачынаецца, яшчэ амаль бязгучна. У лодцы цішыня. Толькі вёслы нрыхлёбваюць, мерна i насцярожана. Два спінінгі пушчаны ў ваду дарожкамі. Яшчэ дзве дарожкі трымае ў зубах за канцы лёскі тая адзінка, што на вёслах. Чатыры трайнікі — дванаццаць кручкоў — затоена скародзяць глыбіню ўжо больш за паўгадзіны.
А рыбы няма...
Тым часам — некалькі анкетных дадзеных.
Ён. Інакш — Іван Піліпавіч. Пайшло на сорак дзевяты. З учарашняга дня ў адпачынку. Пакуль што дачнік-дэмакрат: прыехаў да сям'і, якая жыве тут у звычайнай вясковай хаце. Адносіны да прысутных — ужо вядомыя: штат.
Адзінка на карме. Зяць Івана Піліпавіча Віктар. Студэнт-філолаг. Жыве, цяпер адпачывае, пры жончыных бацьках. Лілька — яго аднакурсніца. У ix ужо ёсць пяцімесячны сын. Адносіны да цесця: часовая цярплівасць i асцярожна-сатырычнае падхіхікванне. З тым, што вяслуе,— рыбацкая двухтыднёвая дружба.
Адзінка на вёслах. Генюсь. Імя хлапечае, а самому за сорак. Мясцовы начальнік вузкакалейнай чыгуначнай станцыі. Рыбак-энтузіяст з уласнай лодкай. Адносіны да дачнікаў: дзярмо, не рыбакі. Але бываюць i добрыя хлопцы: i вып'юць з табой, i пагавораць, як людзі. Скажам, як Віктар.
Рыба яшчэ ўсё не бярэцца...
Таварыш Ён неўзабаве пачне шукаць вінаватых.
Праўда, ёсць тут i аб'ектыўныя прычыны, свае «за» i свае «супраць» удачы. «Супраць» — ліпень, глухая пара на спінінг. Гэты во Генюсь казаў на беразе, што шчупакі цяпер сама мяняюць зубы, ім не да блешні. «За» — надвор'е сёння адпаведнае: хмарна i ветрык. Хоць зноў жа гэты во Генюсь кажа, што вецер зусім не рыбацкі, з паўночнага ўсходу. Такім чынам — другое «супраць». Ёсць, аднак, i другое «за». Гэта Ягоная інтуіцыя. Выказваць яе перад штатам нялёгка, нават няварта, аднак — яна ёсць.
А рыба не бярэцца. Хоць бы на смех каторы таркануў!..