Аксана даела гурок, выкінула хвосцік у сметніцу каля кіёска. Тады, скоса пазіраючы на незнаёмца, дастала з кішэні талер і, каб паказаць, што яна ніколькі нікога не баіцца і таму можа рабіць тое, што рабіла б, калі была б адна, пачала драпаць рубцом талера па драўляным, пафарбаваным у чырвоны колер прылаўку кіёска. На прылаўку хтосьці паспеў пакінуць ўжо след — славянскімі літарамі было надрапана «ай лав ю».
— Дзяўчынка, ты што хуліганіш?! — прыкрыкнуў на яе кіяскёр.— Ану, адыдзі!
Аксана неахвотна паслухалася, адступіла, заціснула манету ў кулак.
У машыне між тым апусцілася бакавое шкло, высунулася лысая галава ў цёмных акулярах, і голас крыкнуў, звяртаючыся да незнаёмца:
— Сева, колькі цябе можна чакаць!
Але Сева, убачыўшы манету, застыў як акамянелы. Ён не павярнуўся на вокліч і нават забыў выплюнуць вішнёвую костачку, а калі сабраўся ўрэшце загаварыць, падавіўся і пачаў адплёўвацца.
— Адкуль... гэта ў цябе?! — неяк спалохана спытаў ён, калі адкашляўся, падступаючы да дзяўчынкі.
— Адтуль,— дзёрзка адказала Аксана.
Сева аблізаў вусны.
— Прадай мне гэтую штуку... Ці хоць бы пакажы. Я табе вось... пяць даляраў дам! — і ён пачаў шнырыць па кішэнях, не зводзячы з дзяўчынкі вачэй.— Хочаш пяць даляраў?
— Не хачу.
— А дзесяць? — і сапраўды, у яго руцэ з'явілася дзесяцідаляравая купюра.
— Не хачу.
— А дваццаць? Дваццаць сапраўдных амерыканскіх «баксаў»!
— Не хачу.
Сева прамаўчаў, тады прыжмурыўся, выціснуў праз зубы:
— Ты, я гляджу, хочаш дужа многа...
— Сева!
Лысы, не дачакаўшыся сябра, вылез з машыны і падышоў да кіёска. Быў ён нізкі, тоўсты, у цёмных круглых акулярах і лысы, як бубен.
— Ну, што такое тут?
Сева моўчкі адвёў яго ўбок, за кіёск. Аксане ўдалося расчуць:
— Клянуся... яна з сабою... талер!..