Андрэй Федарэнка - Смута стр 27.

Шрифт
Фон

– Ідзіце ў калідор! – махае суддзя рукою. – Але напярод магу сказаць – я вам уляплю, колькі па гэтым артыкуле можна!

Бульбашы...

У ранішнім тралейбусе едуць высокі і нізкі. Абое пакамечаныя, з падпухлымі, нядобра ссінелымі тварамі, на якіх усе сляды ўчарашняй ночы...

Высокі, прыкрываючы далоняю рот, кажа:

— Кожная пахмелка скарачае жыццё на адзін год.

Нізкі слухае з надаверам. Па гэтых падліках ён павінен быў памерці сама мала разоў з дзесяць.

– Можна піць кілаграмамі, — кажа зноў высокі, — і нічога не будзе. Абы не пахмяляцца. Ні півам, ні нават кефірам. У кефіры таксама спірт ёсць.

-- Дык што, мучыцца? Дзякую.

-- Сама лепш: наліваеш гарачую, каб аж скура смылела, ванну, выпарваешся і п'еш малачко. Сырое, а яшчэ лепш — паранае. Малако выцягвае ўсе гэтыя п'яныя шлакі...

-- Што, праўда? — трохі ажыўляецца нізкі. — Папарышся, пап'еш — і ўсё?

-- Ну, захацеў — усё! Тады толькі ўсё і пачынаецца! Як стане гэтае праклятае малако высмоктваць, як пачне цябе і вярнуць, і круціць: сэрца абрываецца, у вачах — павукі, у Рыгу ездзіш...

-- Вось дурань! — плюецца нізкі. — Дык лепш сто грамаў выпіць!

-- Гэта само сабою, — апраўдваецца высокі. — Пасля ванны і малака — гэта само сабою – святая справа...

– Дурань, — паўтарае нізкі. — Я думаў, ты раскажаш, як і каб не пахмяляцца, і каб галава не трашчала.

– Ну, захацеў! Так не бывае. Навука такіх рэцэптаў пакуль не адкрыла, — нявесела жартуе высокі.

Замаўкаюць. У вачах у абодвух — пакутнае, пакорлівае доўгацярпенне.

Чалавек з парфелем-“дыпламатам” ішоў цёмнай лясной сцяжынаю, як злодзей – хутка, асцярожна, спрытна пераскокваючы цераз частыя калюжыны і падгінаючы галаву пад мокрыя галіны; вайсковая форма рабіла яго яшчэ больш непрыкметным у начной цемры.

Толькі што адгрымела кароткая чэрвеньская навальніца, пакінуўшы пасля сябе гэтыя калюжыны і цёплы дожджык, які аднастайна шапацеў аб лісце і глушыў усе іншыя гукі. Між тым зусім блізка была вёска. З цемры нечакана выступіла доўгая скірда дроў і кавалак недагароджанага плота. Каля скірды чалавек спыніўся, зняў з галавы фуражку, уздыхнуў, паглядзеў на неба, на чорную сцяну хлява за плотам, паставіў між ног “дыпламат” і падняў да ілба правую руку... Але, памарудзіўшы, толькі выцер мокры лоб, зноў насунуў фуражку і пайшоў паўз плот у абход вёскі.

Каб ён у гэты момант азірнуўся, дык, мабыць, спалохаўся б добра – каля скірды чорнае, тоўстае шула, якое ён ледзь не крануў “дыпламатам”, так блізка каля яго прайшоўшы, раптам заварушылася, набыло абрысы і аказалася мажным дзядзькам у дажджавіку, высокіх гумовых ботах і з абярэмкам дроў у руках. Дзядзька счакаў, пакуль заціхне шорах КРОКАЎ, І ПАМАЛУ ПАСУНУЎСЯ Ў цемру, у лес. На маленькай, стаптанай палянцы гарэла вогнішча, пахла брагаю, цёплай парай, стаялі дзве флягі... словам, ясна, што тут адбывалася. Каля флягаў садзела на коленцах цётка і ўвязвала нешта ў дзіравую посцілку. Дзядзька ссыпаў каля вогнішча дровы і сказаў ціха:

— Точна Холадаў унук пайшоў... Казырок блішчыць, як міліцынерскі.

— А ён не ў варміі? — разагнулася цётка.

— Мо ўцякло, падло, бо гародамі ішло... Паганы знак! Каб хоць кацёл не парвало...

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке