Лукаш Калюга - Нядоля Заблоцкіх стр 26.

Шрифт
Фон

— Сю-поле… Сю-поле… — як песню, голасам цягнуў Язук.

Выгнаў ён «чарну» і «рыжу», а «рабы» не чапаў.

— Хай яшчэ тыдзень які ў хляве пастаіць. Будзем у поле пушчаць, як цялё адсадзім, — пра «рабу» яшчэ ў хаце казаў ён Язучысе.

Быў дзень людзям на дзіва.

Выйшаў Клемка на ганак. Стаў, пастаяў, паглядзеў, а тады дастае з кішэні футарал. З таго футарала сінія, нязнаныя ў Баркаўцох, акуляры дастае. Чапляе іх на нос, закладае драты за вушы.

Несла Язучыха сваю дайніцу з крапідлам. Заўнялася. Пазірае на сына, а сын праз свае сінія куплёныя вочы глядзіць на бацькаў набытак.

— Эта что за звяры такія? — пытаецца сын у мацеры.

Пастаўляла тая на яго вочы.

— Што табе?.. Ці не прыступіла што? Году няма, як з дому, і ўжо свая карова зверам падалася. Да там жа, у тваім Хлюпску, рана-вечар пастушкі гэтага «звера», як ты кажаш, на павадкох з пашы на пашу водзяць.

Дастаў Клемка драты з-за вушэй. Прыняў ад вачэй сіняе шкло. Кажа:

— Чорт яго ўсё ў галаве дзяржаць будзет. За гэта ўрэмя мы окала мудрэйшых вяшчэй аціраліся.

Злажыў і назад у футарал палажыў свае куплёныя вочы. І ад тых дат скрозь зямель пайшлі яны. Першы і апошні раз людскаваліся на Клемкавым носе.

Калі вы, таварыш чытач, нікуды ні на які сход не спяшаецеся, ніякага дакладу, справаздачы, спрэчак не маеце на гэты час, давайце ад Заблоцкіх, ад Філончыкавых пойдзем далей у канец, Баркаўцы паглядзім.

Вы бачыце тую трэцюю ад канца хату. Старэнькая — ледзь у духу, ліпіць от, пакуль ветрам не знясе. Па-даўнейшаму з прычолкамі, без закотаў крыта. На погляд, добрага хлява не варта гэта хата, а жыве ў ёй пан Змышлевіч — не абы-хто. Ён, Юстап і Язук — от і ўся варожая нам у сучасны момант класа: баркаўчанскія багатыры.

Таварыш чытач!

Не глядзіце, што ў аднаго толькі Язука новая, чыстая, як звон, хата і каламажка на жалезным хаду, a рэшта баркаўчанскіх багатыроў у гнілой парахні жывуць і ў панарадах, што гной возяць, на кірмашы ды на фэсты ездзяць. Не ў хатах, не ў каламажках рэч, a ў эксплуататарскай чыннасці…У наеды, — гэтак, надта ж брыдка, даўней звалі такіх багатыроў.

Гіляры Змышлевіч — на ўсю вёску адзіны шляхціц. Пакінуў жа чорт такога насення ў Баркаўцох на завод. Толькі дрэннае яно трапіла ў нашы людзі — не флянцуецца, новых атожылкаў з зямлі не пушчае. Гіляры ў свайго бацькі быў адзіны сын, а ў яго самога і зусім сыны не ўдаюцца — адны дочкі. На пшык сыходзіць фамілія. Сам Гіляры кажа:

— Чортава насенне, — на свае дзеці. — Толькі круціць хвастом, пакуль ушчэпіцца за каторага. Хаця б хутчэй з дому выкруціцца — аднаго глядзяць. Гэта табе не сын, што да смерці бацьку дахавае, памяць пра яго ў дальшы, прышлы свет панясе.

Жыў Гіляры і надалей моцную надзею меў: некалі нешта павінна быць. Але не было сыноў, не было каму бацькаву славу і сорам па ягонай смерці ў людской памяці кратаць. На прымакі павінна была сысці гаспадарка.

— Ды што прымакі?! — не раз сам сабе казаў Змышлевіч.

Прагнуў ён, каб хоць які мала-веле пакінуць знак, каб і па яго смерці ведалі, што жыў, нешта рабіў гэтакі чалавек, Гілярава імя і прозвішча каб прыбрыдала, слухаючы, людзям. І ніякага ўрачыстага здарэння, апрача смерці, не дабраў Змышлевіч. Не так, як іншыя — ён з рызыкаю наважыў у зямлю пайсці: добры і даўгавечны там даць сабе прытон. І гэтым пра сябе памяць пакінуць думаў.

Так, на прымакоў не спадзеючыся, гэтай вясны пан Змышлевіч быў за сталярку ўзяўся. Яшчэ падлеткам быўшы, давялося яму ў дваровага стальмаха за памагатага быць. От ён тады ў стальмашні і налажыўся гэблік у руках трымаць, з пілкаю ды з долатам як абыходзіцца, сёе-тое ў паяздзе паправіць мог. А потым ужо дома сталярку, бандарку Гіляры сам праз сябе дайшоў, як рабіць: кемкае ён меў вока. От яму цяпер гэта ўмельства і згадзілася.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги