Янка Брыль - Акраец хлеба стр 39.

Шрифт
Фон

Ці не тады гэта яна так думала, калі i я не спаў, калі мяне месяц паклікаў на бераг, а я хацеў ёй пазваніць?..

* * *

Ранняе сонца. I кірха ў сонцы. Верхавінне соснаў калышацца. Направа — накат за накатам — белагрывыя хвалі. А над лесам праявілася i правільнай, яркай дугой усю красу падкрэсліла радасная вясёлка. I чайкі, некалькі чаек, плаваюць бела i нерухома над усім гэтым — пад такою, амаль вясновай ці летняй увосені, вясёлкай.

Учора мы яе праводзілі. А сёння я вось гавару:

— Мілая, я развучыўся, a можа, i не ўмеў ніколі як след прыдаваць з'явам жыцця належную літаратурную форму, будаваць «стройны сюжэт», забяспечваць «вострую займальнасць». Калі я што-небудзь i напішу ў тую празрыста-блакітную папачку з вашай паметкай «Юрмала, 72», дык гэта будзе, хутчэй за ўсё, проста расказ пра пачатак дружбы, якую няёмка і... страшна назваць нечым іншым...

1974

У размножаным на ратапрынце пацешна "рускім" апісанні Гамбурга, якое нам, туристам, прыязна раздал i мясцовыя актывісты камітэта абароны міру, пра гэтую частку горада сказана так:

"Реепербан — "Хребет" много воспетого района, увеселения Святога Павла, "пристань радости", "святой распущенный". Развлекательный док для матросов всякого цвета кожи. Сотни ресторанов — с китайского подвала до баварского пивного дворца. Они предлагают разнейшие заманивания, не только для нёба..."

Мы, чатыры мужчыны, зайшлі туды ясным чэрвеньскім адвячоркам.

Калі адкрытая, яркая шчодрасць вулічных рэклам з красунямі ў розных позах, калі таямнічасць зусім неабмежаваных у сваёй "свабодзе" кінатэатрыкаў яшчэ абуджаюць міжвольнае хваляванне, дык у завулках, куды ўваход дазволены толькі мужчынам ад шаснаццаці гадоў,— прыходзяць адчуванні іншыя.

Недаўменне: няўжо гэта ява? I агіда, пануры цяжар на душы.

У першым завулку, крыху багацейшым, не вельмі шмат людным, на нізкіх падаконніках адчыненых вялікіх вокан сядзеў жывы тавар. Пакурваючы, перагаворваючыся, жанчыны гэтыя рэкламавалі сваю галізну неназойліва, з нейкай як быццам упэўненасцю ў сваім значэнні i неабходнасці. Нават нейкае адчуванне ўласнай годнасці, ці што. Гэта пачулася мне ў абражаным выкрыку адной з ix на турыста, на жываце ў якога вісеў фотаапарат у незашпіленым футарале: "Max цу!" — зашпілі.

У другім завулку, вузкім, цёмным, а потым яшчэ i крытым, i значна шырэйшым, падобным на брудны падземны гараж, голыя жанчыны стаялі кожная каля свае кабіны. Густа валэндаўся п'яны збой мужчын, чуўся крык, рогат, лаянка. Яны ж стаялі моўчкі, нерухома. Памалу ираходзячы каля ix, я прыглядаўся, наколькі гэта прыстойна было, да вачэй, да выразу твараў гэтых... усё ж такі не манекенаў.

Абыякавасць, стома, як у салдатаў на варце, адсутнасць хоць бы якой сарамлівасці ці какецтва, у некаторых нават прыкметны цынізм.

Голыя целы жанчын — у такой масавасці, у такім здзеку, сярод натоўпу апранутых мужчын — гэта балюча напомніла мне архіўныя фотаздымкі гітлераўскіх карнікаў: чэргі жанчын, распранутых перад расстрэлам...

А побач з гэтым, на вуліцах светлых, у нахабстве рэклам салідна шпацыруюць бюргерскія пары, часта з малымі ўнукамі; на ганку сексмагазіна забаўляюцца дзеці гэтых прагрэсіўных крамнікаў; у неба ўздымаецца велькапышная кірха...

Гучыць вячэрні звон. На малітву.

На захадзе сонца цудоўнае неба.

За дамамі, на бруднай Эльбе, бялеецца наш цеплаход.

I сум... І жаданне на ўсю глыбіню зразумець, што ж яно ў чалавечым жыцці да чаго...

1973

Спачатку была Садоха. Не наша, бо мы тады тольri што вярнуліся з бежанства i свайго каня яшчэ не купілі. Прыехаў паараць сваяк з другое вёскі. Ён называет майго тату дзядзькам, а сам называўся дзядзька Сцяпан.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора