Андрэй Федарэнка - Гісторыя хваробы стр 20.

Шрифт
Фон

Калі мяне не прызнаюць хворым, значыць, я здаровы. Магчыма, шмат людзей адчуваюць тое ж самае, але прызвычаіліся. Магчыма, я выжыву, нават не звар'яцею. Але хто, калі і чым мне ўсё гэта акупіць? (Канец дзённіка).

Я чакаў два, тры дні — Брусавец не заяўляўся, а я не ведаў, дзе ён цяпер жыве. Урэшце неяк цераз дзесятыя рукі даведаўся, што ён увогуле нідзе не жыве — ні ў нашым інтэрнаце, ні ў Мінску. Зацяжарыла ягоная дзяўчына, тым жа вечарам, калі мы разбіраліся ў Вяргейчыкавых дзённіках, яна прыехала, нарабіла плачу, і Брусавец, доўга не думаючы, напісаў заяву аб пераводзе на завочнае і паехаў з ёю дадому — здаецца, у Лоеў.

Паперы паперамі, есці яны не просяць. Цікавіцца імі мог адзін Брусавец, але і той з'ехаў, і ні слыху ні дыху. Папка ляжала ў тумбачцы, на кніжках, і, лазячы ў тумбачку па некалькі разоў на дзень, я звыкся з ёй. Здавалася, гэта так і трэба, каб яна тут ляжала. Занесці на сметнік і выкінуць мне, як чалавеку практычнаму, і ў галаву не прыходзіла. І дачакаўся-такі выпадку ўладкаваць гэтыя паперы! Памагло, што нашыя з Вяргейчыкам прозвішчы на «В». Недзе перад Кастрычніцкімі святамі, пераглядаючы лісты і паштоўкі свае скрынкі, убачыў паштоўку — Вяргейчыку. На зваротным штэмпелі — горад Ленінград. Прачытаў: «Вяргейчык, мне вельмі кепска. Ці можна хоць што-небудзь вярнуць? Калі можна, я вельмі хачу цябе бачыць. Таня».

Людзі, людзі! Як Мяцельская апынулася ў Ленінградзе, чаго ёй кепска — можна толькі здагадвацца. Ды мяне гэта і не цікавіла. Я напісаў збольшага, што ведаў пра Вяргейчыкаву смерць, уклаў у канверт паштоўку і адаслаў па адрасе. У той жа вечар узяўся за работу, анігадкі ўрокаў на пачатку года было мала. Вечарамі, за тыдзень, перапісаў дзённік на сучасны лад (акрамя лацінкі, Вяргейчык карыстаўся дарэформавым правапісам), падабраў эпіграф, памучыўся трохі з назовам... Перш даў «Гісторыя дзіўнага кахання», а тады падумаў, падумаў і назваў гэтае пачуццё словам «хвароба» — так, як часта называў яго і сам нябожчык.

1988 г. 

— Слоў не хапае, ёлкі-палкі! Быць не можа — дажывёмся да нейкага канца!

— Стой, направа. Сюдою бліжэй.

Яны звярнулі з наезджанае дарогі на ледзь пра-бітую ў рыхлым адліжным снезе сцежку. Вёска засталася ззаду.

Першы, хутка і не азіраючыся, ішоў невысокі юнак гадоў дваццаці, хоць кажух і насунутая на самыя вочы шапка рабілі яго трохі старэйшым. Гэта быў вясковы бібліятэкар Міхась Скаражонак, які сёння па даручэнню старшыні сельсавета праводзіў перапіс насельніцтва, ці, прасцей, хадзіў па хатах і па спецыяльным сшытку правяраў, ці ўсе, хто ў гэтым сшытку запісаны, жывуць у вёсцы. Не азіраючыся цяпер на даўгалыгага маўчуна Рыгора Драздоўскага, які ішоў з ім на хутар за кампанію, бібліятэкар з запалам гаварыў:

— Дажыліся! На ўсю вёску з маладых — ты ды я! Раней бы не так у вочы кідалася, не задум-ваўся неяк: жыве нехта ў вёсцы — ну й жыве! А цяпер прайшоў па хатах — сэрца стыне, ё-маё... Ну, хай дзесяць, дваццаць гадоў ад сілы пахо-дзяць гэтыя старыя — і ўсё! I вёскі няма. I не паверыш, Рыгор, ні ў адной хаце ніхто не пашкадаваў, што дзеці цураюцца роднага дому. Дзе там! Вядро вады не здолее выцягнуць, а радуецца, што дзеткі ў горадзе, культурныя...

— А табе дык дзела ёсць,— адказаў, усміхаючыся, Драздоўскі. Ён ступаў, пазіраючы сабе пад ногі, і стараўся рабіць меншыя крокі, каб падладзіцца пад хаду бібліятэкара.— Паехалі, дык хай едуць.

— Вось правільна! — нібы таго і чакаў, на-смешліва падхапіў Скаражонак.— Так яно сама лепш. Паехалі, прыехалі — якая розніца? Такія, як ты, пэўна, і ў школе іх вучылі — абы наву-чыць, як хутчэй у горад уцякці!

— То й ты ж паедзеш,— не хацеў спрачацца Драздоўскі.— Сам жа казаў, што ў інстытут хо-чаш.

— Я — дык то я! Я, можа, яшчэ тысячу разоў падумаю, перш чым некуды паехаць. А яны думаюць?

— Можа, і думаюць,

— Пруцца здуру! Як жа — у горадзе іх з ар-кестрам страчаюць. Адразу даюць партхвелі і машыны — едзьце назад у вёску, каб там пазай-здросцілі трохі!

Драздоўскі не знайшоў, што адказаць, і засмяяўся. Высокі, вусаты, крыху няўклюдны ў сваім доўгім паліто і ў халодных летніх чаравіках, ён дыбаў за Скаражонкам, як клапатлівы старзйшы брат за непаслухмяным і гарачым малодшым, у якога ў галаве яшчэ шмат ветру. Драздоўскі па гадах (а яму было больш за трыццаць), канечне, павінен быў трымацца дарослых мужчын, а не гэтага амаль хлапчука, які тры месяцы як прыйшоў з войска. Але ў Скаражонка не было тае непрыемнае цікавасці, якую ў апошні час аж залішне праяўлялі да Драздоўскага дарослыя — ён ніколі не распытваў Драздоўскага аб ягонай былой жонцы. Ён увогуле больш любіў гаварыць сам, а Драздоўскаму падабалася яго слухаць, хоць, як і цяпер, было незразумела, дзеля чаго бібліятэкар усё гэта кажа.

Драздоўскі не разумеў свайго малодшага сябра, бо яму словы тады толькі здаваліся важныя і патрэбныя, калі са слоў гэтых выцякала нейкае дзеянне. Калі на ферме, дзе ён працаваў электрыкам, брыгадзір загадваў яму правесці ў цялятнік святло, дык гэта было ясна і зразумела: ён нацягваў дрот, прыбіваў яго эбанітавымі чашкамі, вешаў патрон, укручваў лямпачку... Калі б раптам брыгадзіру замест кароткага загаду захацелася паўдня тлумачыць Драздоўскаму, як кепска без святла чысціць цялятнік, як цяжка ў цемры закладаць цялятам корм, як увогуле неабходна электрычнасць на ферме,— з гэтае прамовы Драздоўскі вынес бы гэтакі ж кароткі загад — патрэбна святло.

Слухаючы цяпер бібліятэкара, Драздоўскі падумаў: «Ну, едуць з вёскі, а што зробіш? Станеш у дзвярах і не будзеш пускаць? Нічога тут не зробіш». Падумаўшы так, ён не перабіваў больш Скаражонка і не надта каб слухаў яго.

На двары на іх забрахаў быў чорны малы сабака, але Драздоўскі зрабіў выгляд, што хоча падняць камень, і, тупнуўшы нагою, крыкнуў:

— А ты тут!

Сабака завішчаў і палез у будку, але зараз жа яму адазваўся другі, аднекуль з-за хлява. Той, другі, брахаў доўга, падвываючы, аж пакуль яны прайшлі веранду, пасля цёмныя сенцы і затым ужо, прамацаўшы па чарзе клямку хвіліны са тры — у меншую хату.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке