Шостым удзельнікам мы думалі ўзяць то аднаго, то другога, але кожны раз узнікалі якія-небудзь перашкоды. Тым часам Герману і мне трэба было брацца за вырашэнне пытання аб прадуктах. Мы зусім не думалі ў час падарожжа есці толькі вяленае мяса лам або сушаныя клубні кумары, бо не збіраліся даказваць, што калісьці мы самі былі індзейцамі. Мы ставілі сабе на мэце выпрабаваць магчымасці і ўласцівасці плыта інкаў, даведацца, наколькі ён прыгодны для плавання ў моры і якую можа мець грузапад’ёмнасць, і высветліць, ці ўдасца яму — з намі на борце — шчасліва пераплыць па волі стыхій акіян і дабрацца да Палінезіі. Нашы папярэднікі індзейцы маглі, вядома, пражыць на плыце на сушаным мясе і рыбе і сушаных клубнях кумары, паколькі гэтымі прадуктамі яны харчаваліся і на беразе. Але мы мелі на ўвазе высветліць, паўтарыўшы іх падарожжа ці ўдавалася ім, плывучы па акіяне, здабываць для сябе свежую рыбу і карыстацца дажджавой вадой. Што датычыць харчу для нас, дык я разлічваў на звычайны палявы рацыён, да якога мы прызвычаіліся на вайне.
Якраз у гэтыя дні ў Вашынгтон прыехаў новы памочнік нарвежскага ваеннага аташэ. Я выконваў абавязкі яго намесніка, калі ён камандаваў ротай у Фінмаркене, і ведаў, што гэта быў «агнявы смерч», які з шалёнай энергіяй хапаўся за вырашэнне любой задачы, пастаўленай перад ім. Б’ёрн Рорхалт належаў да таго тыпу людзей, якія проста не ведаюць, што ім рабіць, калі, закончыўшы адну цяжкую справу, яны не бяруцца адразу ж за новую.
Я абмаляваў яму ў пісьме наша становішча і папрасіў яго пусціць у ход свой тонкі нюх і разведаць, ці не знойдзецца ў кіраўніцтве забеспячэння амерыканскай арміі які-небудзь чалавек, з кім можна было б наладзіць сувязь. Шанцы на поспех заключаліся ў тым, што ваенная лабараторыя распраноўвала новыя палявыя рацыёны, якія мы маглі б выпрабаваць гэтак жа, як мы збіраліся выпрабаваць рыштунак для лабараторыі ваенна-паветраных сіл.
Праз два дні Б’ёрн пазваніў нам па тэлефоне з Вашынгтона. Ён пагаварыў у аддзеле знешніх сувязей амерыканскага ваеннага міністэрства, і там былі не супроць таго, каб даведацца, у чым справа. З першым поездам Герман і я выехалі ў Вашынгтон.
Мы засталі Б’ёрна ў яго кабінеце ў ваеннай місіі.
— Думаю, што ўсё будзе ў парадку, — сказаў ён. — Нас прымуць у аддзеле знешніх сувязей заўтра, як толькі мы будзем мець адпаведнае пісьмо ад палкоўніка.
«Палкоўнік» — гэта быў Ота Мунтэ-Кос, нарвежскі ваенны аташэ.
Даведаўшыся, у чым справа, ён паставіўся да нас вельмі добразычліва і ахвотна згадзіўся даць патрэбнае рэкамендацыйнае пісьмо.
Калі назаўтра раніцай мы прыйшлі па пісьмо, ён раптам падняўся з-за стала і сказаў, што, бадай, будзе лепей паехаць разам з намі яму самому. У аўтамабілі палкоўніка мы пакацілі да Пентагона, самага вялікага будынка на свеце, дзе знаходзяцца кіраўніцтвы ваеннага міністэрства. Палкоўнік і Б’ёрн у поўнай параднай форме сядзелі наперадзе, а Герман і я прымасціліся ззаду і пазіралі праз пярэднюю шыбу на вялізны гмах Пентагона, што ўзвышаўся на плошчы перад намі. Гэты грандыёзны будынак з трыццаццю тысячамі чыноўнікаў і з дваццаццю шасцю кіламетрамі калідораў павінен быў з’явіцца месцам маючай адбыцца «нарады па пытанню адносна плыта» з высокапастаўленымі прадстаўнікамі ваеннага міністэрства. Ніколі ні дагэтуль, ні потым не здаваўся Герману і мне наш плыт такім безнадзейна маленькім.
Пасля бясконцых вандраванняў па лесвіцах і калідорах мы дабраліся да дзвярэй аддзела знешніх сувязей і неўзабаве, акружаныя афіцэрамі ў новенькай, з іголачкі, форме, сядзелі за вялікім сталом з чырвонага дрэва; месца старшыні займаў сам начальнік аддзела знешніх сувязей.
Суровы, шырокі ў касці афіцэр са значком Уэст-Пойнтскай акадэміі, што важна сядзеў у канцы стала, доўга не мог уцяміць, якое дачыненне можа мець амерыканскае ваеннае міністэрства да нашага драўлянага плыта. Але як след прадуманая прамова палкоўніка і добрае ўражанне, якое зрабілі нашы адказы на град пытанняў, што задавалі афіцэры за сталом, паступова схілілі яго на наш бок, і ён з цікавасцю прачытаў пісьмо з лабараторыі забеспячэння матэрыяльнай часткі ваенна-паветраных сіл. Потым ён падняўся, аддаў свайму штабу лаканічныя распараджэнні аказаць нам дапамогу ў адпаведных інстанцыях і, пажадаўшы нам пакуль што ўдачы, пакінуў пакой, дзе адбывалася нарада. Калі дзверы за ім зачыніліся, малады штабны капітан прашаптаў мне на вуха:
— Гатоў біцца аб заклад, вы атрымаеце ўсё, што вам патрэбна. Гэта вельмі нагадвае невялікую ваенную аперацыю і разам з тым робіць крыху больш разнастайнай нашу штодзённую канцылярскую рутыну мірнага часу; апрача таго, гэта дасць магчымасць па-сапраўднаму, метадычна выпрабаваць рыштунак.
Аддзел сувязей тут жа дамовіўся аб сустрэчы з палкоўнікам Льюісам з эксперыментальнай лабараторыі галоўнага інтэнданцкага кіраўніцтва, і мяне з Германам адвезлі туды на аўтамабілі.
Палкоўнік Льюіс — прыветлівы велікан з фігурай спартсмена — адразу ж выклікаў да сябе супрацоўнікаў, якія кіравалі доследамі ў розных галінах. Усе яны паставіліся да нас вельмі прыязна і неадкладна прапанавалі кучу ўсялякага рыштунку, які было б пажадана старанна выпрабаваць. Самыя вялікія нашы надзеі былі перакрыты, калі яны пачалі пералічваць амаль усё, што толькі магло нам спатрэбіцца, — ад палявых рацыёнаў да мазі ад загару і спальных мяшкоў, якія не баяцца сырасці. Потым яны павялі нас аглядаць усе гэтыя рэчы. Мы каштавалі на смак спецыяльныя рацыёны ў цудоўнай упакоўцы; мы бачылі запалкі, якія загараліся і пасля таго, як іх апускалі ў ваду, новыя ўзоры прымусаў і бітоны для вады, гумавыя мяшкі, адмысловы абутак, кухоннае начынне, нажы, што не танулі ў вадзе, і мноства іншых рэчаў, неабходных для экспедыцыі.
Я зірнуў на Германа. Ён меў выгляд добра выхаванага хлопчыка, які ходзіць з багатай цётухнай па кандытарскаму магазіну. Высокі палкоўнік крочыў наперадзе, дэманструючы ўсе гэтыя цудоўныя рэчы, а калі абход быў закончаны, супрацоўнікі лабараторыі запісалі, што нам патрэбна і колькі. Я думаў, што бой ужо выйграны, і марыў толькі аб тым, каб хутчэй апынуцца ў сябе ў гасцініцы і, прылёгшы, спакойна і мірна ўсё абдумаць. Тут высокі прыветлівы палкоўнік раптам прамовіў:
— Ну, цяпер трэба пайсці пагаварыць з шэфам; ён павінен вырашыць, ці можам мы даць вам усё гэта.
Я адчуў, што ў мяне абарвалася сэрца. Значыць, мы павінны зноў пачынаць усё спачатку, зноў пусціць у ход сваё красамоўства, а адно неба ведае, што за тып гэты «шэф».
Выявілася, што шэф быў афіцэр невысокага росту, вельмі сур’ёзны і строгі. Калі мы ўвайшлі да яго, ён, седзячы за пісьмовым сталом, акінуў нас праніклівым позіркам сваіх блакітных вачэй. Ён прапанаваў нам сесці.
— Ну, чаго хочуць гэтыя панове? — рэзка запытаў ён у палкоўніка Льюіса, не зводзячы з мяне вачэй.
— О, сякую-такую дробязь, — хуценька адказаў Льюіс і ў агульных рысах растлумачыў сутнасць нашай просьбы. Начальнік цярпліва слухаў, не зварухнуўшы нават пальцам.
— А што яны могуць даць нам узамен? — запытаў ён, не выказваючы ніякіх адзнак здзіўлення.
— Ну, — лагодна сказаў Льюіс, — мы спадзяёмся, што ўдзельнікі экспедыцыі, напэўна, здолеюць даць водзыў аб тым, наколькі прыгодны новыя віды прадуктаў і некаторыя рэчы рыштунку ў тых цяжкіх умовах, у якіх яны будуць імі карыстацца.