— А я пакуру, Міраслаў Раманавіч, тады і есці не так хочацца, — пасмейваючыся, ніяк не крыўдуючы на «сабаку пазайздросціць», казаў Івановіч.
— У Маскве, я чуў, ужо і цыгарэты знікаюць.
— Ну, што-што, а такое дабро, думаю, не знікне...
Пагаварыўшы так, яны развітваліся і разыходзіліся: адзін – прымаць ванну, піць чай з мятаю, у мяккім крэсле глядзець па тэлевізары пра стыхійныя бедствы і крымінальную хроніку, а пасля ў цёплым ложку абдымаць прыгожую маладую пакорную жанчыну; другі – у свае халодныя чатыры сцяны, дзе стол, ды лямпа, ды нікому непатрэбныя паперы, ды шклянка кефіру на тумбачцы перад сном – па модзе старых людзей... Ды што тут шмат распісваць, і так вядома – Бог няроўна дзеліць!..
Неўзабаве пачалі збывацца прароцтвы Міраслава Раманавіча. Адной цудоўнай раніцаю па ўсім горадзе ў адначассе знікла ўсё курыва. Спярша, «пацалаваўшы замок» на трох тытунёвых кіёсках, Івановіч не спалохаўся, не абурыўся, а толькі ўзрадаваўся.
«Тым лепш — я проста кіну курыць, — думаў ён, едучы тралейбусам на службу. — Ніхто ад гэтага не паміраў, і я не памру. Па-першае, здароўе, чыстыя лёгкія, здаровыя зубы, — Івановіч застагнаў ад сораму, успомніўшы, што апошнім часам жонка стараецца спаць тварам да сцяны, адвярнуўшыся .ад яго. — Яна не скажа, але ж гэта — пахне з рота... Ад курыва... А фінансы? Трэцяя частка маёй зарплаты! Чым займаць час? Рыбалкаю, гры-бамі, чытаць, адкрыцьсвой бізнес — ды мала...»
Івановічу ад гэтых думак стала так добра, што захацелася «замачыць» радасны настрой дзвюма-трыма добрымі зацяжкамі. Ён выйшаў з тралейбуса. На прыпынку сёй-той курыў. Івановіч пачаў пытацца, але ні ў кога, вядома, лішняй цыгарэты іне аказалася. Тут ён убачыў штосьці цікавае, ад чаго самому зрабілася сорамна. Каля лаўкі ляжаў доўгі недакурак; блізка таптаўся нейкі мужчына, вось прысеў паправіць шнурок, паправіў, разагнуўся, і недакурка не стала...
На службе сёння ў Івановіча ўсё валілася з рук.
У абед яму ўдалося стрэльнуць цыгарэту, але боязь, што яна хутка скончыцца і зноў нічога не будэе, толькі разнервавала яго. Пацягнуўшы пару разоў, ён цыгарэтку затушыў, паклаў у кішэню і праз кожныя пяць-дзесяць хвілін выходзіў на калідор і пакурваў. Якая тут служба...
З работы Івановіч вяртаўся сонны, разбіты і да ўсяго абыякавы. Яму саступалі дарогу. Каля лазні, недалёка ўжо ад дому, яго спыніў высокі лысаваты мужчына ў спартыўным касцюме, са скураным партфелем.
— Выручай, добры чалавек! — узмаліўся мужчына. Голас у яго быў лагодны, нават жаласлівы, а твар чысты, гладкі і блішчэў, як у манекена. — Можа б, вы згадзіліся скласці кампанію? Білет у «люкс» прападае. Хацеў тут аднаму аддзячыць, заказаў «люкс», набраў піва, ракаў, «Рускай», а ён не прыйшоў... Відаць, пагрэбаваў...
— А чым тут грэбаваць?
— Бачыце, ён шышка, партакрат, прывык да ікры, каньякоў, да сваёй кампаніі... А я хто? Звычайны актор!
— Няма калі, — адказаў Івановіч, спрабуючы абысці мужчыну.
Той нечакана расхваляваўся:
— Ну дык ідзіце, калі няма калі! Відаць, таксама з апаратчыкаў! Знайшоў, скажы, чым здзівіць — півам з ракамі!..
У мужчыны ад крыўды, калі ён выцягнуў пачак «Арбіты», аж дрыжэлі рукі. Івановічавы пальцы самі сабою раптам заварушыліся, а позірк зрабіўся вастрэйшы.
— Дайце, — хрыпата сказаў ён.
Мужчына радасна і пільна на яго глянуў, даў дзве, прыкурыў і зусім неяк па-свойску ўзяў пад руку. Мала што разумеючы, разамлелы ад нечаканай удачы, Івановіч пакорна пайшоў з ім да лазні. Мужчына купіў у дзеда, што расклаў на ганку свой тавар, два дубовыя венікі, а дзядок, чамусьці хіхікаючы, пажадаў ім лёгка парыцца. У дзвярах, прапускаючы іх, расступіліся ў бакі дзве распараныя, з мокрымі валасамі жанчыны, а потым зашапталіся і таксама захіхікалі. Івановіч прагна смактаў «арбіціну» і .нічога не ззўважаў. Каля самай прапускной круцёлкі на іх вссела і груба крыкнула жанчына ў белым халаце:
— Куды ўжо, галубнякі, маршыруеце з папяросамі? Вуй, ды шчэ й пад рукі пабраліся!
Жанчына зарагатала.
— Сцяпанаўна, рыбка, — замаліўся мужчына і палез у свой партфель.— Аформі «люкс» — нас двое...