Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Кастусь Каліноўскі стр 23.

Шрифт
Фон

Гогель. Або ты здзекуешся са следства, або ты дурань.

Шоцік. А нашто нам разумнымі быць? Мы не паны. Хамуйлы, проша, вароны.

Паўза. Шалгуноў схіліўся да суседа. Шэпча.

Шалгуноў. Нічога, відаць, не зробім.

Гогель. Т-так...

Паўза.

Я думаю, трэба вочную стаўку з тымі... домаўласнікамі. Памятаеце, затрымалі ўсіх тых, у каго папсуцці ў кнігах домаўласнікаў за сакавік мінулага года?.. Калі Макарэвіч жыў у Вільні.

Шалгуноў. Лухта. Я яшчэ тады казаў гэта беззаконне... I тут будзе беззаконне.

Гогель. Але зразумейце, гэта адзін... бадай што адзін шанс... Дазвольце мне.

Шалгуноў. Гм... Колькі затрыманых домаўласнікаў?

Гогель. Тры... I яшчэ дачка адной домаўласніцы... Бо тая хворая... Яны тут.

Гогель. Ну хаця б тую. Усё ж жанчына.

Шалгуноў. Каб вы былі ў маім узросце вы б ведалі, што з жанчынамі цяжэй... Нязмерна... Вядзіце...

Гогель ідзе да дзвярэй, шэпча нешта салдат у і вярт аецца на сваё месца.

Гогель. Слухай, Шоцік. Слухай і паспрабуй толькі падманваць. Гаспадар кватэры Жэброўскі казаў, што бачыў аднойчы, як у кватэру пана прыходзіла дзяўчына.

Шоцік (няўпэўнена). Ды яно... было...

Салдаты прыводзяць Марыю. I тады Гогель рэзка нахіляецца да Шоціка і амаль крычыць.

Гогель. Гэтая?!

Шоцік. Што?

Гогель. Яна?! Яна, я пытаю, ці не яна? Яна наведвала падследнага?!

Шоцік (заўважае позірк, якім абмяняліся Марыя і Кастусь, і зноў пачынае круціць). Крый божа, пане. Гэтая не хадзіла. Другая хадзіла. Ну, можа, больш, чым некалькі разоў.

Гогель (да Марыі). Вы ведаеце гэтага чалавека? Вітажэнца?

Марыя. Не.

Гогель. Ну не Вітажэнца, дык Макарэвіча?

Марыя. Не.

Гогель. Глядзіце на яе, Шоцік! Яшчэ раз: яна?!

Шоцік. Не, тая была іншая.

Гогель. Якая?

Шоцік. Светлая такая. Ці Янінай яе зваць, ці, можа, Марынай... ці... Нешта так.

Марыя (сама сабе). Караліна...

Гогель. Нашто гэтая ваша... Іна хадзіла да падследнага?

Шоціку пакутліва шкада пана. Ён муляецца, думаючы, як лепей яго выгарадзіць. Знайшоў, як яму здаецца, выйсце.

Шоцік. Справы.

Гогель. Па мяцяжу?

Шоцік. Што вы? Якая мяцежніца? Светлая такая дзяўчынка? Дваранка.

Гогель. То якія справы?

Шоцік (вочы яго неспакойныя). М-м... Справы... маладыя. Маладая, значыцца, справа, вось што. (I натхнёна брэша.) Каханне ў іх было.

Рукі Марыі ўчапіліся ў стол. 3 гэтага моманту глядач павінен глядзець

толькі на яе і Кастуся, на маўклівую дуэль іхніх вачэй.

Гогель. Вы гэта ведаеце ці толькі мяркуеце?

Шоцік. Хто гэта можа ведаць?.. Але ён вельмі ласкавы быў да яе. Мяккі. Мяркую так... Канечне, каханне...

Паўза. I тут Марыя ўстае, занадта прама трымаючыся на нагах.

Марыя. Я ведаю гэтага чалавека. Ён жыў у доме маёй маці пад прозвішчам Макарэвіча. Яго імя Кастусь Каліноўскі.... Ён...

Гогель... вярхоўны ваявода Беларусі і Літвы.

Страшная паўза. Потым Шалгуноў гаворыць ціха.

Шалгуноў. Вы не шкадуеце маці?

Марыя. Я не шкадую сябе.

Шалгуноў. Ён мой вораг. Вораг маёй вялікай імперыі, цара, маёй радзімы. Я шчаслівы, што ён тут. Але ці ведаеце вы, што падпісалі яму і вашай маці смяротны прысуд?.. Мая справа падрыхтаваць для яго шыбеніцу. Але як вы маглі дапамагчы мне ў гэтым, нізкая вы жанчына? (Салдатам.) Адвядзіце яе. Такія вартыя толькі нашай святой мужчынскай пагарды... Гáдзіна (Гогелю.) I такія сцервы дастаюцца большасці сапраўдных, чыстых мужчын.

Салдаты вядуць Марыю. Ля дзвярэй яна спынілася.

Марыя. Кастусь...

Кастусь. Што табе, жанчына?

Марыя. Кастусь... Кастусь. (Нечакана яна падае на калені.) Даруй мне, Кастусь!

Кастусь. Ідзі з богам.

Шоцік (у ярасці). Пабойся бога! Такую гадаўку?!

Шалгуноў. Святы ідыёт.

Кастусь. Ідзі з богам. Каб табе было лягчэй ведай: я сапраўды любіў, люблю і буду любіць яе да канца. Недалёкага канца. Але я не казаў ёй аб гэтым... Да мінулай ночы... Магчыма, гэта для цябе занадта жорст кая аплявуха. Але з ёю табе будзе лягчэй.

Гэтыя словы як надламілі нешта ў жанчыне. Яна паўзе да яго на каленях.

Марыя. Даруй мне, даруй!

Салдаты выводзяць яе. За дзвярыма чуцен немы крык: Кастусь! I цішыня.

Шалгуноў. Адвядзіце і гэтага.

Шоціка цягнуць.

Шоцік. Даруйце, пан... Каліноўскі. Я не хацеў.

Кастусь. Жыві шчасліва, Ігнась.

Паўза.

Гогель (амаль крычыць). Цяпер вы будзеце гаварыць. Іначай я не дам і шэлега за вашу шкуру. Дзе тая дзяўчына?

Кастусь. Як вам не сорамна, паручнік?

Гогель. Ці не хочаце вы сказаць, што дзейнічалі адзін?

Кастусь. Чаму адзін? У мяне былі сябры. Лянгевіч, Тышка, Стасякевіч, Далеўскі, Серакоўскі... і іншыя.

Гогель. Менавіта былі. Ніводнага з гэтых людзей не засталося ў жывых.

Кастусь (з усмешкай). Для вас у мяне няма жывых сяброў. Я ж сам мёртвы... Ужо дзесяць хвілін. Аб мёртвых я магу напісаць вам усё.

Шалгуноў. Жадаеце пакінуць след? Не дапаможа. Архіў гэта магіла. Шмат вы ведаеце пра Пугачова?

Кастусь. Скора адкрыюцца ўсе магілы. Нават магілы папер.

Шалгуноў. Я... загадаю даць вам паперу.

Кастусь. Вось і ўсё. Мёртвы аб мёртвых не больш.

Шалгуноў. Паспрабуйце ўсё ж не стаць мёртвым. Гэта лёгка.

Кастусь. Мяне выхоўвалі ў тых правілах, што грамадзянская адкрытасць зяўляецца дабрачыннасцю, а шпіёнства апаганьвае чалавека.

Шалгуноў. Я вас... паважаю. Пашкадуйце сябе.

Гогель. Вы тупы, вузкі артадокс. Фанатык, які лічыць, што ягоныя мужыкі дараслі да парламента са сваімі мазніцамі, нераспрацаванай гаворкай і бруднымі, як каровы, бабамі. Сярод усіх колераў вы адрозніваеце толькі чорны і белы. Пакінь вам зямлю вы забяце і блакітны, і аранжавы...

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги