— Што за імя па-беларуску на О?
— А, Осіпавіч? Дык у яго так і ў метрыках, і ў пашпарце запісана. Потым, ён нам са слоўнікам даказаў, што імёны і прозвішчы не паводле правілаў пішуцца, а так, як вымаўляюцца. Хітры, разумны дзядзька! Сказаў, не збіраюся быць ні Восіпавічам, ні Ёсіпавічам, ні Язэпавічам...
«А сапраўды, — падумаў здзіўлены Васкевіч, якому хацелася казырнуць перад Лобанам сваёй назіральнасцю і заадно злавіць несімпатычнага яму сакратара на непісьменнасці. — Не пішам жа Ёфэ, або Іёныч, хоць па правілах павінны былі б...»
Не паспеў Васкевіч, прапісаўшыся, выйсці з сельсавета, як у кабінет старшыні ціха ўсунуўся сакратар, стаў у парозе, з дакорам ківаючы сівай галавою:
— Не баіцеся вы, Васільевіч... Як можна яго браць?
— А што? Ён разумны хлопец, — старшыня яўна цешыўся сваёй уладай, маладосцю, жвавасцю. — Чаго баяцца? Што кніжкі прап'е?
— Хоць бы і так. Фонд там багаты, харошы...
— А вы хіба не п'яце, Осіпавіч? — спытаў старшыня, добра ведаючы, які будзе адказ. — Калі-нікалі?
Лізун уздыхнуў і паварушыў пальцамі адзінай рукі, бьщцам адкідваў костачкі на лічыльніках.
— Дзевяць гадоў, тры месяцы і дзевятнаццаць дзён ні кроплі, — адказаў ён.
— А хочацца? — дапытваўся старшыня, ужо ў адкрытую смеючыся.
Сакратар толькі прыцмокнуў і, як і належыць старому безадказнаму служаку (ён быў на пенсіі і баяўся скарачэння), таксама ўсміхнуўся на начальніцкі смех; а сам, відаць, падумаў: «Я ж цябе, смаркача, без штаноў помню — помню, як ты яблычкі ў мяне латашыў... Радуйся, што мінуў тады маёй рукі!..»
Менш чым праз паўгадзіны Васкевіч ужо выходзіў з аўтобуса ў цэнтры горада. З такім планам, які ляжаў у яго ў кішэні, бібліятэку можна было знайсці з заплюшчанымі вачыма, таму ён не дужа спяшаўся: купіў марожанага, у кіёску на плошчы папытаў «Маладосць», апошні «ЛіМ», потым памалу пайшоў уверх, у горад, вузкай крывой вулічкай. Яшчэ перад горадам сонца схавалася; цяпер ззаду, з Прыпяці, налятаў халодны снегавы вецер, задзіраў старчака капюшон, гнаў паперадзе шматкі папер, смецце і ўжо забіваў трэшчыны тратуара ледзь прыкметнай драбнюткай белай сечкаю. Холадна было і ад з'едзенага марожанага, і ад гэтага ветру. Васкевіч ішоў і пазіраў па баках: пасля жывога, «сапраўднага» Мінска і ціхай вёскі, якія былі натуральнымі — як два полюсы, — гэты раённы горад, некалі галоўны цэнтр усяго Палесся, цяпер проста ўражваў яго сваім брудам, нейкай неўладкаванасцю, мноствам грузавых аўтамабіляў, якія, равучы, пыхкаючы чорным дымам, паўзлі і паўзлі адзін за адным па вузкай вулічцы; сваімі нізенькімі чэзлымі дрэўцамі паўз тратуары, шэрымі і жоўтымі сценамі «хрушчовак», сярод якіх ці не на кожны квартал абавязкова тырчыць у неба вялізная труба і копціць неба дзень і ноч... А людзі!.. Шэрыя, як гэтыя сцены, твары, бязрадасныя, нейкі застарэлы ўвесьчасны клопат у вачах, або проста страх, або падазронасць — быццам нейкі злы знахар накінуў на цэлы горад чары, і людзі развучыліся весяліцца, смяяцца... Бедна, непрыгожа, безгустоўна адзетыя — як старыя, так і маладыя... Яшчэ даволі рана, а ўжо на кожным кроку сустрэнеш п'янага; вунь, каля гастранома, цэлы гурт — стаяць, п'юць піва з паўлітровых слоікаў, моўчкі, уважліва аглядаюць тых, хто заходзіць у магазін і выходзіць, некаторых падзываюць да сябе... Побач аблезлая бабка корпаецца ў сметніцы, стала на коленцы, запусціла па локаць руку... «Ды тут большая глуш, чым любы хутар!» — успомніў Васкевіч братавы словы.
Аднапавярховы, прадаўгаваты, з драўляным ганкам і зялёнымі аблупленымі парэнчамі будыначак раённай бібліятэкі стаяў у дварах, сярод дрэў, і ўлетку вельмі проста можна было прайсці побач і не заўважыць яго. Васкевіч, які спярша, пасля размовы са старшынёю, быў акрыяў, ужо едучы ў аўтобусе абдумаўся і, замест адчування хоць невялікай, але ўдачы, на яго зноў найшла ўжо звыклая апошнім часам падазронасць — цяпер і да гэтага Лобана, і да яго прапаноў. Што за свінню яму збіраюцца падкласці, Васкевіч, як ні фантазіраваў, прыдумаць не змог, але цвёрда ўпэўніў сябе, што нічога людскага з гэтага ўладкавання не выйдзе. Хай, тым больш, губляць няма чаго — паспрабуе... Таму ён без лішніх абдумак таўхануў дзверы, на хаду буркнуў «добрага дня» жаночай галаве ў праёме гардэроба і пайшоў, адным вокам пазіраючы ў свой план, другім — на дзверы з надпісамі «Абанемент», «Чытальная зала», «Ж», «Даведачны аддзел», — у самы канец калідора.
Дырэктарка — Валянціна Мікалаеўна — была на месцы. Калі Васкевіч уторкнуўся ў кабінет, яна сядзела за сталом, курыла і задуменна глядзела ў акно. На стале, апроч тэлефона і звычайных для такіх устаноў папер, адразу кідаўся ў вочы вялікі бліскучы электрасамавар, які важна шумеў і ўжо ваўсю струменіўся параю. Відаць, за гэтым шумам і не пачуўся лёгкі стук у дзверы. Васкевіч кашлянуў, Валянціна Мікалаеўна азірнулася, войкнула і раптам неяк паспешліва і няўмела схавала руку з цыгарэтай пад стол, другой рукой пачала ляпаць вакол сябе па стале, знайшла, уздзела на кірпаты носік акуляры ў чырвонай аправе, глянула:
— Фу, напужалі! — і засмяялася харошым грудным смехам маладой жанчыны. Ужо смела зацягнулася яшчэ раз, пстрыкнула недакуркам у расчыненую фортку, вышмаргнула з разеткі шнур, і самавар сціх. — Я крадком пакурваю, — патлумачыла яна і, яшчэ панізіўшы голас, прыклаўшы да поўненькіх, чуць падфарбаваных вуснаў палец, дадала: — Шпіёнаў многа!
Васкевіч, як агаломщаны, стаяў і круціў у руках шапку. Нічога такога ён не чакаў. Гэты кабінецік — вузенькі, утульны, з дываном на ўсю падлогу, з карцінамі, габеленамі на адной сцяне, з секцыяй-шафай уздоўж усёй другои, і ў секцыі — нейкія вымпелы, тэлевізар-кубік, і, здаецца, музычны цэнтр, і прыгожы посуд, і яшчэ розная драбяза, якую не ўхопіш вокам... Гэтая маладая, сімпатычная, зусім не падобная на дырэктарку жанчына, якая так даверліва ні з таго ні з сяго дзеліцца з ім, чалавекам з вуліцы, нейкімі сваімі сакрэтамі... Трэба было абвыкнуцца хоць трохі. Урэшце ён, зіркаючы з-пад ілба, пачаў мямліць пра старшыню Лобана, Двароўскую бібліятэку...
Валянціна Мікалаеўна выслухала і засмяялася.
— Гэты Лобан сам насабачыўся па-беларускі, ды яшчэ такіх, як сам, шукае! — сказала яна, як бы трошкі з зайздрасцю да таго Лобана. — Што ж, добра, распранайцеся, сядайце, пішыце заяву. Вось папера, ручка... Вам кавы зрабіць, пакуль самавар гарачы? — спытала і зараз жа лёгка паднялася — паўнаватая, фігурыстая, у зялёнай бліскучай сукенцы, белагаловая, прайшла, мякка тупаючы ў дыван абцасамі белых, пад колер валасоў, туфелек, дастала з секцыі бляшанку кавы, сподкі, кубачкі. — Тут якраз перад вамі прыходзіла адна, фіфа нейкая намазаная, таксама прасілася ў Двароўку... З малым дзіцям. Я сказала, што падумаю, а сама думаю — трэба ты мне з дзіцям! Будзеш сядзець месяцамі на бальнічным, а там зноў у дэкрэт пойдзеш.
Зацурчэў кіпень з самавара, запахла каваю. Васкевіч, распрануўшыся, прымасціўся за стол. Валянціна Мікалаеўна падсунула яму кубак, прапанавала курыць, калі курыць, і жартоўным голасам, нібы даючы зразумець, што яна давярае, але вымушана пацікавіцца гэтым па службовай патрэбе, спытала, што ён за чалавек і адкуль узяўся.
Васкевіч сказаў, што ў Мінску два курсы скончыў.
— У Мінску? — як невядома якому дзіву ўзрадвалася Валянціна Мікалаеўна. — Ведаеце там такую вуліцу — Сердзіча?