— А я сам? — папытаў Зубрыцкі ў самога Зубрыцкага, спыніўшыся перад новым раздзелам. — Я сам на якой цяпер балонцы, у якім раздзеле жыву?
Палажыў у сярэдзіну кніжкі палец, каб не закінуць, дзе чытаў; ды захінуў Зубрыцкі свой дармовы дадатак. І калі мы з вамі, таварыш чытач, не будзем трымацца ясеня, як сляпы плота, ды калі падыдзем бліжэй пад акно, прыгнёмся ды знізу паглядзім, што за дадатак у настаўніка ў руках, дык на вокладцы круцялі заўважым, а крышку пад верх у чорных чатырохкантовых асадках, калі добра прыгледзімся, можна разабраць: «Куприн. Сочинения». Зубрыцкі не завешуе фіранкамі сваіх акон і, крыху каля іх забавіўшыся, можна ўсё чыста, што ў школе робіцца, даследзіць.
Так, трымаючы кніжку, разгледзеўся, раздумаўся настаўнік над сваім адзінокім жыццём. І заўважыў Зубрыцкі, што жыве толькі ў нуднай, нецікавай прадмове. Дзе быў, што рабіў і адкуль паходзіць, толькі пісалася і пакуль што пішацца ў настаўнікавым жыцці. Усяго адно вясёлае, гумарыстычнае месца, вытрымка — хто яго ведае з якога раздзела — ёсць у гэтай прадмове: яго ўлюбёныя лапы.
Але такі верыў настаўнік. Верыў і спадзяваўся, што такі будзе некалі і ў яго жыцці першы раздзел. Усёю сваёю тэўсцю будзе ляжаць новы, дагэтуль нязнаны раман за тым раздзелам. Нічога меншага не хоча мець Зубрыцкі — ніякага дармовага дадатку.
Схілецеся за вушак, таварыш чытач! Бачыце: Зубрыцкі зірнуў у акно.
Якраз напроці блішчэлі вокны папоўскага дома. «Нива» казала, што адтуль павінен у настаўнікаў пачынацца першы раздзел: з нуднага рассасульвання з папом, з нясмелага заглядвання пападзянак. Далей-болей пажыўшы-пачытаўшы, зложыцца якраз праўдзівая аповесць настаўнікавага жыцця. Так казала «Нива», і «нивина» праўда была. Але нешта не блішчэлі так у настаўніка вочы, як блішчэлі ў паповым доме вокны, калі ён глядзеў на іх. Нешта не відаць было ў тым поглядзе надзеі, што адтуль пачнецца настаўнікаў першы раздзел. Не так, як у дармовых дадатках, павінен пачацца ён: не з далёкай сенажаці, не з пазалеташняга дажджу, не з трацяголетняй мяцеліцы. Не, настаўнікаў пачатак будзе просты і звычайны.
«Настаўнік Баркаўское пачатковае народнае школы»…
Застане ён Зубрыцкага з раніцы, апоўдні ці ўвечары, a то і ў самую ноч — усё роўна, хоць калі; зловіць неўспадзеўкі ў школе, дыктоўку даючы, дому за полудзень сеўшы, а то і ў дарозе дзе. А далей і пойдзе балонка за балонкаю.
Надоўга быў Зубрыцкі на адным месцы дармовага дадатку перад новым раздзелам застыў. Аж тут грукнулі ў сенячках дзверы. Прахапіўся настаўнік. Сеў раўней. Пусціў большы ў лямпе агонь. Падрыхтаваўся стрэць вялікія падзеі.
— Ці не першы раздзел?!
От з гэтага месца так і пачнецца: «Настаўнік Баркаўское пачатковае народнае школы позна ўвечары (хоць цяпер і не позна: гадзіны не будзе, як агонь запаліў ды за дадатак узяўся — але ў рамане, калі ўвечары, дык трэба, каб і позна было) пры лямпе № 8 чытаў дармовы дадатак да „Нивы“, як адчыніліся дзверы і…»
Пачнецца першы раздзел проста і трафарэтна, але потым, можа, адбудуцца падзеі, вартыя таго, каб здзівіць свет. Просты і трафарэтны пачатак, каб большыя былі неўспадзеўкі. Не так, як «Нива» ўгадвае, пачнецца, і не так, як у «Ниве», разгорнуцца падзеі. «Нива» будзе ўспамянёна толькі, як просты і малавыдатны эпізод, як дробны матыў у вялікай рэчы.
Таварыш чытач! Відаць, збрыдла вам па падваконню стоячы. Мне хоць работа ёсць — от гэта, што перад сабою бачыце. А вы што будзеце дарма мерзнуць на восеньскім халодным ветры?! Аднак — вам час — пайдзеце… памажэце (не скажу каму, трэ было вам самім глядзець, як ён сюдою ішоў паўз нас)… памажэце яму ў сенцах клямку знайсці. Нешта доўга ён там забавіўся. Трэба, каб хутчэй у хату ішоў, a то Зубрыцкаму аднаму няма чаго там рабіць. Ужо як мае быць, пачаў у думках свой першы раздзел, падрыхтаваўся і цяпер сядзіць, на дзверы пазірае, вялікіх чакае падзей.
Не заўважыў, не ведаю, як яно там было — памагалі вы ці яму самому трапіла клямка пад руку. Толькі добра гэта бачыў, што адчыніліся тугія дзверы проста ў настаўнікаў пакой і Юстап, баркоўскі багатыр Заблоцкі, з торбачкаю за плячыма яшчэ з-за парогу:
— Добры вечар, паночку! — настаўніку дае.
Аднак Юстап нагадзіўся. Каб не забыцца, раскажам адно здарэнне, што гэтымі днямі было яму.
Гэта ж пашанцавала старшаму Заблоцкаму ў бульбяніку на соннага зайца найсці. Дармо, што той і сплючы пазіраў — не ўгледзеў, як Юстап яго за вушы згроб. Як ужо ўцякаць не пара было, хутка тады заяц прачнуўся. Само шчасце багатыру ў рукі прыйшло. Толькі не ведаў ён, што гэтаму шчасцю рабіць: печанае, смажанае ці абгатаванае есці яго? З панскаю ядою ніякага толку не можа зрабіць нават баркоўскі багатыр. І давай тады Юстап блізкіх паноў перабіраць, каб прадаць занесці. Пачаў іх лічыць знізу. Самага першага адлічыў пастуха. Адлічыў і добра над гэтым «панам» падумаў: пан ён ці не? І выйшла ў Юстапа, што не толькі пан, але і над сваім рагатым войскам ён палкоўнік. Толькі як ты гэтаму пану прадасі, калі на зайца яго пэнсія малая: па капейцы збярэ з гаспадароў ад кожнага свайго салдата ды чакае восені, калі будуць ссыпшчыку ссыпаць, як адпасецца. Дзе такі пан зайца купіць?! Давай лічыць далей. Другі за пастухом па ліку настаўнік прыпадаў. На гэтым пану Юстап і спыніўся.
— Хлопец ходзіць. Трэ была б занесці… Як ты думаеш, старая?
— Па мне: занясі сабе. Усё роўна тымі грашыма не запаможашся, — сказала багатырка Прузына. — Колькі там за яго будзе?!
Дык от якое здарэнне было Юстапу Заблоцкаму. Расказана яно ў гэтым месцы, толькі каб не забыцца. Адложым яго надалей: можа, калі і згодзіцца. Цяпер паглядзім, што ў настаўнікавым пакоі дзеецца.
Дык от:
— Добры вечар, — не ўслед адказаў настаўнік. Першы раз ён бачыць Юстапа ў сваім адзінокім пакоі. Падумалася Зубрыцкаму, што з далёкай дарогі гэты чалавек. Нешта цяжкое, пэўне, нясе ён у сваім мяшэчку за плячыма. Утаміўся, прыстаў. І падумалася яму на школу, што карчма — сюды пераначаваць зайшоў. Хто ён: тутэйшы, блізкі ці далёкі, — прышлы — не ведаў Зубрыцкі. І рад быў настаўнік, што першы раздзел пачынаецца з загалоўка «Герой і таемны незнаёмы».