Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Кастусь Каліноўскі стр 22.

Шрифт
Фон

Пусціце зоры ў мой пакой шырокі!

Пусці ў пакой сузорі, чалавек!

Нічога не палохайся. Пад сонцам

Ёсць толькі ты і свет лыя сузорі.

Нічога, акрамя цябе і іх.

Каханне, зорка чыстая, ў глыбінях

Бязмежнага сусвету ты гарыш

Святлом далёкім, цёплым, нездрадлівым.

О колькі год я да цябе ляцеў,

Раскрыліўшы свае слабыя рукі,

I сек сваім мячом мячы камет!

Я знемагаў, я паміраў у муках,

I ты пачула мой апошні крык.

Сама прыйшла, наблізілася, ўпала

Ў маю далонь. I стала ўсім на свеце.

Ўсё ты. Маё чаканне гэта ты,

Маё змаганне, і душа, і вочы,

Любоў, нянавісць, вера і сумненне

Ўсё гэта ты. I праўда, і дыханне,

I... нават смерць. Нічога не баюся.

Бо космас неўміручы ў гэтым сэрцы,

Бо космас не забеш. I я лячу,

Лячу ў сусвет.

Зоры паплылі назад, і чалавечая фігура нібы сапраўды ляціць між іх.

Мінаюць ночы, дні.

Гады мінаюць. Дзе зямное гора?

Дзе кроў, пажары, смерць? Адна свабода

Пануе на зямлі, пабраўшы ў жонкі

Багіню шчасця. I зямныя людзі

Звярнулі вочы да далёкіх зор.

Я вас люблю, браты! Люблю! Люблю!

Лячу ў сусвет. I сотні мангальфераў,

I караваны зорных караблёў,

Пад ветразямі сінімі, ў сусвет

Лятуць за мною. Гэта ты, планета

Любові запаветнай? Божа! Божа!

Якое шчасце ўсім, якая мара,

Які гарачы, радасны, вясёлы,

I залацісты, і бязмежны свет!!!

Цяпер у цемры т олькі дзве плямы святла: чалавек на фоне зор і скупа асветлены пераход да адной з лесвіц, што вядзе на падмосткі. У ніжняй пляме зяўляюцца постаці. Гэта капітан з салдатамі. Глухія, неразборлівыя, бы ў студні, гучаць галасы.

Капітан. Акружылі квартал?

Салдат. Але.

Цемра і крокі. Кастусь на пляцоўцы чуе іх.

Кастусь. Яна... Вяртаецца. Трэба сустрэць са святлом. (Запальвае свечку.) Якая шчаслівая ноч!

Цемра і крокі. Маленькі, як іскрынка, агеньчык: чалавек ідзе са свечкай. Ціхі голас спявае, вядзе без слоў нейкую ясную і радасную мелодыю, Спускаецца ўніз, робіцца ўсё больш яркім агеньчык свечкі. Цемра маўчыць.

Капітан. Гэй, хто са святлом?

У цемры асвятляецца твар Кастуся.

Кастусь. Я са святлом.

Блік ад ягонай свечкі ўпаў на твар капітана.

Капітан. Ваша прозвішча?

Кастусь (проста). Вітажэнец.

У той жа момант яго схапілі за рукі. Свечка ўпала на прыступкі і пакацілася па іх. Меркне агеньчык. Коціцца свечка. Прыступка... другая... трэцяя... Згасла. Насунуўся змрок.

Карцiна дванаццатая

Шалгуноўштабскапітандва паручнікіобераўдытарГогель

Гогель. Я часам шкадую, пан палкоўнік, што катаванні выйшлі з моды.

Шалгуноў. А тое, што мы робім, не катаванне?.. Ён не спіць ужо некалькі начэй.

Гогель. I ён не будзе спаць столькі, колькі спатрэбіцца.

Шалгуноў. Пры такіх метадах людзі гавораць на сябе невядома што.

Гогель. Гэты? З ягонай закаранеласцю?

Шалгуноў. Добра. Прывядзіце арыштаванага... Было б значна прасцей, каб Парафіяновіч апазнаў, ён ці не ён.

Гогель. Парафіяновіч заявіў, што на вочных стаўках нікога апазнаваць у твар не будзе.

Шалгуноў. Баіцца сустрэчы, заяц.

Гогель. У нас фактычна нічога няма ў руках. Лосеў спрытняга, але на яго месцы я жыва выбіў бы з Парафіяновіча ўсё, што трэба.

Шалгуноў. На яго месцы вы і ў сто год не дабіліся б прызнання. Маўчыце ўжо...

Салдаты прыводзяць Кастуся. Ён змарнеў, але вочы ўсё яшчэ свецяцца ранейшым цёплым агнём.

Вы не надумалі?

Паўза.

Хто вы?

Гогель. Камісар Літвы...

Кастусь. Я Вітажэнец, настаўнік. Займаўся распрацоўкай матэрыялаў гістарычнага характару. Гэта ўсё.

Гогель. I гэта ўсё?

Кастусь. Усё.

Шалгуноў. Шоціка сюды.

Салдаты прыводзяць Ігнася Шоціка.

Ігнась Шоцік, сорак год, католік, з казённых сялян Віленскага павета, пяць год як дворнік пры гімназіі. Так?

Шоцік. Какурат так.

Шалгуноў. Ведаеце гэтага чалавека?

Шоцік. Ды я яму... сумяшчальна, значыцца, прыслугоўваў, кватэру прыбіраў. За два рублі штомесяц. Гро-ошы!

Гогель. Што падазронага заўважылі?

Шоцік (хітруе). Ды яно, як жа ж бо яно і сказаць... Калі б нешта такое, то яно, можа б, і так, а каб гэткае нешта, то яно і дальбог нічога. (Падумаў.) Пан харошы. Добры. Грошы заўсёды наперад плаціў. Я ж кажу, каб нешта тут такое, то дальбог не тое, што паны думаюць.

Вочы Кастуся смяюцца.

Гогель.

Не паяснічай!

Шоцік. Ды ў мяне, пане, паяса і няма. Людзі простыя, матузком абыходзімся.

Гогель. Што рабіў арыштаваны, мужыцкая морда? Ён што, купіў цябе?

Шоцік. Не. Ён мэблю купляў. У гандляроў-яўрэяў. Ніштаватая мэбля. Купляў вось чалавек, спадзяваўся. А яго замест канапы на турэмны тапчан. Так вось і не ведаеш, дзе цябе па кабаку грукне.

Гогель. Што рабіў?

Шоцік. Уст авалі яны каля дзевяцёх, кушалі чаю ў ахвотку, у сваю насалоду, ды ішлі сабе ў горад. У дванаццаць прыходзілі ды абедалі. Любілі строганага быка. (Хітруе і выкручваецца як можа.)

Шалгуноў. Якога строганага быка?

Шоцік. Ну, мяса такое настраганае. З бульбай. Каровіна мяса. Словам, хаця строганы, але ўсё адно бык.

Гогель (здагадаўся). Бефстроганаў.

Шоцік. Потым зноў гулялі. У шэсць амаль заўсёды дома. Зноў чай пілі... Дасхочу.

Гогель. У сваю насалоду?

Шоцік. У сваю, паночак, насалоду. Чай справа сурёзная. Потым зноў ішоў.

А ключоў ён мне, галубочкі вы мае, ніколі не пакідаў.

Гогель (прагна). Чаму?

Шоцік. Мы ж людзі не высакародныя. Ці мала гэта выпадкаў, што дворнікі рабуюць? Унь у нас нават будачнік адзін, проша пана, праходжага абдзёр. Зняў паліто і гадзіннік. Дык нам і бог загадаў.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги