Стары падарожнік па Грэнландыі наліў нам па куфлю піва і пачаў расказваць пра сваю веру ў судны першабытных народаў, у здольнасць гэтых людзей перасоўвацца па сушы і па моры, прыстасоўваючыся да прыродных умоў. Яму самому даводзілася спускацца на плыце па вялікіх сібірскіх рэках і, плаваючы на караблі ўздоўж арктычных берагоў, цягнуць на буксіры плыты мясцовых жыхароў. Расказваючы, ён тузаў сябе за бараду і пад канец запэўніў нас, што мы будзем мець ад нашага падарожжа вялікую прыемнасць.
Дзякуючы гарачай падтрымцы Фрэйхена справа закруцілася з шалёнай хуткасцю, і неўзабаве аб ёй загаварыў скандынаўскі друк. Ужо назаўтра раніцай пачуўся моцны стук у дзверы майго пакоя ў Доме маракоў. Мяне клікалі да тэлефона ў ніжні калідор. У выніку гэтай размовы ў той жа вечар Герман і я пазванілі ля пад’езду аднаго з дамоў у фешэнебельным квартале Нью-Йорка. Нас сустрэў шыкоўна апрануты малады чалавек у лакіраваных дамашніх пантофлях і шаўковым халаце, надзетым на сіні касцюм. З першага погляду, калі ён, прытульваючы да носа надушаную хустачку, прасіў прабачэння за сваю прастуду, можна было падумаць, што гэта нейкі пястун. Але мы ведалі, што гэты хлапчына праславіўся ў Амерыцы сваімі подзвігамі як лётчык у час вайны. Апрача нашага ўвесь час спакойнага з выгляду гаспадара, там былі яшчэ два энергічныя маладыя журналісты, ахопленыя прагай дзеяння і поўныя розных ідэй. Аднаго з іх мы ведалі як таленавітага карэспандэнта.
За пляшкай добрага віскі гаспадар растлумачыў, што зацікавіўся нашай экспедыцыяй. Ён прапанаваў знайсці для нас неабходныя сродкі пры ўмове, што мы дадзім згоду пісаць аб падарожжы ў газеты, а вярнуўшыся, зробім паездку па розных гарадах з лекцыямі. Пад канец сустрэчы мы дамовіліся і выпілі за паспяховае супрацоўніцтва паміж тымі, хто фінансуе экспедыцыю, і тымі, хто ўдзельнічае ў ёй. Цяпер усе эканамічныя праблемы павінны былі вырашыцца; імі зоймуцца нашы кампаньёны, а мы можам больш не турбавацца. Герман і я павінны зараз жа распачаць падбор экіпажа і неабходнага рыштунку, пабудаваць плыт і рушыць у дарогу да таго, як настане перыяд штормаў.
На другі дзень Герман звольніўся з работы, і мы сур’ёзна ўзяліся за справу. З дапамогай Клуба падарожнікаў я паспеў ужо атрымаць згоду даследчай лабараторыі матэрыяльнай часткі ваенна-паветранных сіл забяспечыць нас усім, што я папрашу; кіраўнікі лабараторыі лічылі, што такая экспедыцыя, як наша, цудоўна паслужыць выпрабаванню іх рыштунку. Гэта быў добры пачатак. Цяпер нашы галоўныя задачы заключаліся ў тым, каб знайсці чатырох адпаведных людзей, гатовых выбрацца ў падарожжа з намі на плыце, і расстарацца харчу на ўсю дарогу.
Падбіраць людзей, якім давядзецца ў будучым разам плыць па акіяне на плыце, трэба было вельмі старанна. Інакш пасля месячнага знаходжання ў адкрытым моры маглі б узнікнуць розныя непрыемнасці і сваркі. Я не хацеў камплектаваць каманду плыта з маракоў: яны наўрад ці ведалі больш за нас аб тым, як трэба кіраваць плытом, а затое пазней, калі б нам удалося давесці справу да канца, маглі б, чаго добрага, пачацца размовы, што мы дабіліся поспеху, магчыма, толькі таму, што былі лепшымі маракамі, чым старажытныя будаўнікі плытоў у Перу. I ўсё ж на плыце не шкодзіла мець хоць аднаго чалавека, які ўмеў бы, ва ўсякім разе, карыстацца секстантам і адзначаць наш курс на карце; гэта было неабходна для навуковых справаздач.
— Я ведаю аднаго мастака, — сказаў я Герману. — Гэта высокі, здаравенны хлапчына, які ўмее іграць на гітары і не ведае, што такое смутак. Ён закончыў мараходнае вучылішча і некалькі разоў плаваў вакол свету да таго, як засеў дома з пэндзалем і палітрай. Я ведаю яго з маленства, і мы часта рабілі з ім турысцкія паходы па гарах на радзіме. Я напішу яму; я ўпэўнены, што ён прыедзе.
— Гэта той, хто нам трэба, — згадзіўся Герман. — Але нам таксама неабходна мець чалавека, які б разбіраўся ў радыё.
— У радыё! — спалохана ўсклікнуў я. — На якое ліха яно нам здалося? Яму не месца на дагістарычным плыце!
— Вы памыляецеся; гэта мера перасцярогі, якая не пашкодзіць вашай тэорыі, калі нам не давядзецца пасылаць сігналы няшчасця і прасіць аб дапамозе. А радыё нам спатрэбіцца, каб перадаваць метэаралагічныя назіранні і іншыя звесткі. Да таго ж мы не будзем мець магчымасці карыстацца радыё для прыёму папярэджанняў аб штормах, паколькі для гэтай часткі акіяна такіх папярэджанняў не бывае, а калі б яны і былі, якая з іх карысць для нас на плыце?
Паступова я згадзіўся з ім, бо ўсе мае пярэчанні, уласна кажучы, грунтаваліся галоўным чынам на маёй непрыязнасці да ўсялякіх кнопак і ручак, якія трэба круціць.
— Як гэта ні дзіўна, — прызнаўся я, — але ў мяне ёсць многа знаёмых, якія маюць дачыненне да радыёсувязі на вялікія адлегласці. У час вайны я быў залічаны ў падраздзяленне радыёсувязі — відаць, «па спецыяльнасці». Я абавязкова напішу Кнуту Хаугланду і Тарстэйну Рабю.
— Вы з імі знаёмы?
— Так. З Кнутам я першы раз сустрэўся ў Англіі ў 1944 годзе. Англічане ўзнагародзілі яго ордэнам за ўдзел у парашутным дэсанце, які звёў на нішто спробы немцаў стварыць атамную бомбу: Кнут быў радыстам у групе ўдзельнікаў Супраціўлення, што зрабіла дыверсію па знішчэнню ў Р’юкан запасаў цяжкай вады. Калі я сустрэўся з ім, ён толькі што вярнуўся з другой аперацыі ў Нарвегіі; гестапа ледзь не злавіла яго з тайным перадатчыкам, схаваным у коміне радзільнага дома ў Осла. Нацысты яго запеленгавалі, і ўвесь будынак быў акружаны нямецкімі салдатамі з кулямётамі насупраць кожных дзвярэй. Фемер, начальнік гестапа, сам знаходзіўся на двары, чакаючы, калі прывалакуць Кнута. Але прывалаклі яго ўласных людзей. Кнут з дапамогай рэвальвера прабіўся ад вышак да падвала, а адтуль — на задні двор і пад градам куль знік за бальнічнай сцяной. Я сустрэўся з ім на сакрэтнай станцыі ў старасвецкім англійскім замку; ён вярнуўся для арганізацыі падпольнай сувязі між сотняй перадаючых станцый у акупіраванай Нарвегіі.
Сам я толькі што закончыў парашутную практыку, і мы збіраліся разам саскочыць у Нордмарку, паблізу ад Осла. Але тут якраз рускія ўвайшлі ў раён Кіркенеса, і невялікі нарвежскі атрад быў накіраваны з Шатландыі ў Фінмаркен на змену, калі можна так сказаць, цэлай рускай арміі. Мяне таксама паслалі туды. Там я і сустрэўся з Тарстэйнам.
У тых мясцінах была яшчэ сапраўдная арктычная зіма, і паўночнае ззянне зіхацела на зорным небе над намі. Дзень і ноч стаяла непраглядная цемра. Калі мы праходзілі па пажарышчах спаленага раёна Фінмаркена, пасінелыя ад холаду і хутаючыся ў футравую вопратку, з маленькай халупы сярод гор вылез вясёлы хлапец з блакітнымі вачыма і калючымі светлымі валасамі. Гэта быў Тарстэйн Рабю. У пачатку вайны ён уцёк у Англію і прайшоў там курс навучання; потым яго тайна перакінулі ў Нарвегію, кудысьці пад Трамсё. Ён хаваўся з маленькім перадатчыкам дзесьці паблізу ад лінкора «Цірпіц» і на працягу дзесяці месяцаў штодзень паведамляў у Англію аб усім, што адбывалася на борце карабля. Ён пасылаў данясенні ўночы, далучаючы свой тайны перадатчык да прыёмнай антэны, што паставіў нямецкі афіцэр. Яго рэгулярнымі данясеннямі і кіраваліся англійскія бамбардзіроўшчыкі, якія ўрэшце ўсё-такі патапілі «Цірпіца».
Тарстэйн уцёк у Швецыю, адкуль зноў перабраўся ў Англію, а пасля з новым радыёперадатчыкам саскочыў на парашуце ў тыле немцаў у пустэльным раёне Фінмаркена. Калі немцы адступілі, ён апынуўся ў нас у тыле і выйшаў са свайго сховішча, каб дапамагчы нам сваёю маленькай радыёўстаноўкай, бо наша магутная радыёстанцыя была выведзена са строю мінай. Гатоў біцца аб заклад, што і Кнуту і Тарстэйну абрыдла цяпер сядзець без сапраўднай работы, і абодва яны будуць рады зрабіць невялікую прагулку на драўляным плыце.
— Напішыце і прапануйце ім, — параіў Герман.
Вось я і напісаў кароткія пісьмы, без усякіх прыкрас, Эрыку, Кнуту і Тарстэйну:
«Збіраюся пераплыць Ціхі акіян на драўляным плыце, каб пацвердзіць тэорыю аб тым, што астравы Паўднёвага мора былі заселены з Перу. Ці не хочаце прыняць удзел? Я гарантую толькі бясплатны праезд да Перу і да астравоў Паўднёвага мора і назад; у час падарожжа вы здолееце ў поўнай меры паказаць свае тэхнічныя таленты. Адказвайце неадкладна».
Назаўтра ад Тарстэйна прыйшла такая тэлеграма:
«Еду. Тарстэйн».
Два другія таксама паведамілі, што яны згодны.