Сапраўды, аўтобус якраз падрульваў да перона перад прыгожым будынкам з надпісам «Аўтавакзал».
— Стаянка дваццаць хвілін! — аб'явіў у дынамік вадзіцель.
Раздзел 5. ПАЧЬІНАЮЦЦА ЗАГАДКІ
У Чэрвені Аксана раптам закапрызнічала. Бацька дастаў бутэрброды з каўбасою, працягнуў адзін дачцэ.
— Я не магу ўсухамятку. Хачу піць. І хачу чагосьці гарачага, хоць піражка з капустаю, ці чэбурэк, ці піццу...
Бацьку давялося хутчэй даядаць бутэрброд і ісці ў вакзальны буфет. Следам выбралася з аўтобуса і Аксана. Агледзелася — ого, аж чатыры міжгароднія аўтобусы, акрамя іхняга, і яшчэ два «пазікі». Абышла ўсе аўтобусы, прачытала ўсе шыльды. Чым бы яшчэ заняцца? Услед за іншымі пасажырамі падалася праз прывакзальную плошчу, за якой віднеўся невялікі крыты базарчык. Паблукала там між радоў, удыхаючы самыя розныя пахі ранняй садавіны і гародніны, ізноў, як і дома ў Мінску, падзівілася — адкуль гэта ўсё? Ну, бананы, вішні, чарэшні, апельсіны, лімоны — гэта, зразумела, прывозяць з поўдня. Але адкуль у бабак, яўна мясцовых, свежыя памідоры і гуркі ў травені месяцы? З парнікоў? Ці проста скупляюць усё на вялікім гарадскім базары і тут перапрадаюць?..
— Колькі каштуе адзін гурок? — спытала яна ветліва.
Згорбленая, у чорнай хустцы старая, з валасатымі бародаўкамі на зморшчаным вузкім твары, падобная на чараўніцу з казкі «Карлік Нос», злосна зірнула на яе і нічога не адказала, толькі чамусьці бліжэй да сябе падсунула кош з гуркамі.
— Гурочка хочаш, дзіцятка? — абазвалася збоку другая бабуля, таксама прыгорбленая і таксама ў чорнай хустцы, але зусім не страшная. І голас добры.— А грошыкі ў цябе ці ёсць?
— Няма... Я сірата,— вырвалася ў Аксаны між волі.— І два дні нічога не ела,— для поўнай перакананасці дадала яна.
— Маё ты дзіцятка... На, еж на здароўе,— бабка выбрала з вядра самы лепшы гурок, абцерла яго фартухом і падала дзяўчынцы.
Малады чалавек у белай кашулі, з кароткай прычоскай, як у завуча Андрэя Адамавіча, купляў побач вішні. Пры словах Аксаны, што яна «сірата», ён з нейкай нядобрай цікавасцю паглядзеў на яе.
Хрумстаючы салодкім гурком, дзяўчынка выбралася з базару, падышла да газетнага кіёска, што стаяў у канцы перона, пачала разглядаць часопісы. Раптам спіною яна адчула на сабе нечы позірк. Павярнулася — за тры крокі ад яе стаіць незнаёмы «завуч» з папяровым пакецікам у руцэ, есць вішні, выплёўвае костачкі сабе пад ногі і моўчкі глядзіць на яе. Ёй не спадабаўся гэты пагляд. Яна адвярнулася да кіёска.
— Дзяўчынка, хочаш вішняў? — ступіўшы бліжэй, сказаў чалавек непрыемным, хрыпатым голасам. Непрыемным гэты голас быў ужо толькі таму, што належаў чужому даросламу дзядзьку, несімпатычнаму Аксане. Не толькі голас, а і прычоска, і адзенне — усё ў ім здавалася ёй непрыемным.
— Не хачу,— адказала яна.
Паблізу, як на тое, нікога не было.
— Дык ты сірата? — не адставаў чалавек.— А дзе ты жывеш?
Аксана прамаўчала, паказваючы, што не мае ніякага жадання ўступаць з гэтым чалавекам у сяброўскія размовы.
— А хочаш на машыне з намі пакатацца? У Мінск?
— Не хачу.
— А можа, хочаш? Падумай. Пакатаешся вось на гэтай машыне, замежнай, прыгожай,— чалавек паказаў на цёмнасінюю «Аўдзі», што прыткнулася паблізу базарчыка.
Аксана гмыкнула. За каго ён яе прымае? Ды яна яшчэ з першата класа ведае, што ад такіх, як гэты, трэба трымацца далей: не адказваць на пытанні, ніколі не пытацца аб нечым самой, не заходзіць з такімі разам у ліфт, нават у пад'езд... Ды яна, можа, больш за яго ведае розных гісторый, калі дзяўчынак заманьвалі, або проста выкрадалі, звозілі некуды... У школе нават спецыяльныя заняткі ёсць, дзе ім, дзяўчынкам, расказваюць пра гэта і вучаць асцярожнасці з незнаёмымі.