Андрэй Федарэнка - Гісторыя хваробы стр 23.

Шрифт
Фон

Драздоўскаму пачуўся свіст. Спыніўшыся, на сцежцы, што вяла да хутара, ён убачыў чалавека ў фуфайцы, які махаў яму рукою.

— ...Добра, што падвярнуўся,— задыхана загаварыў Адам Стральчэня, падбегшы і паціскаючы Драздоўскаму руку. Гэта быў дробны, у бацьку, чалавечак у салдацкай шапцы і з голымі счырванелымі рукамі. Хоць і не зусім гладка, ён, аднак, быў паголены, і Драздоўскаму гэта спадабалася.— Бачыў «скорую»? Бацьку забралі, каторы ўжо раз. Ты на ферму? То скажы брыгадзіру, што Адама сягоні не будзе, скажы, да бацькі ў больніцу паедзе.

— Скажу, а дзе жонка?

— Яна ж цяпер у «скорай» паехала, хіба ты не бачыў? Я хоць збольшага свінства сваё па-кармлю (так Адам зваў кабана і карову) ды зра-зу на пасажырку... Хай яно згарыць з такою жыткаю, у самога смаркачы бягуць, прастыў учора на гэтай адлізе, дый спіна баліць, што няма рады...

— Добра, я скажу.

— Ну, ну,— заківаў Стральчэня.— Няма, я ж кажу, рады, Рыгорка, адныя тыя фокусы бацькавыя пераносіць... Есці — ён не есць; гэта як што, дык сала з хлебам пасмокча. Раз, калі ён у больніцы ляжаў, на травені, прывёз яму яблыкаў, грушаў... Хоць бы смехам чаго ўзяў — кажа, чаго ты мне каўбасы не прывёз, ты грошай пашкадаваў... Крыўдна слухаць, а людзі ў палаце смяюцца і з мяне, і з яго, як з дурненькіх. А то здумае, што я яго хаты хочу, а то — што пенсію хочу ў яго адбіраць... Слухаеш, слухаеш ды хочацца кінуць-рынуць усё, з'ехаць куды ды пажыць па-людску хоць трохі... — Не забудзь жа, — Стральчэня зноў сунуў Драздоў-скаму руку і паспяшаўся да хутара, назад.

Драздоўскі паглядзеў яму ўслед і падумаў: «Тут кепска, а дзе-небудзь дык ужо будзе табе рай». Ён даў газу і паехаў на ферму.

Вечарам Драздоўскі вырашыў схадзіць у бібліятэку.

Але, як толькі ступіў у дворык старое школы, дзе цяпер у адной палавіне размяшчалася пошта, а ў другой — бібліятэка, святло ў акне патухла. Пакуль Драздоўскі дайшоў да ганка, Скаражонак ужо вешаў на дзверы замок.

— А-а! — узрадаваўся ён і патрос перад Драз-доўскім дзвюма кніжкамі.— Я тут табе ўзяў Эдгара По і раннія апавяданні Гогаля. Пачытаеш «Заколдованное место» яшчэ... Я, карацей, пазначыў галачкамі, што чытаць. Паглядзіш, як смяяліся з забабонаў людзі яшчэ сто гадоў назад.

— Давай,— сказаў Драздоўскі і ўзяў кніжкі пад паху.— Але нешта ранавата ты.

— Вам усё ранавата,— пакрыўдзіўся бібліятэ-кар.— Тут хоць суткамі сядзі — толку.

Яны выйшлі на вуліцу.

— Вы ж думаеце, кнігі для таго, каб іх елі мышы,— кіўнуў Скаражонак на хату, каля якой яны праходзілі.

— Закіпеў, слова ўжо не скажы табе.

— Ды не, я ж не крыўдую...

Было ўжо зусім цёмна, на небе толькі дзе-ні-дзе слаба свяціліся зоркі. У хатах глядзелі тэлеві-зары, і пад вокны і на дарогу клаліся сінія палосы святла. Падмёрзлая на ноч дарога была слізкая; Скаражонак не ўтрымаўся, прабег — і праехаўся па ёй некалькі метраў, як па лёдзе.

«Хутка паедзе адсюль Скаражонак; ужо нашто Стральчэня, а і той думае пра нейкія ад'езды»,— з сумам падумаў Драздоўскі.

— Чуў, сёння Стральчэню ў больніцу забра-лі,— сказаў ён.

— Вось добра, што ўспомніў,— павярнуўся Скаражонак.— Я якраз перад тваім прыходам пра гэтае думаў. Ты ўчора ўсё ж трохі быў праў: не ў забабонах, канечне, а ў тым, што... Карацей, ты зразумеў... Дзед дзедам, але тут хутчэй за ўсё важны не сам дзед, а асяроддзе. Тут трэба думаць: адкуль такія дзядкі-баравічкі бяруцца? Перш чым з дзедам, па-мойму, трэба разбірацца з сынам і з нявесткаю, дый не толькі з імі... I ці не зробім мы памылкі, разабраўшыся ўпярод з дзедам, а карані гэтыя, так сказаць, пакінем, каб потым з іх расло новае зло?

— Дык дзед жа ў больніцы! — здзівіўся Драздоўскі.— Чаго табе яшчэ трэба?

— А вось чаго,— Скаражонак прашамацеў у кішэні нейкімі паперамі.— Я тут трохі напісаў, але тут цёмна, усё адно не прачытаеш... Карацей, напісаў фельетон пра ўсе гэтыя справы. Ты падпішашся як сведка, і пашлём у газету.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке