— Ціха, мужчыны! Паслухаем, што тут за рада, — супыніў крыху чаляднік свайго муляра, што разладэдзіўся быў са школьным вартаўніком, сеўшы на століках пярэдніх школьных лавак. Яны ўдвух — муляр з чаляднікам — правілі ў Хлюпскім «гарадском» старыя даўно куравыя печы.
Вартаўніку не цікавы былі настаўніцкія рады. Прыслухаліся яны яму. Пайшоў ён за сваёю работаю, адных муляроў у класе пакінуў. А тыя абодвы сталі пад сцяною. Утаілі дух. І чуюць яны з настаўніцкай інспектараў, добра ім знаёмы голас:
— Панове настаўнікі!..
Далей з яго гаворкі відаць было, што скончыліся ўжо ў гарадскім экзамены. Усе здалі — адзін толькі прыстава сын крыху мыляўся. З прыціскам гэта «крыху» інспектар гаварыў.
— Ды і добра мыляўся, — аднекуль здалёк, з нейкага кутка, аказаўся настаўнік па геаграфіі і гісторыі.
За месяц, што прабылі тут, не толькі ў твар, але і па голасу ведалі муляры настаўнікаў з гарадскога, a чаляднік дык і вучняў апошняе класы знаў усіх пятнаццаць. Любіў ён пакепліваць з іх, як дзе было з рукі.
— Панове настаўнікі!..
На добры лад, казаў інспектар, усіх трэба было б выпусціць. І прыставага сына гэтаксама, каб начальства са школаю ў злагадзе было, каб не задзіралася. Але, казаў, казна гэтага не дазваляе. Ёй не набрацца месца на пятнаццаць чалавек, а дзесяцём месца будзе, і дзесяцёх трэба выпусціць.
— Дык, уважаючы на гэта, нам давядзецца выбраць лепшых, вартнейшых, — скончыў інспектар.
— Усім месца будзе, — зноў чуваць было аднекуль здалёк, з кутка. — На пастухоў ёсць вакансіі.
Далей інспектар чытаў са спіса вучнева прозвішча і па адным перабіраў настаўнікаў:
— Слова мае… — па імя-бацьку называў іх.
На рэдкае рэшата прасявалі настаўнікі сваіх вучняў. Былі яны ў іх: адзін ціхі, другі паслухмяны; у аднаго бацька добры чалавек, у другога — прыемны… Толькі настаўнік па геаграфіі і гісторыі ў адно слова быў уляпіў на гэтым пасяджэнні:
— Я згодзен з папярэднімі думкамі, — чуваць было з кутка.
Так дайшлі і да Савосты Заблоцкага. Пра яго было першае слова настаўніка па расійскай мове.
— Кавалак мужыка, — сказаў ён.
Другому гаварыць давялося настаўніку па геаграфіі і гісторыі.
— На вакантнае месца — пастуху за падпасавіча? Так? Калі я вас зразумеў, Аляксандр Пятровіч, — папытаўся ён у настаўніка на расійскай мове ягонай папярэдняй думкі.
— Панове настаўнікі! Мы добрыя цераз лад. Вы ж таго не забывайцеся, што нам з пятнаццаці дзесяць выбраць трэба, — напамянуў інспектар.
Усе па слову скінуліся настаўнікі пра Юстапчыка. І запісалі пра яго ў пратаколе, што з гарадскога — вон! Савосту першаму на тым пасяджэнні такі прыпаў лёс. Дый іншых, што за ім у спісу былі, ужо на частае сіта пусцілі: агледзеліся, што надта мяккія былі спачатку.
Тым часам змяркалася. Школьны вартаўнік запаліў вялікую, панскую лямпу. Панёс настаўнікам. З калідору, як ён праходзіў паўз адчыненыя дзверы, забег быў бляск у класу, дзе падслухоўвалі муляры, скінуўся па падлозе, марскануў па сцяне.
— А ну іх! Трэба да Ёські ў мястэчка схадзіць, — сказаў муляр, агледзеўшыся, што не рана.