Кастусь. Вы дрэнна ведаеце фізіку, паручнік. Каб вы скончылі... хаця чатыры класы гімназіі вы б ведалі, што ўсю радасць, усю шматкаляровасць свету складае адзін колер, белы. I гэта мы. А вы, чорны колер, вы нават не колер. Вы проста адсутнасць святла, смярдзючая чорная яма і гразь.
Паўза.
Шалгуноў (ціха). Вы ўяўляеце, чым усё гэта вам пагражае?
Кастусь. Уяўляю.
Шалгуноў (зусім ціха). Трыбуналам.
Кастусь. Ведаю. I мне страшна. Але пачуццё ўласнай годнасці і месца, якое я займаў, не дазваляюць мне рабіць іначай.
Карцiна трынаццатая
Цемра. Асветлены толькі невялічкі кавалак сцэны. Гэта камера ў Дамініканах. За вокнамі ноч. Куты камеры хаваюдца ў цемры... На ложку сядзіць Кастусь. Ля стала з аркушам паперы ў руцэ стаіць Тызенгаўзен.
Тызенгаўзен. Вы мяне слухаць?
Кастусь. Нашто? Я і так усё ведаю... Барабаньце хутчэй вашу екценню, калі без гэтага нельга, пан загадчык над катамі, і пасля плывіце адсюль. Дальбог, у мяне ёсць больш важныя заняткі, чым сузіраць вашу остзейскую парсуну.
Тызенгаўзен (чытае далей). ...прыгаворвае двараніна Канстанціна Каліноўскага... дваццаці шасці год, за здраду дзяржаве на падставе ваенна-крымінальнага ўстава...
У цемры, у куце, нешта варухнулася. Прамень святла ўпаў на мёртвыя, нібы ў медузы, вочы. Граф Мураўёў выступіў з цемры і нячутна прысеў на табурэт ля сценкі.
... пакараць смяротнай карай расстраляннем... (Склаў паперу.) Гэта было другога сакавіка падпісана. Дзевятага сёння. Вы словы аб магчымасць абскарджання не схапіць?
Кастусь. Гэта дарэмна. I не мне прасіць даравання ў рознай сволачы.
Мураўёў робіць знак выйсці. Тызенгаўзен паціснуў плячыма, выйшаў. Бразнуў замок. Кастусь не бачыць Мураўёва. Задумаўся. Цішыня. За акном густым вэлюмам пачаў падаць снег.
Мураўёў (ціха). Падымі свае вочы і слухай мяне.
Кастусь здрыгануўся ад нечаканасці, павярнуўся на голас. Глядзіць.
Кастусь. А-а, вось хто. Другі раз спадобіўся ліцэзрэць.
Мураўёў. Другі... Князь Мсціслаўскі.
Уся размова, да самага канца, ідзе ціха і спакойна.
Я прыйшоў пагаварыць... Дзіўна, але так.
Кастусь (міжвольна адкінуў прастату і гаворыць цяпер сапраўды як князь). Я слухаю вас, граф.
Мураўёў. Ці думалі вы, супраць чаго паўстаяце? Ці думалі, што тысячу год кожны разбіваў аб нас галаву? Былі бунты, рэвалюцыі а мы заставаліся, і зноў аб нас разбівалі галаву. Таму што мы парадак, дзяржава, таму што за нас вера, забабоны, філасофія, культура. Таму, што за нас жах. Людзі не могуць жыць свабоднымі сярод руін. Яны ўзрываюць дом, кідаюцца трошкі сярод камення са сваімі добрымі намерамі, а потым будуюць новы, яшчэ горшы. I кожны раз льецца кроў. I гінуць лепшыя, а не горшыя. I пасля кожнага такога эксперымента сярод жывых застаецца больш і больш мярзотнікаў.
Кастусь. Я думаў над гэтым. Чаго вы хочаце?
Мураўёў. Бачыш муры? Ты можаш з іх выйсці. Зараз. Я хачу гэтага. Ведаеш, каб людзі жылі трэба, каб лепшыя з лепшых не бунтавалі, а ішлі да паборнікаў парадку і магутнасці айчыны... Я абяцаю вам словам двараніна волю і месца пры мне... Я вам абяцаю. Не Аляксандр я.
Кастусь. Гэта важыць больш. Ведаю... Чаму прапаноўваеце?
Мураўёў. Хачу, каб вы сталі членам дзяржаўнага савета ў пяцьдзесят год.
Кастусь. У дваццаць пяць я быў вярхоўны ваявода Беларусі і Літвы.
Мураўёў. А ў дваццаць шэсць можаш не быць нікім.
Кастусь. Ведаю.
Мураўёў. А паслухаеш можаш жыць, кахаць...
Аблічча Каліноўскага нібы засвяцілася ў змроку.
Кастусь. Кахаць...
Мураўёў. Так... Бачыш?
За акном густым вэлюмам падае снег.
Гэта падае апошні снег у тваім жыцці. Я памятаю адзін такі, калі я кахаў...
Кастусь (спахмурнеўшы). Гэта забаронены ўдар, граф. Я адкажу такім самым: невядома яшчэ, колькі снегападаў засталося ўбачыць вам.
Мураўёў. Я пажыў...
Кастусь. Як пажылі?.. I чаму прапаноўваеце гэта мне?
Мураўёў. Сынок... Ты не ведаеш. Вакол мяне адны нягоднікі і дурні...
Кастусь. Сімптаматычна.
Мураўёў. У вас блакітная сонечная кроў. Вы сапраўдны дваранін, рыцар не тое што гэтыя вырадкі. I вы са сволаччу.
Кастусь. Калі за вас парадак, то чаму сярод вас столькі нягоднікаў? Чаму з пакалення ў пакаленне лепшае гіне, а ўсё адно ідзе да нас, да сволачы?
Паўза.
Я вам скажу, чаму. Кожны раз чалавецтва бліжэй да шчасця... на вышыню нашых магіл. З крывёю, са зрывамі на дно прорвы, яно, здыхаючы, паўзе да праўды.
Мураўёў. Гэта фатальная, жахлівая памылка маладосці. А маладосць праходзіць. Я ведаю гэта... сынок. Ты, магчыма, не ведаеш,
які быў я, пакуль не зразумеў.
Кастусь. Вы заўсёды былі такі.
Мураўёў. А я быў такі, як ты.
Паўза.
Такі, а магчыма, і горшы бунтар. Я быў адзін з самых першых дзекабрыстаў. Нас было чацвёра.
Маўчанне.
Гэта я прыняў у тайнае таварыства Івана Пушчына... Так, таго самага, лепшага сябра забітага паэта.
Маўчанне.
Потым я зразумеў у гэтым няма праўды. Праўда не там. Я выпадкова не трапіў на шыбеніцу, хаця не скардзіўся б, нават трапіўшы. I вось я служу айчыне. I хачу зрабіць для маладога, чыстага, бліскуча таленавітага чалавека тое, што калісь зрабіў для мяне выпадковы лёс.
I раптам Кастусь засмяяўся ціхім, горкім смехам.
Кастусь. Вы? Мой лёс? Жывы, з крыві і плоці, з дзвесце сарака васьмю касцямі і некалькімі аршынамі кішак... Ох, як доўга гэта яшчэ будзе!.. Любіць гэта чалавек: захапіць уладу над жыццём і смерцю, назваць сябе лёсам, богам, з усёй сваёй вузасцю, тупасцю, капрызамі.