Андрэй Федарэнка - Смута стр 24.

Шрифт
Фон

— Ну, зараз! Лягчэй сказаць, што ёсць. Не, сёе-тое, вядома, ёсць, але так ёсць, як быццам няма, а чаго няма, дык... як вам растлумачыць...

— Добры чалавек, — сказалі з залы, — выбачай, ты растлумач нам адно: калі ўсё сапраўды так, як ты кажаш, дык нашто вам гэта? Нашто вам трэба былі перамены?

— Гм, нашто перамены... Вядома, каб лягчэй жыць, лепш.

— Лепш — гэта як?

— Ну, калі сёе-тое будзе... I больш-менш танна...

— Як у нас цяпер?

— Ну, хоць бы як у вас цяпер...

— I калі гэта ў вас будзе?

— Абяцаюць гадоў праз дзесяць, можа, дваццаць.

— Пастой, чалавеча, — сказаў голас. — Значыць, вы жылі, як мы цяпер, правільна? Тады зрабілі талоны, купоны, лізінг, замест аднаго прадаўца тры – і ўсё дзеля таго, каб праз дзесяць-дваццаць гадоў жыць як і жылі? Як мы і цяпер жывём? Так атрымоўваецца?

Кірэвіч развёў рукі.

— Атрымоўваецца так, — сказаў ён.

Кадол вёў журналіста да сябе начаваць.

— Зараз мы з вамі першачку, — весела гаварыў ён, — ды пад свяжынку, ды цыбулі ў сале насмажым, ды паллём зверху... А? А запіваць будзем расолам з памідораў...

Журналіст раптам спыніўся і схапіў яго за рукаў:

— Вось што — жывіце, як і жылі! Нікому нічога не скажу.

— Добры чалавек, — засмяяўся Кадол,— наадварот — скажы! Усё адно рана ці позна пранюхаюць і прымусяць перабудавацца! Так што кажы, а яшчэ лепш напішы. Толькі напішы як ёсць, як ты сам пра гэта думаеш. Напішаш?

.................................................................................................................

Напісаў.

Яны сустрэліся выпадкова, на пустой алеі няўтульнага восеньскага сквера,— два блізкія некалі сябры, якіх пасля інстытута раскідала жыццё па сваіх расхлістаных дарогах; яны шчыра абняліся, абое непрыдумана радыя, і прыселі на лавачку пад зжаўцелым клёнам.

- Ну што — дзе ты, як? — закурваючы, узрушаны, спытаў адзін — у капелюшы, у доўгім скураным плашчы, з-пад адваротаў якога выглядвала бялюткая кашуля і бліскуча-чырвоны буйны гальштук.

- Так, — адказаў другі, апускаючы вочы на свае зацяганыя джынсы, на рукавы польскай джынсавай куртачкі, якую сябар павінен быў памятаць яшчэ з інстытута. — Жыву, як усе.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке