Смеючыся, малодшы сын вылецеў з трэцяга паверха. Расхрыстанае цела цяжка гупнулася на ўсаджаную нарцысамi клумбу.
Адначасна з варэльнага акна высунулiся тры галавы.
— Жывы, — сказала галава старэйшага з братоў.
Галовы мацi i бацькi прамаўчалi.
З усiх куткоў прагрэтага веснавым сонцам двара да пашкоджанай клумбы пачалi спаўзацца пенсiянеркi.
— На зямлю ён бухнуўся. На мяккую, ускапаную глебу... Чорт яго не возьме, — апраўдваўся старэйшы з сыноў.
— Вазьму, — пачулася ў варэльнi.
Старэйшы азiрнуўся.
За сталом, на бацькавым месцы, сядзеў высокi, як баскетбалiст, Нячысцiк.
— Вы толькi гляньце... — ледзь чутна, як самому сабе, прамармытаў старэйшы з братоў.
— Цыссс... — Нячысцiк прыцiснуў кiпцюрасты палец да малiнавых вуснаў. — Маўчы, недарэка. Нiхто, акрамя цябе, чорта не бачыць. Пачнеш крычаць i на мяне паказваць, дык зноўку апынешся ў вар’ятнi, у доктара Круглянскага. А ты туды не хочаш. Не хочаш?
— Не хачу. — Старэйшы працверазеў.
— Праўда?
— Праўда. — Твар у чортавага суразмоўцы спалатнеў i зрабiўся белы, як пялёстак нарцыса.
— Ты не сiпi, а кiўнi галавою на згоду. — Нячысцiк салодка ўхмыльнуўся.
Пераляканы мужчына матлянуў галавою.
Нячысцiк прапаў, як i не было.
"Дапiўся. Далiбог, дапiўся да алкагалiзму, да галiкаў, да белых коней, да зялёных смаркачоў, да чарцей чорных i рагатых. Трэба канчаць. Завязваць трэба. Заўтра ж i завяжу, i кiну, i нi кроплi. Нават на пiва ранiцай не пайду. Слова даю. Бацькамi клянуся. Як перад Богам. Як на духу. Чорт мяне задзяры!"
Ён выцер тыльным бокам сваёй пухлай далонi ўзмакрэлы лоб i зноўку высунуўся з акна. Унiзе, пасярод растрыбушанай клумбы, таптаўся малодшы брат i абтрасаў з вопраткi зямлю. Чорныя камячкi сыпалiся на памятыя нарцысы, на бетонную броўку i асфальтавы ходнiк.
Злосныя пенсiянеркi зацята зiркалi на спляжаны кветнiк i насуплена маўчалi.
— Хадзi, сынок, дадому, я шчотачкаю па пiнжаку прайдуся, — жабрацкiм голасам праслiбiзавала матчына галава.
— На ўвесь двор пярэпалаху нарабiлi. — Незадаволены бацька вярнуўся за стол i разлiў па стограмовiках духмяны самагон.