— Ідзеце. А я паслухаю… Цікава — чым скончыцца.
І чаляднік застаўся. Дастоеў ён таго, што інспектар сказаў:
— Пасяджэнне ўважаю за зачыненае, — ды настаўнікі пачалі разыходзіцца.
Пад поўнач ужо бралася. Увесну гэта хутка: гадзіны дзве, тры па змярканні, дык і поўнач. Спаў, пэўне, ужо Савоста. Спаў і не спадзяваўся, што задасць яму жалю і клопатных думак заўтрашні дзень. Не паглядзелі, не ўважыліся на настаўніцкай радзе, што багатырскі ён сын. Дрэнь яшчэ яго бацька проці большых, мудрэйшых багатыроў, атопак з іх нагі. Гэта толькі ў Баркаўцох, у бедных людзях багатыром ён чыніцца. А пастаў Юстапа з графамі, з князямі плеч-поплеч — які з яго тады багатыр будзе?! Не вучыліся ў Хлюпскім гарадскім ні графскія, ні княжацкія дзеці. Але вучыўся ў ім прыстава сын. І перавысіў-такі чын усё Юстапава багацце.
Назаўтра — на дзіва яму! — муляраў чаляднік устаў зараней. Яны з мулярам людзі прыезджыя. Дзе была работа, там і самі жылі.
Босы, без шапкі, з ручніком на левым плечуку, з’явіўся чаляднік на школьным ганку. Нёс конаўку вады, каб памыцца на дварэ. Невялічкі маразок кратаў чаляднікавы плечы. Паціскаў ён імі. Была пагодная, халаднаватая раніца. Недзе далёка ў полі за мястэчкам чырванела цяпер неба. Недзе — яшчэ далей — было сонца напагатове, каб не спазніцца на тэрмін, каб якраз тады ўзысці, калі па каляндарох зрабіць гэта трэба. Быў кірмашны дзень. Мялі вуліцы. Узадралі з бруку дробны пясок. Сівым, цяжкім пылам круціўся ён.
Раннія і запыленыя збіраліся вучні.
— Што гэта на вас сну няма? — пытаецца ў іх чаляднік.
— Як наш акзамен, цікава ведаць.
— Ёсць чаго ўставаць ад поўначы?! Папыталіся б у мяне — я б вам і ўчора гэта сказаў.
— Адкуль жа самі ведаеце?
— Адкуль ведаю?! Вываражыў бы.
— Мы варагом не верым.
— Як сабе знаеце. А я, каму ні варажыў, усім праўду казаў.
Быў пры гэтым прыстава сын.
— А ну, паваражэце мне. Паглядзім, — кажа, — якая ваша праўда.
Азірнуўся на таварышаў: што яны на гэта скажуць? Маргануў, што гэта ён так, адчэпнага, толькі прыклёп робіць, а не напраўду. Каб тыя скрывіліся ці як іначай паказалі, што ім не ў нос такія жарты, ён на смех звёў усё гэта. Зірнуў яшчэ прыстава сын і на вокны інспектаравага дома: хаця б адтуль не ўбачылі гэтай варажбы. Ды па інспектару смелы быў прыстава сын: ніколі ад гэтай пары не ўставаў той.
Паставіў чаляднік конаўку на шульца, на плот ускінуў ручнік.
Узяў прыставага сына руку. Буйныя, глыбокія і дробненькія — ледзь знаць, уезджаныя і ўтоптаныя дарогі, сцежкі і ростані ўбачыў чаляднік на яе далоні. Заблудзіў, не іначай пайшоўшы па іх патрэбнага яму акзамену шукаць. Доўга прыглядаўся, а нарэшце й кажа:
— Смелы будзь: усё добра будзе.
Другому варажыў Савосту Заблоччыку. У гэтага лепшыя, выразнейшыя дарогі. Хутчэй на іх дайшоў праўды муляраў чаляднік.
— Толькі не крыўдуй. Я кажу, як праўда. І не чакай нават інспектара — едзь дадому ды, калі сам не ўмееш, папрасі бацькі, каб добрую, спусную дрытавіну звіў. Гэта будзе хлеб. А на гарадское — плюнь і нагою затры.