Янка Брыль - Акраец хлеба стр 51.

Шрифт
Фон

— Шкарпэтка, а не мужчына... Я i сама за яго не пайшла б.

Яшчэ праз момант цётка палезла ў другую эпоху.

— У гэтых Лозках, адкуль ён, адна пялека — пясок, бедната. А хлопцы былі прыгожыя, не тое, што гэты. Тыя разы збярэмся на фэст на святога Пятра... Ой, нашы дзеўкі ажно дрыжаць да тых лозкаўскіх кавалераў, але бацькі не пускалі за ix, плач — не плач... Пра ix яшчэ гаварылі зарэкі.

— Гэта — што за ракою яны?

—- Можа, i гэта. «Зарэку на кірмашы пазнаеш» — так казалі на ix.

— Што бедныя? A ў вашым Вялікім не зарэкі? Гледзячы з Лозкаў, i вы ж за ракою.

— У нас людзі чыста жылі, у нас зямля раджайная. Каб гэта наш тата ды пусціў мяне за якога пялеку-зарэку!..

У ціхім слуханні, пад белае снаванне кухара, я ўспамінаю, што днямі быў у тых Лозках. Праўда, ноччу. Пасля вогнішча над ракой, пасля юшкі i песняў з гасцямі, што наведалі мяне. Чатыры «зарэкі», усе маладыя. Дырэктар школы, што ўжо друкуецца трохі ў мінскіх часопісах, хірург на ўласнай «Волзе», яшчэ адзін настаўнік i — беленькі — капітан чарнаморскага пасажырскага флоту. У беласнежным кіцелі, з залацістым «крабам» на шапцы, у адпрасаваных штанах. «Куды ж нам цябе пасадзіць?» — як смяяліся хлопцы за юшкай.

Капітан быў на дзіва маўклівы i далікатны, высокі, стройны прыгажун.

Я не лічу тых мораў, якія пабачыў — Балтыйскае, Чорнае, Міжземнае, Ціхі i Атлантычны акіяны... Яны проста зноў усплываюць у памяці колерамі i хваляваннем, усходамі i заходамі сонца — з вады i ў ваду, буйнымі зоркамі над таямнічым афрыканскім берагам, нябачным ноччу, радасным шумам пад абрывістым берагам у далёкаўсходняй тайзе. I цеплаходы ўспамінаюцца. Белыя, лёгкія цеплаходы. I капітаны, што з важных, недаступных на сваім месцы, ператвараліся ў свабодны час то ў дабрадушных, гаваркіх, калі старэйшыя, то ў молада важных, вясёлых, а то i стрыманых, сарамлівых, якім быў, праўда, толькі адзін.

Такі вось самы, як гэты.

Калі мы ноччу падвезлі яго да бацькавай хаты, каштан папрасіў:

— Вы, таварышы, пачакайце мяне. Адну хвілінку.

Ён забег у хату, ужо даўно, відаць, цёмную, без агню.

А дырэктар расказаў мне тым часам, што капітанаў стары, калісьці, відаць, найбяднейшы ў вёсцы, цяпер адзінокі ўдавец, але нікуды не хоча ехаць адгэтуль, нават да сына на цёплае мора.

Капітан выйшаў з хаты, як i зайшоў туды, ціха бялеючы кіцелем.

— Дазвольце, таварышы, у гонар нашай мілай сустрэчы, адну...

Неба было па-жнівеньску зорнае, вялікае, урачыстае ў вечнай сваёй цішыні. I ў гэтым небе над лясною вёсачкай высока-высачэнна ўспыхнула, раздзялілася i зноў, ужо на некалькі колераў, успыхнула ракета.

Ад захаплення сказалася:

— Якая гэта? Як называецца?

— «Корабль терпит бедствие»,— радасна адказаў капітан.

1974

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора