Лукаш Калюга - Нядоля Заблоцкіх стр 13.

Шрифт
Фон

Зірнуў Зубрыцкі ў акно. Няма бляску ад паповых акон. Пагас агонь у іх. Дагэтуль яшчэ крадком тулялася ў Зубрыцкага надзея: хто яго ведае, а ну, можа, «Нива» спраўдзіць. Можа, і адтуль пачнецца праўдзівая аповесць настаўнікавага жыцця. Гэта як пападзецца. А цяпер пагас агонь і пагасла настаўнікава патаемная баязлівасць. І рад быў гэтаму Зубрыцкі. Каб не незнаёмы чалавек у хаце, выставіў бы ён «Ниве» хвігу і ўсім яе дармовым дадаткам.

— Трасцу! Не табе мяне ўзяць у свае героі. Іншае, лепшае пачынаецца от, — каб сам сабе, каб нікога болей у хаце не было, — сказаў бы так Зубрыцкі: нас з вамі, таварыш чытач, ён пасаромеўся б.

І праўда: іншае, лепшае пачалося… далей з няспрытнай гаворкі было відаць, што спрадвечны баркаўчанін гэтага вечара прыйшоў даведацца настаўніка і сказаць, што яго сын ужо чацвёрты год як ходзіць у школу да Зубрыцкага. Так незнаёмы ў самым пачатку раскрыў сваю таямніцу. Але яшчэ не ўсё вядома было Зубрыцкаму. Яшчэ была загадана яму загадка ў форме торбачкі, што Юстап Заблоцкі, па Зубрыцкага просьбе сеўшы на табарэцік, палажыў збоку каля сваіх ног. Не ведаў добра настаўнік, ці яму толькі так здавалася, ці і праўда нейкая адгадка варушылася там. Нечага таемнага і неспадзяванага чакаў ён ад гэтай рэчы. Але далей сяк-так расказаў Юстап сваё здарэнне з зайцам ды й саўсім сапсаваў сваёю паспешнаю моваю цікавасць гэтае мясціны. А тады дастае зайца, як дармовы дадатак да свае блытанае гаворкі.

— Вазьмеце, — кажа на настаўніка. — Можа, у вас згодзіцца на што, a то мы здумаць не маглі, якую яму даць раду. Можа, ён у вас лепшы сабе знойдзе прытон.

— Колькі ж вам за яго?

— Ат! Яшчэ што здумаеце?! Што я гадаваў яго, ці што? От ешце на здароўе.

Собіла ж Юстапу ж на такі благі час ды з такім смачным мясам і з такою добраю моваю якраз трапіць. Гола ў Зубрыцкага ў кішэні было. Дабёр быў яму дарэмны заяц. Вялікая запамога. Але шкода страты. Шкода Зубрыцкаму, што Юстап блізкі, знаёмы пасля гэтага вечара, звычайны вясковы чалавек.

Так і не пачаўся ў Зубрыцкага першы раздзел.

Крыху скрыва пазіраў ён на Юстапа, што той падашукаў, што не спраўдзіў такой упартай надзеі. Але не сяк-так было выправіць чалавека з хаты, што яму зрабіў ласку.

(Па-даўнейшаму Зубрыцкі думаў — ласка, а па-нашаму — проста хабар ад кулака. Таварыш чытач, я думаю, што не памыліўся ў гэтым вызначэнні).

Даўно трымаў Юстап «аставайцеся здаровы» на языку, але ўсё неяк не адважваўся так хутка пасля «дабрывечара» іх казаць. Так адзін на аднаго чакаючы, адзін аднаму ўважаючы, нехаця разгаварыліся яны.

«Вучэнне — відната, а невучэнне — цемрадзь», — неяк гэтак пісалася ў аднэй чытанцы з самага пачатку. От пра гэту віднату і зайшла была гаворка ў баркаўскага настаўніка Зубрыцкага ды з баркаўскім багатыром Заблоцкім. Як яна, тая гаворка, у іх ішла, доўга ўспамінаць.

Варта толькі сказаць, што аж да Савоставага почырку дайшла.

Толькі першую зіму пахадзіў у школу Юстапчык, а ўжо перад вербніцаю пахваліў яго Зубрыцкі ў класе перад усімі дзецьмі.

— З гэтага малога людзі будуць.

Таго ж самага дня выклікаў настаўнік Клемку Філончыка з першага. Не лапу даваць збіраўся яму, a так ціхенька пастаяць сказаў. І выклікаў першазімца Савосту Заблоччыка, каб пачытаў.

Дараваў Зубрыцкі Юстапчыку рачную навуку ды пахваліў яго за чытанне, а Клемку Язучка высарамаціў з астатніх слоў.

— От глядзі — надаўбень ты!..

Добра Савосту ў памяць той дзень. Заляпіў яму Філончык, дадому ідучы, ледзяка ў плечы, што аж дух заняло. Усю дарогу, да самай хаты з песнямі йшоў ён.

Паўтарыў цяпер Зубрыцкі Юстапу Заблоцкаму тое сваё слова пра яго сына.

— Вам хлопца, канечне, трэба, як акзамент здасць, у гарадское да Хлюпску ці ў сэмінарыю да Несвіжу аддаць. Ён за свае рукі, за галаву чалавекам будзе. A то што яму тут з вамі ў гэтым гнаі капацца?!

— Гэта шчэ будзем бачыць. У яго ўсё шчэ наперадзе. — Такая была гаворка ў настаўніка з багатыром.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги