Глебус Адам - Новы дамавікамерон стр 29.

Шрифт
Фон

Сям’я адпачывала грунтоўна. Самагон разлiваўся па стограмовiках i выпiваўся без тостаў, моўчкi.

Размовы пачыналiся толькi тады, калi бацька са старэйшым сынам зацягвалiся дзяркатым папяросавым дымам. Гаварылi пра родны гомельскi шклозавод, дзе працавала сям’я. Але гутарка хутка сканчалася, бо сын уладна ўзмахваў ружовымi бабскiмi рукамi, прымружваў вочы i голасна казаў:

— Хопiць тутака ля-ля разводзiць! Будзем пiць, цi што? Спакойна, я налiваю...

Сiвы самагон струменiўся тоўстай блiскучай вяровачкаю ў кантовыя стограмовiкi. Рытуал ахмялення пачынаў новае кола. Так пацiху-патроху шыракагорлы трохлiтровiк паражнеў. I, пэўна ж, раздобраная расчырванелая сям’я спустошыла б яго дарэшты, каб не завiтаў у госцi да бацькоў малодшы сын. Ён больш як год жыў з маладой жонкаю ў асобнай кватэры, але раз на два тыднi, у пятнiцу, пасля працы ў скрыначным цэху, завiтваў да сваякоў, каб прапусцiць шклянку моцнага, як спiрт, самагону.

Сям’я ўзрадавалася госцю. Той акуратна павесiў кепку на пачапельнiк, прыгладзiў пяцярнёю рэдзенькi чубок i, заўсмiхаўшыся, прамовiў:

— Гарэлачку смокчаце пацiхеньку. Паважаю... А я тут крывянкi купiў. Iшоў з работы праз базар, i так мне захацелася свежанiнкi, ажно дыхалку перахапiла. Не вытрываў, пайшоў у мясныя рады i кiло крывяначкi ўзяў. Зараз мацi нам засмажыць каўбасу — так, каб скурка хрумсцела. I мы добра так закусiм.

Госць вывалiў з цэлафанавай торбы на стол важкi газетны скрутак.

— Ты тут асцярожна, глядзi, посуд не пабi. — Старэйшы брат прытрымаў скрутак, пацягнуў да сябе, разгарнуў i прынюхаўся. — Свежая, цёплай крывёю пахне.

— Крывёю, гэта добра, — адзначыў бацька. — Ваш дзед, уга, як кроў любiў. Бывае, заколе кабана, нацэдзiць крывi з-пад сэрца ў конаўку, прысолiць крышку i вып’е са смакам.

— I я б ад шклянкi жывой крывi не адмовiўся. — Старэйшы сын паклаў на талерку скрылiк падфарбаванай буракамi ялавiчыны.

— А я не адмоўлюся ад штрафной чарачкi. Я спазнiўся, i мне лiшняя не зашкодзiць. — Па гэтых словах малодшы з братоў налiў поўны, як вока, стограмовiк i адразу выпiў.

— Ты хоць бы прысеў, сынок, а то стоячы ў родным доме п’еш, — паўшчувала мацi, наразаючы згасла-лiловую крывянку.

— Сапраўды, ты сядай, закусвай, — утроп мацi загаварыў старэйшы сын. — I раскажы, як там у тваiм скрыначным цэху iдзе работа да сёмага поту. Га? Цi зноў дошак не хапае?

— Дошак хоць сракай еш...

— Сынок, як так можна за сталом. — Мацi апускала скрылi крывянкi на залацiстыя карункi растопленага масла. — Ты так гаворыш, быццам мы з бацькам цябе ў лесе гадавалi.

— Даруйце, мама, я не хацеў. Яно само з языка саслiзнула. — Рукi малодшага сына пяшчотна ашчаперылi гарлавiну трохлiтровiка. — Дошак у нас хапае, а вось габлюшак нестае. Няма iх, i ўсё. А без мякенькiх габлюшак, самi ведаеце, лiст шкла ў скрыню не паставiш, каб якi ражок не адкалоць. Ну ды што гэта я ў пятнiцу пра завод. Лепей штрафную нацаджу.

— Ты ж толькi глынуў, — здзiвiўся спакойны бацька.

— Пачакай, сынок, сядзь, не часцi, а то зашкодзiць. Крывяначка вось-вось саспее. — Мацi папарадкавала духмяна-блiскучыя колцы на распаленай панiве.

— Зашкодзiць яму, як жа... Ну вы, мама, i скажаце, як завяжаце. Ён увесь слоiк высмакча, як той Кадук-жываглот, i хоць бы хны. — Старэйшы прыўстаў i хмельна хiстануўся. — Я табе вось што, брат мой родны, скажу. Не-е-е... Мне не шкода паганай гары. Хочаш пiць? Пi! Я слоiк вырываць не стану. Я так скажу... Калi ты прыйшоў да нас у госцi, дык паводзь сябе па-чалавечы, старэйшых паслухай, нiхто табе нiчога не шкадуе. Сядай, выпiвай, закусвай. Ты ў сваiм доме. А то прыбег i чарку за чаркай, стоячы, нiбыта крадзеш. Непарадак атрымлiваецца. А калi непарадак, тады становiшча мушу выпраўляць. Калi ты зараз стоячы сто грамаў вып’еш, я цябе ў акно выкiну.

Быў месяц травень. Надвор’е стаяла цёплае, летняе. Таму акно ў варэльнi, дзе на закуску сям’i прыродных алкаголiкаў смажылася крывяная каўбаса, было адчыненае наросцеж.

Праiгнараваўшы папярэджанне, малодшы налiў i выпiў забароненую порцыю. Старэйшы абышоў стол i кiнуўся на яго. Малодшы жахлiва зарагатаў. З-за смеху ён i не супрацiўляўся, калi яго неслi на карку да разнасцежанага наросхрыст акна.

— Божа, што вы, дзецi мае, робiце?! Павар’яцелi з-за самагону зусiм. — Мацi загасiла фаерку.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке