Глебус Адам - Новы дамавікамерон стр 31.

Шрифт
Фон

Мацi пераклала гарачыя скрылiкi высмажанай каўбасы ў сцюдзёна-бялюткую талерку.

— Ну, ты, глядзi, — загаварыў старэйшы з братоў, калi малодшы вярнуўся ў кватэру. — Зразумеў, што трэба дарослых слухацца? А то другiм разам можаш i не на мяккую клумбу прызямлiцца.

— Вось напалохаў... Зрэшты, магу i пайсцi. — Малодшы з сыноў надзеў пляскатую кепку.

— Ды сцiхнiце вы. Абрыдла дурная сварка. Мы п’ем, цi што? — Бацька выхукнуў паветра праз вусны, складзеныя ў акуратнае "о", i смачна засмактаў самагон.

Малодшы зноўку кульнуў стограмовiк стоячы.

Старэйшы падчапiў на вiдэлец важкае колца крывянкi, адкусiў, пражаваў, праглынуў i паведамiў:

— Гаўном патыхае. Смачна, а смярдзiць.

— Сынок, як так можна. Ты ж за сталом, што людзi падумаюць...

— Дзе вы бачыце людзей, мама? Тутака ўсе свае. — Старэйшы напароў на вiдэлец пругкi скрылiк агурка.

— А ты пастой, не садзiся. — Мацi зазiрнула малодшаму сыну ў асавелыя вочы, — я зараз шчотачку прынясу.

Малодшы хiтнуў галавою на знак згоды i пацягнуўся да гарэлкi.

— А ён зноў, не пытаючыся, налiвае самагон. — Нячысцiк уладкаваўся на матчыным крэсле i падмiргваў старэйшаму з братоў.

— Налье i вып’е, дарэчы. Можаш не сумнявацца. — Нячысцiк радасна дэманстраваў дасканалыя iклы.

— Ты гэта што, гад печаны, робiш? — засiпеў старэйшы на малодшага.

— Штрафную налiваю. Я з трэцяга паверха зляцеў. Мне мусiбыць дадатковая чарка.

— Хай п’е! Што ты ўз’еўся? — ў варэльню вярнулася мацi са шчотачкаю i тазiкам мыльнай вады.

— Ты ўжо роднаму брату шкадуеш нейкую там чарку самаробнага бiмберу. Кiнь дурное. — Бацька зырка пыхнуў траскучай папяросаю. — Хай п’е.

— Вып’е i не папярхнецца. — Нячысцiк зрабiў сур’ёзны твар.

Старэйшы брат прыўзняўся на непаслухмяных нагах:

— Хачу спытацца... Чаму адным усё, а другiм нiчога? Чаму на адну маю чарку прыпадае дзве ягоныя? Ён толькi грымнуўся з акна, i яму адразу — пi, колькi хочаш... А хiба я не магу скокнуць з трэцяга паверха? А ты, Нячысцiк iклаты, чаго лыбiшся? Пайшлi вы ўсе да д’ябла!

Нiхто з прысутных не паспеў сказаць нi паўслова. Ушчэнт ахмялелы мужчына прыкалываў да разнасцежанага акна i кульнуўся праз падваконне. Хрумсткi ўдар абвясцiў аб заканчэннi жыццёвага шляху.

Тры галавы адначасна вытыркнулiся з акна. Пляскатая кепка малодшага брата сарвалася i ўпала на мёртвае цела, якое ляжала дагары, шырока раскiнуўшы рукi на стаптаных нарцысах.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке