Лукаш Калюга - Нядоля Заблоцкіх стр 24.

Шрифт
Фон

— А вы чулі, што… — то й тое: успомніць ён сваю забытую навіну, як возьмецца за клямку.

Загаворыцца дый пра дом забудзецца чалавек. Пусціць клямку з рук, з парога далей на хату адыдзецца. Так і так яно было… Аж пакуль не ўся навіна, аж пакуль не нойдзе на памяць:

— Трэба йсці.

— Пагуляй. Паспешышся з домам…

— Не. Трэба йсці. І так доўга забавіўся.

Ды бывае, што і на гэтым не канец. Бывае, разоў тройчы будзе за клямку брацца багаты на навіны чалавек.

Возьмемся і мы з вамі за клямку, таварыш чытач, каб прыклёп быў пачаць мову пра забытага намі Клемку Філончыка, што амаль не да прызыву ў Баркаўскую пачатковую школу хадзіў, але сяк-так скончыў (паўздужаў) яе.

Наважыў Язук са свайго Клемкі чалавека зрабіць. Проста бяда была з ім: хоць ты кол на галаве чашы ўпартаму. А яшчэ пашанцавала: хлопца ў войска не ўзялі, што адзін сын быў ён у бацькі. Перабыў Клемка прызыў дый вярнуўся дадому.

Крыўда была Язуку. Ставіўся ён багатыром у Баркаўцох не меншым за Заблоцкага. У таго толькі нівы шырокія ды сядзіба заможны выгляд мае. Язукоў жа і двор вузкі, і зямлі ў Баркаўцох у яго не лішняе, але за тры вярсты на засценку ён мае прыкупленай чатыры дзесяціны.

Завялік Язукоў Клемка на навуку. Па гадох яго ў гарадское ўжо не прымуць. І Філончык свайму сыну службы праз людзей прапытваўся: абы дома не быў, абы трохі каля паноў цёрся. Усіх пісароў, усё дробнае — прыступнае простаму чалавеку — начальства ападаў ён, стараючыся сыну лёгкага, панскага хлеба.

Потым аднаго разу ў жніво па сняданні кажа Язук:

— Збірайся, Клемка. Паедзем.

Запрэглі яны свайго дэраша ў каламажку на жалезным хаду. Падыспад у сядзенне ўкінулі пшэннай пытляванай мукі паўтраця пуда. Наверх кучак чатыры ўскінулі канюшыны дэрашу, даць, калі дзе забавяцца.

— Садзіся, Клемка.

Не меў Юстап каламажкі на жалезным хаду. Знарок прысмаліў дэраша Язук, як пад’язджалі пад Заблоцкіх, каб ляскаталі колы.

А за вёскаю жалі жанкі жыта пры дарозе.

— Памажы божа, — даў ім Язук.

— Дзінькуе. Куды гэта вы? Сягоння ж не кірмашны дзень.

— Дармо.

Далей праехалі. Ізноў блізка жнеі. Ізноў давялося: «памажы божа!» даваць.

— Куды вы гэтак зараней? — зноў пытаюць.

— Далёка, — кажа Язук.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги