Лукаш Калюга - Нядоля Заблоцкіх стр 25.

Шрифт
Фон

— Ты ж глядзі: чалавекам будзь, — едучы, навучаў ён сына. — Не чакай, каб табе хто перапусціў — хай лепш тваё пяройдзе.

— Ць-сь-ся!.. — сутрымаў Язук дэраша перад поштаю, пры самай скрынцы за шчакеты яго прывязаў, адпусціў пасак, падкінуў кучку канюшыны. Доўга ён меўся забавіцца тут.

— Дзень добры панству, — на кухню з мяшэчкам зайшоўшы, наймічцы кажа Язук. Скінуў шапку і на Клемку крывіцца, каб той гэтаксама зрабіў.

— Сядайце. А я пайду пану скажу, — сцерла анучаю ім зэдлік наймічка.

— Дармо… Пастаім… Сядзелі ўсю дарогу.

Адны, бацька з сынам, у кухні засталіся.

— Толькі будзь чалавекам: каб мне за цябе брыдка не было, — Клемка Філончык — сам у сабе хлопец — чуе ад бацькі.

З Махоўскім, начальнікам пошты, што з сваіх пакояў прыйшоў сюды, на кухню, мала было гаворкі. Ужо быў у яго Язук, гаварыў пра Клемку, і ён казаў: «Прывозь — будзем бачыць».

— От можа б, пане, ім, — на мяшок і на Клемку наказвае Філончык, — далі які прытон.

Развязаў мяшок начальнік пошты. У пальцах пацёр муку — мяккая. На руку ўзяў, паглядзеў — белая, добрая.

— Высып у балейку, — наймічцы загадаў.

— А куды яго? — пра Клемку пытаецца Язук.

— Хай астаецца. Толькі на сваім хлебе. Пакуль наложыцца… А там — будзем бачыць.

— А як, пане, з кватэраю будзе?

— Кухня прасторная…

— От, дай божа вам здароўя!

— Пашыўся ў паны Язучок, — сказалі ў Баркаўцох, як убачылі старога Філончыка, аднаго едучы дадому.

І з твару і з натуры адмяніўся Язучок, у Хлюпску пабыўшы. На другое лета, як прыехаў вялікадневаць да бацькі, па веніку вусы прывёз, — такія доўгія і пушныя яны ў яго.

Калі пра што распытваліся, гаварыў мала — больш слухаў ды «ну ізвесна» казаў.

За навіну яму былі яшчэ тыя вусы, і Клемка ўсё губы аддзімаў, нашатырваў іх.

Цяпер няма такога звычаю, а даўней запасвалі каровы. Даўней людзі адны адных баяліся: каб не ўраклі жывёлу, каб благія ёй вочы не пашкодзілі, каб не збягалася млека, услед не кісла, як толькі падоіш карову. Першы дзень кажан сам свой набытак у поле гнаў. І варагоў, і каб жывёла адна адну не папрасаджвала, глядзелі: разбароньвалі, калі тыя возьмуцца бароцца.

Пакуль гнаць у поле, зрабіла Язучыха так, як даўней усе людзі рабілі: наліла ў дайніцу свянцонай вады, звязала мяцёлку з акалотных каласоў, каб пакрапіць набытак. На дварэ ўжо!

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги