Лукаш Калюга - Нядоля Заблоцкіх стр 14.

Шрифт
Фон

Гладка і добра быў збыты заяц з няўмелых рук.

Разгледзеўся Зубрыцкі, што не хутка тое свята будзе, як за галоўнага героя свой першы раздзел ён пачне. Не з яго носам, не з яго прозвішчам. Зубрыцкі. Дзе ёсць з такім прозвішчам галоўны герой?

Раздумаўся: ці не лепш будзе пры Савосце Заблоцкім пачаць дыялогам ды ўдвух прайсціся па топкай дрыгве кніжных балон аж у самы канец. Тады і прозвішча не пашкодзіць. Зубрыцкі! Тут і пытаць не трэба. Адразу відаць, без ніякага тлумачэння, што настаўнік, што аўтар прыпаручыў яму нейкую дробную, мізэрную ролю. І не будзе чытач чакаць ад яго вялікіх падзей, не будзе спадзявацца разам з Зубрыцкім трапіць у цікавыя прыгоды. Але баркаўскі настаўнік такі пастараецца намуляць чытачу сваім прозвішчам вочы. Большага, лепшага чакаў ён, але — калі на тое пайшло — і на гэта згодзен.

— Абы хутчэй! Абы з прадмовы ў першы раздзел.

З заўтрашняга дня няшчасны зрабіўся Савоста Юстапчык. Пачалася малому пакута. Узяўся каля яго Зубрыцкі, каб месяцаў за колькі, што асталіся да акзаменту, як мае быць падрыхтаваць малога ў героі, каб гатовага выпусціць з сваіх рук. Назаўтрае ў Савосты ў першага папытаўся вершу, што даваў дадому на памяць вучыць. Дзень у дзень з усім-усякім: і з чытаннем, і з пісаннем, і з задачамі ўзяўся Зубрыцкі яго ганяць. Упыну не было на баркаўскога настаўніка.

Па весняй Міколе меўся быць экзамант. Не так Савоста, як Зубрыцкі баяўся яго. Хаця каб не сышла на пшык яго надзея, каб не сеў макам перад начальствам Юстапчык. Ніякага тады з яго не выйдзе героя: пойдзе тады на бацькавым месцы за плугам, ды й звякуе тут, у Баркаўцох. Але перабылі той гарт і рад астаўся Зубрыцкі. Савоста на «добра» дыктоўку напісаў, а чытаннем, адказамі яшчэ лепш паправіў.

(Не будзем апісваць, як збіраліся, з’язджаліся на той экзамант. Каму цікава, можа пра гэта ў Коласавай «У палескай глушы» прачытаць. Нічога ці паправіць, ці дадаць не збіраюся. Было ў Баркаўцох якраз, як там, у Палессі).

Hі ў кога ў Баркаўцох агню не было, а ў Заблоцкіх позна гарэў. Чакалі яны ўсёю сям’ёю Савосты з школы.

— Ну як жа ты, Савостачка? — першая папыталася ў яго Прузына, толькі прыйшоў дадому.

— Што як?

— Як жа твой экзамінт?

— Так, як трэба.

— Здаў?

— Здаў. А вы як думалі?

Усе былі рады ў Заблоцкіх. Юстап, Пархім, Прузына. Рад быў і сам Савоста. Толькі не аднакія яны рабілі з сваёй радасці высновы. Пархім бачыць, што больш навінаў не будзе. Чаго яму, скажэце, дома тырчаць? Яму ўвечар на сяло ўлетку штодзень схадзіць трэба. Узяў ён шапку з цвіка, жакетку з шастка ды, надзеўшы, напрануўшы, машэр на вуліцу. (От удаўся валанцай! Ніколі лішняй хвіліны не забавіцца дома. Не дасць прыгледзецца, што ён за хлапец).

— Ну і добра, — па Пархімавым адыходзе казала Прузына. — От грошы злічыць увазнаў і будзе з цябе. А ты цяпер, бацька, пакрысе дакладай да работы. Пакажы, як баранаваць, каб не пушчаў узрэхаў. Пакажы, каб з канём завярнуцца, закіравацца ўмеў. Пакажы, як плуг у руках трымаць, каб роўная скрозь скіба выходзіла.

Але нешта накшае думаў Юстап Заблоцкі.

— Яшчэ паглядзім, — цьмяна і невыразна ён сказаў. — От пасцялі ды кладземся спаць: ужо не цеперся.

Назаўтра з раніцы быў вецер з туманом у Баркаўцох. Людзі ў печах палілі. Слаўся дым па вуліцы, a праз яго, чуць запаметны, ішоў Зубрыцкі па вёсцы. І пытаўся тае раніцы ў людзей настаўнік:

— Дзе тут Заблоцкі жыве?

— Тут два Заблоцкія ёсць. Каторага вам трэба?

— Таго, што сын у школу хадзіў.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги