Мопассан Ги Де - Ён (на белорусском языке) стр 3.

Шрифт
Фон

Там нiкога не было. Фатэль быў пусты!

Якi гэта быў удар!

Спачатку я адступiў, нiбы перад страшнай небяспекай.

Пасля я азiрнуўся, адчуваючы, што нехта стаiць у мяне за спiнай. Аднак непераможнае жаданне зноў паглядзець на фатэль прымусiла мяне павярнуцца. Я стаяў, задыхаючыся ад страху, настолькi ашалелы, што страцiў здольнасць разважаць. Я ледзь не падаў.

Але ўсё ж я чалавек вытрыманы, спакойны, i таму розум хутка вярнуўся да мяне. Я падумаў: "У мяне была галюцынацыя, вось i ўсё". Я пачаў разважаць. У гэткiя хвiлiны розум працуе асаблiва хутка.

У мяне была галюцынацыя - гэта бясспрэчна. Аднак розум увесь час заставаўся светлы i працаваў дакладна i лагiчна. Што да мозгу, дык з iм усё было ў парадку. Толькi вочы памылiлiся, увялi ў зман розум. Гэта была мроя, тая, што прымушае простых людзей верыць у цуды. Гэта была памылка нерваў аптычнага апарата i нiчога болей, хiба што кроў прылiла да галавы.

Я запалiў свечку. Схiлiўшыся над полымем, заўважыў, што ўвесь дрыжу, i рэзка выпрастаўся, быццам нехта дакрануўся да мяне ззаду.

Я вельмi хваляваўся.

Я зрабiў некалькi крокаў, вымавiў уголас некалькi фраз, праспяваў пару куплетаў.

Пасля я зачынiў дзверы пакоя на два абароты i трошкi супакоiўся. Прынамсi, нiхто ўжо болей не зойдзе. Я яшчэ раз сеў i абдумаў як мае быць гэтае здарэнне, пасля дзьмухнуў на свечку i лёг спаць.

Некалькi хвiлiн усё было добра. Я спакойна ляжаў на спiне. Пасля мне захацелася агледзець пакой, i я павярнуўся на бок.

У камiне заставалiся дзве цi тры чырвоныя галавешкi, якiя асвятлялi ножкi фатэля. I мне зноў здалося, што ў iм сядзiць чалавек.

Я хуценька чыркануў запалкай - гэта была памылка, у фатэлi нiкога не было.

Я ўстаў i адсунуў фатэль за ложак. Пасля зноў патушыў святло i паспрабаваў заснуць. Я паспеў паспаць можа якiх хвiлiн пяць, калi мне ў сне, як наяве, з'явiлася вiдовiшча, перажытае ўвечары. Я прачнуўся апанаваны жахам, запалiў святло, сеў на ложку i ўжо нават не думаў пра тое, каб заснуць.

Аднак двойчы я мiмаволi засынаў на нейкi момант, i абодва разы прывiд вяртаўся. Здавалася, я звар'яцеў.

Калi настаў дзень, я ачуўся i спакойна прадрамаў да апоўдня.

Усё скончылася. Можа, гэта была гарачка, страшны сон, цi ж я ведаю? Урэшце, я быў хворы. Дый дурны таксама.

Увесь гэты дзень мне было вельмi весела. Я павячэраў у кабарэ, паглядзеў спектакль i пайшоў дадому. Але калi я ўжо падыходзiў да дома, мяне апанавала нейкая трывога. Я баяўся зноў убачыць ЯГО. Я баяўся новай памылкi маiх вачэй, баяўся галюцынацыi, баяўся жаху, якi мяне ахопiць.

Больш за гадзiну я хадзiў туды-сюды па вулiцы. Урэшце я абазваў сябе iдыётам i ўвайшоў. Я так задыхаўся, што ледзь дабраўся да свайго паверха. Я пастаяў яшчэ хвiлiн дзесяць перад дзвярыма, пасля, напружыўшы волю, у нейкiм парыве мужнасцi павярнуў ключ. Са свечкай у руцэ я кiнуўся наперад, штурхнуў нагой прачыненыя дзверы майго пакоя i, стрымлiваючы жах, паглядзеў у бок камiна. Там нiкога не было...

Якая палёгка! Якая радасць! Ратунак! Я хадзiў сюды-туды па пакоi. Але мне ўсё ж было неспакойна, час ад часу я рэзка паварочваўся, мяне непакоiў цень у кутах.

Спаў я кепска, усю ноч мяне будзiлi нейкiя таямнiчыя гукi. Але ЯГО я не бачыў. Больш нiколi.

З таго дня я баюся заставацца адзiн уначы. Мне здаецца, што прывiд недзе побач, навокал. I ўсё ж ён болей не з'яўляўся. Зрэшты, гэта ўжо не так важна, бо я ў гэта не веру, я ведаю, што гэта глупства!

I аднак ён мяне турбуе, бо я ўвесь час пра яго думаю - правая рука вiсела, галава была нахiленая ўлева, як у чалавека, якi спiць... Ну, хопiць, халера з iм! Не хачу больш пра гэта думаць!

I ўсё ж адкуль гэтае насланнё? Адкуль гэтая неадчэпнасць? Яго ногi былi каля самага агню!

Ён не дае мне спакою. Гэта глупства, але гэта так.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора