— Добра, — з надзеяй на будучае адказаў я, — будзем разлічваць сама менш на чатыры месяцы і закончым плаванне за дзевяноста сем дзён.
Маленькі пакойчык у Доме маракоў, як мне здалося, стаў куды больш утульным, чым звычайна, калі я ў гэты вечар вярнуўся дадому і з картай у руках сеў на краі ложка. Я вымераў крокамі плошчу пакоя з дакладнасцю, якая была толькі магчыма, калі ўлічыць, што тут стаялі ложак і камода. О так, плыт павінен быць значна большым. Я высунуўся праз акно, каб зірнуць на далёкае зорнае неба вялікага горада, якое можна было ўбачыць толькі проста над галавой між высокімі сценамі дамоў. На плыце хоць і будзе цесна, але ўсё ж знойдзецца дастаткова прастору для таго, каб бачыць над сабой неба з усімі зоркамі.
На 72-й заходняй вуліцы, недалёка ад Цэнтральнага парку, размешчан адзін з самых адасобленых нью-йоркскіх клубаў. Толькі маленькая, начышчаная да бляску медная дошчачка з надпісам «Клуб падарожнікаў» магла намякнуць прахожым, што ў гэтым доме знаходзіцца нешта незвычайнае. Але, апынуўшыся ўсярэдзіне, вы нібы рабілі парашутны скачок у нейкі зусім іншы свет, што знаходзіцца за тысячы міль ад нью-йоркскіх небаскробаў і бясконцых патокаў аўтамабіляў між імі. Калі за вамі зачыняюцца дзверы ў Нью-Йорк, вы трапляеце ў атмасферу палявання на ільвоў, альпійскіх паходаў і палярных зімовак і ў той жа час адчуваеце сябе так, быццам знаходзіцеся ў салоне раскошнай яхты, якая робіць кругасветнае плаванне. Трафеі палявання на гіпапатамаў і аленяў, наразныя карабіны, іклы сланоў, ваенныя барабаны і коп’і, індзейскія дываны, ідалы і мадэлі караблёў, флагі, фатаграфіі і карты акружаюць членаў клуба, калі яны збіраюцца за абедам або слухаюць лекцыю аб далёкіх краінах.
Пасля майго падарожжа на Маркізскія астравы я быў абраны правадзейным членам клуба і, як адзін з самых маладых членаў, бываючы ў Нью-Йорку, рэдка прапускаў пасяджэнні. I вось цяпер, калі дажджлівым лістападаўскім вечарам я зайшоў у клуб, мяне вельмі здзівіў незвычайны выгляд памяшкання. На падлозе пасярод залы ляжаў надзьмуты гумавы плыт з пакетамі аварыйнага запасу прадуктаў і ўсялякімі прыладамі, а на сталах і сценах ляжалі і віселі парашуты, гумавыя касцюмы, выратавальныя курткі і палярны рыштунак уперамежку з прыладамі для перагонкі вады і іншымі цікавымі вынаходкамі. Нядаўна абраны член клуба, палкоўнік Хаскін з лабараторыі забеспячэння матэрыяльнай часткі ваенна-паветраных сіл, збіраўся прачытаць лекцыю і прадэманстраваць шэраг новых ваенных вынаходак, якія, на яго думку, у будучым маглі б быць карыснымі для навуковых экспедыцый і ў паўночных і ў паўднёвых шырынях.
Пасля лекцыі пачалася гарачая вясёлая дыскусія. Вядомы дацкі палярны даследчык Петэр Фрэйхен, высокі грузны мужчына, падняўся са свайго месца, скептычна трасучы доўгай барадой. Ён не верыў у гэтыя навамодныя вынаходкі. Аднойчы ў час экспедыцыі ў Грэнландыю ён сам карыстаўся гумавай лодкай і мяшком-палаткай замест эскімоскага каяка і іглу, і ў выніку траха не загінуў. Першы раз у час пургі, калі «маланка», пры дапамозе якой былі змацаваны палотнішчы ўваходу, так змерзлася, што ён не здолеў нават залезці ў палатку. А потым другі раз, калі ён рыбачыў, кручок зачапіўся за надзьмутую гумавую лодку; лодка, вядома, была праколата і затанула пад ім, як кавалак анучы. Яму і яго сябру эскімосу ўдалося на гэты раз дабрацца да берага ў каяку, які паспеў прыйсці ім на дапамогу. Ён упэўнены, што ні адзін самы таленавіты сучасны вынаходца не можа, седзячы ў лабараторыі, прыдумаць што-небудзь лепшае ў параўнанні з тым, чым карысталіся навучаныя вопытам тысячагоддзяў эскімосы ў сябе на радзіме.
Дыскусія закончылася нечаканай прапановай палкоўніка Хаскіна. Правадзейныя члены клуба могуць для сваіх бліжэйшых экспедыцый выбраць усё, што яны хочуць з навінак, якія ён дэманстраваў; адзіная ўмова — яны павінны, вярнуўшыся, паведаміць у яго лабараторыю сваю думку аб гэтых рэчах. Мне гэта толькі і трэба было. У той вечар я апошнім пакінуў памяшканне клуба. Я павінен быў уважліва агледзець усе гэтыя новенькія рэчы, што так нечакана зваліліся мне ў рукі і для атрымання якіх мне дастаткова было толькі выказаць сваё жаданне. Гэта было якраз тое, у чым я меў патрэбу, — рыштунак, з дапамогай якога мы маглі б паспрабаваць выратавацца, калі б насуперак надзеям наш драўляны плыт пачаў бы разбурацца, а іншых плытоў паблізу не было.
Назаўтра раніцай, снедаючы ў Доме маракоў, я ўсё яшчэ не пакідаў думаць аб убачаным рыштунку, як раптам добра апрануты, атлетычнага складу малады чалавек падышоў са сваім снеданнем на падносе да майго стала і сеў побач. Мы разгаварыліся; выявілася, што ён таксама не быў мараком, а дыпламаваным інжынерам з Транхейма, і прыехаў у Амерыку, каб закупіць дэталі машын і практычна азнаёміцца з тэхнікай халадзільнай справы. Ён жыў непадалёку і часта прыходзіў перакусіць у Дом маракоў, бо тут была добрая нарвежская кухня. Ён запытаўся ў мяне, што я раблю, і я коратка пазнаёміў яго з маімі планамі. Я сказаў, што калі да канца тыдня не атрымаю ніякага пэўнага адказу адносна майго рукапісу, то пачну рыхтавацца да экспедыцыі на плыце. Мой субяседнік амаль не задаваў пытанняў і слухаў з вялікай цікавасцю.
Праз чатыры дні мы зноў сустрэліся ў той жа сталовай.
— Ну, як вы парашылі, едзеце ў падарожжа ці не? — спытаў ён.
— Так, — адказаў я. — Еду.
— Калі?
— Як мага хутчэй. Калі я надоўга затрымаюся, з Антарктыкі пачнуць дзьмуць штормы, ды і на астравах надыдзе пара ўраганаў. Я павінен адплыць з Перу ў бліжэйшыя месяцы, але спачатку мне трэба дастаць грошай і арганізаваць усю справу.
— Колькі чалавек будзе з вамі?
— Я думаю, што ўсяго патрэбна шэсць чалавек; тады на плыце нас будзе дастаткова, каб не надакучыць адзін аднаму; апрача таго, з такой колькасцю людзей можна зручна размеркаваць вахты ля руля на працягу сутак, па чатыры гадзіны на кожнага.
Некалькі секунд ён стаяў, быццам абдумваючы штосьці, а потым горача загаварыў:
— Эх, ліха на яго, як мне хочацца паехаць з вамі! Я мог бы ўзяць на сябе тэхнічныя вымярэнні і метэаралагічныя назіранні. Вы ж, вядома, павінны будзеце падмацаваць свой эксперымент дакладнымі вымярэннямі сілы і напрамку вятроў, плыняў і велічыні хваляў. Не забудзьце, што вам давядзецца праплыць вялізныя прасторы акіяна, аб якіх практычна ніхто нічога не ведае, паколькі яны знаходзяцца ў баку ад звычайных марскіх шляхоў. Такая экспедыцыя, як ваша, можа правесці цікавыя гідраграфічныя і метэаралагічныя даследаванні; я здолею прынесці карысць сваімі ведамі па тэрмадынаміцы.
Я нічога не ведаў пра гэтага чалавека, апрача таго, пра што мог сказаць яго адкрыты твар. А гэты твар мог сказаць шмат аб чым.
— Згода, — прамовіў я. — Мы плывём разам.
Яго звалі Герман Ватсінгер. Ён быў гэткі ж гора-марак, як і я.
Праз колькі дзён я прывёў Германа як свайго госця ў Клуб падарожнікаў. Там мы адразу ж натрапілі на палярнага даследчыка Петэра Фрэйхена. Фрэйхен меў шчаслівы дар: ён ніколі не мог згубіцца ў натоўпе. Высокі і шырокі, нібы дзверы ў гумне, з ускудлачанай барадой, ён, здавалася, быў пасланцом бязмежнай тундры. Яго акружала нейкая асаблівая атмасфера — быццам ён увесь час ідзе па следу мядзведзя-грызлі.
Мы падвялі яго да вялікай карты, што вісела на сцяне, і расказалі аб нашым плане пераплыць Ціхі акіян на індзейскім плыце. Ён шырока расплюшчыў свае блакітныя, як у хлапчука, вочы, якія ад гэтага зрабіліся зусім круглымі, і ўвесь час скуб сябе за бараду, слухаючы, што мы гаворым. Потым ён тупнуў сваёй драўлянай нагой аб падлогу і тужэй зацягнуў рэмень.
— Тысяча чарцей! Я хацеў бы, хлопчыкі, рушыць разам з вамі!