Янка Брыль - Акраец хлеба стр 38.

Шрифт
Фон

* * *

Рускага я палюбіў спачатку па творах. Памяць пра тое, што я прачытаў даўно, хвалюе здалёк, сустрэча з новым падмацоўвае гэтае хваляванне. А пры сустрэчы з ім самім я неяк молада ганаруся нашаю дружбай. Молада — хоць я за яго старэйшы.

Літоўцу я не так даўно зрабіў адну паслугу, не цяжкую для мяне, а для яго тады вельмі патрэбную, i мне прыемна, што мы сустрэліся, што нам не трэба ўспамінаць пра наша тое, бо словы будуць лішнімі, калі ён ёсць, такі вось харошы настрой — у абодвух.

Чацвёртая з намі яна. Мы ўжо звяртаемся да яе не Алена Мікалаеўна, а па-рознаму — Лена, Алёнка, Эленутэ, i ўсім нам, мужчынам, хоць мы i не гаворым пра гэта паміж сабой, прыемна, што з намі ёй лепш, чым заўсёды адной.

Мы ідзём па вячэрнім узмор'і. Справа гамоняць хвалі. Яны бліжэй, чым сосны злева, на высокім беразе, i соснаў не чуваць. Нават у паўзах нашай гутаркі. Бо мы ж гаворым, нават i смяёмся.

Так, i смяёмся. Бо ёй так лягчэй. А мы, як можам, адводзім яе ад таго, чым яна толькі i жыве.

Яна ўжо нават папрыгажэла. Ці гэта я не заўважаў, што яна i адразу была такая. Строгая, гордая краса, якую i гора не заглушыла. Вялікія шэрыя вочы, пышныя цёмна-русыя валасы i маладзенькі, як дзіцячы, падбародачак пад вуснамі, якія так рэдка, але так міла раскрываюцца ва ўсмешцы.

Мы ўжо чацвёрты дзень разам. I ў працы нашай парады, i на экскурсіі, i на канцэрце, i на такіх вось вячэрніх праходках.

Пасля праходкі яна запрасіла нас зайсці ў яе пакой.

Паказала нам страшныя фота. Мужава — толькі адно. I некалькі здымкаў сына. Ад смяхунчыка з грыўкай да таго трынаццацігадовага, сур'ёзнага i мілага у сваім сталенні хлапчука, якім ён пайшоў улетку з жыцця, разам з бацькам загінуўшы ў аўтамабільнай катастрофе.

— Ён называўся таксама Юрачка.

Гэта яна сказала хутчэй за ўсё мне аднаму, так нагадаўшы мой расказ у першы дзень пра таго, што загінуў, праваліўшыся ў трансфарматар, i пра майго, у гэтай неверагодна выпадковай тройцы Юркаў трохі старэйшага.

* * *

I ў горы яна застаецца жанчынай.

У рэстаране, дзе нас прымаў мэр горада, пра яе трагедыю ведалі не ўсе нават сярод удзельнікаў нарады, а за стадом былі i работнікі гарсавета. Адзін з ix запрасіў яе танцаваць. Вярнуўшыся на месца, трошкі расхваляваная, з новым побліскам у вачах, сёння па-новаму прыгожая ў вячэрняй сукні, што хораша падкрэслівала яе прывабную стройнасць, яна сказала нам, cyceдзям, літоўцу i мне:

— Цяпер скажыце, што я не мужная.

Што ж, няхай сабе трохі какецтва — абы ёй было лягчэй.

Была i наіўнасць, якую мы таксама прынялі з разуменнем, моўчкі. Гэта ўчора, калі яна дала нам, усім тром, па цэлафанавай папачцы i сказала:

— Сюды, прашу вас кожнага, што-небудзь пра нашу сустрэчу...

Было i іншае...

У маляўнічай Сігулдзе, калі мы, стоячы на замкавай гары, любаваліся тым, як высока над звілістай Гаўяй узнялася да сонца лістота залатое восені, Лена-Алёнка-Эленутэ сказала мне аднаму, бо мы стаялі воддаль ад усіх:

— Неяк я думала ноччу: а што было б, калі б мы чатырох апынуліся на бязлюдным востраве?..

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора