Ён зноў зірнуў на Стэлу, цішком, каб тая не заўважыла. Яна бязгучна плакала. Слёзы вялікімі гарошынамі каціліся па бледным твары.
- Што здарылася, дарагая?
- Сід, я не магу сёння больш скакаць, - усхліпнула яна.
- Чаму?
- Я баюся.
Ён узяў яе за руку.
- Ну, ну, я ж цябе добра ведаю, - сказаў Сід, - ты самая храбрая жанчына ў свеце. На, лепш выпі трошкі брэндзі, супакойся.
- Не, толькі горш будзе.
- Але ж нельга падманваць публіку.
- Подлая публіка! Свінні, толькі і ведаюць, што есці і піць. Статак балбатлівых дурняў з процьмай грошай у кішэні. Глядзець на іх брыдка. Што ім да таго, што кожны раз я рызыкую жыццём.
- Вядома, яны сюды ходзяць, каб паказытаць сабе нервы, - збянтэжана замармытаў Сід. - Але ты ведаеш не горш за мяне, што рызыкі тут няма, калі ты валодаеш сабой.
- А я страціла самавалоданне, Сід. Я разаб'юся.
Яна крыху павысіла голас, і ён спалохана азірнуўся на бармена. Але той паглыбіўся ў газету і не звярнуў на іх ніякай увагі.
- Ты не ўяўляеш, як страшна глядзець на ўсё зверху, з пляцоўкі. Скажу табе шчыра, сёння я ледзь не страціла прытомнасць. Я не магу сёння скакаць другі раз, чуеш? Ты павінен нешта зрабіць, Сід!
- Калі ты змаладушнічаеш сёння, заўтра будзе яшчэ цяжэй.
- Не, памыляешся. Цяжка, што трэба скакаць два разы на дзень, і гэтае бясконцае чаканне. Ідзі да містэра Эспінэля і скажы яму, што я не выцягну па два выступленні за вечар. Я проста не вытрываю.
- Ён будзе супраць, я ведаю. Увесь іх прыбытак залежыць ад цябе. Людзі вечарам сюды толькі і ідуць, каб паглядзець на тваё выступленне.
- Нмчога не зробіш. Кажу табе, я больш не магу.
Ён маўчаў. Па яе бледным твары ўсё яшчэ каціліся слёзы, і ён бачыў, што яна хутка траціць уладу над сабою. Ужо дзён колькі запар ён хваляваўся за яе, але так ці іначай хацеў пазбегнуць гэтай гаворкі. Добра разумеў, што будзе лепш, калі яна не скажа, што адчувае. Але ён хваляваўся. Таму, што кахаў яе.
- Я пайду, Эспінэль шукаў мяне, - сказаў ён урэшце.
- Што яму трэба?
- Не ведаю. Я скажу яму, што ты можаш даваць толькі адно выступленне за вечар. Паглядзім, што ён адкажа. Пачакаеш мяне тут?