Андрэй Федарэнка - Вёска. Новыя прыгоды Несцеркі. Страсці па Аўдзею стр 10.

Шрифт
Фон

Васкевіч кіўнуў — раз хочаш, думай, што акадэмічны. Хоць ён і не дужа свабодна пачуваўся ад гэтага панібрацтва, асабліва ад «тыкання», тым не менш Лобан яму падабаўся — ды тут за адну мову можна было дараваць, што хочаш!..

Жыўчык-старшыня, вядома, пасядзець не мог, падскочыў, адчыніў фортку, зноў прабег да стала, апрануў пінжак, які вісеў на спінцы крэсла, струсіў попел з цыгарэты ў сметніцу за крэслам, вярнуўся і пакарыстаўся попелкаю на Васкевічавым калене.

— У цябе працоўная кніжка з сабою? — спытаў ён раптам.

— З сабою.

— А чаго ты яе ўзяў?

— Ну... так, проста.

— Пакажы...

Васкевіч падаў. Лобан, быццам напярод усё ведаў, разгарнуў яе якраз на месцы апошняга запісу — «отчислен за неоднократное нарушение...»; але, прачытаўшы, нават не глянуў на Васкевіча, задумліва паляпаў кніжкаю па далоні.

— Слухай, у нас ёсць для цябе праца... Бібліятэкарам. У Двароўцы ўжо тры месяцы бібліятэка зачынена. Пойдзеш? — і, не даючы Васкевічу слова сказаць, думаючы, відаць, што той пачне зараз аднеквацца, стаў пераконваць: — Ездзіць можна аўтобусам, ды і прайсці там колькі, работа лёгкая — сядзі сабе, кніжкі чытай!.. Да экзаменаў падрыхтуешся, праз год спакойна здасі і паедзеш назад у Мінск... Ну?

Васкевіч між тым і не думаў аднеквацца. Для яго гэта была б проста нягаданая, раптоўная ўдача, калі б... Ён зірнуў старшыні ў вочы — сказаць ці не? Вырашыў сказаць: і каб перастрахавацца, і каб потым, калі што якое (прыедуць яго арыштоўваць), не падстаўляць Лобана. А галоўнае, яму раптам захацелася паказаць старшыні, што ён, Васкевіч, трохі не тое, што пра яго можна падумаць.

— Вы чыталі запіс? — спытаў ён.

— Ну і што? Я і так усё ведаў, — старшыня зноў падміргнуў яму. — Мне наш Лізун, — кінуў ён на катух, — яшчэ на тым тыдні казаў, што Васкевічавага хлопца, з Сасноўкі, выгналі за гэтае дзела (ён паказаў, як куляюць чарку)... Ды ты не перажывай! Праз год назад прымуць.

— Я не перажываю, проста...

— У нас, калі я вучыўся, таксама хлопцаў выганялі, потым зноў прымалі. Ты колькі правучыўся? Два гады? Плюс падрыхтоўчыя курсы год, так? — тры. А цяпер падлічы, колькі на цябе грошай убухалі. Каму будзе выгадна, каб ты не давучыўся? Дзяржава не такая дурная...

— Мяне выгналі ні за якае не за «гэтае дзела», — цвёрда сказаў Васкевіч, трохі любуючыся сабою ў гэты момант, — а за нацыяналізм.

Лобан зірнуў на яго — ён так і стаяў перад Васкевічам, чуць сагнуўшыся, пакурваў — і так зарагатаў, што аж у пустой прыёмнай у прыадчыненыя дзверы адбілася.

— Хто ж цяпер за гэтае выганяе?! Цяпер абы ты толькі гаварыў! Я ж гавару — і што? І паперы вяду, магу паказаць... Канечне, многія крывяцца, але нічога — перажывуць! — і такая ўпэўненасць была ў яго словах, такі, знаёмы ўжо Васкевічу, імпэт правінцыйнага падзвіжніка — змагара «за ідэю», што Антон нічога не захацеў расказваць, падумаў толькі: «Што ж, раз не верыш, тым горш можа бьщь для цябе ж».

— Я чаму і ўзрадаваўся, калі пачуў, што ты ў сакратара па-беларуску балэкаеш, і адразу сказаў сабе — гэта свой чалавек! — Лобан прытушыў недакурак, зірнуў на гадзіннік. — Карацей, ты згодзен. Давай, па-быстраму прапісвайся, зараз, у дзесяць, будзе аўтобус на горад — тым больш усе дакументы пры табе, — паедзеш у цэнтральную раённую бібліятэку...

— Пачакайце, ды я паняцця не маю, што і як! Вам жа пасля сорамна будзе...

— Не трэба тут вялікай навукі. Тут да цябе такія працавалі, што фармуляра не маглі запоўніць. Значыць, раённую бібліятэку ведаеш?

Васкевіч не ведаў. Старшыня, радуючыся, што хоць нейкае выйсце знаходзіць яго бурлівая энергія, схапіў са стала лісток, падрабязна накрэсліў, як знайсці, дзе перайсці вуліцу, стрэлкамі паказаў, як заходзіць у будынак бібліятэкі, куды павярнуць на калідоры, дзе кабінет дырэктаркі, якую завуць Валянціна Мікалаеўна... Там Васкевічу трэба будзе сказаць, што ён ад Лобана, напісаць заяву, і там яму ўсё раскажуць і пакажуць.

Ужо збіраючыся выходзіць, Васкевіч успомніў і спытаў, прыцішыўшы голас:

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора