Добра. Я згодна. Думаю, што для выканання гэтага вам хопіць аднаго дня. Дзялянкі, адкуль вазілі бярвенні, знаходзяцца блізка, самая далёкая кіламетраў за восем, і калі вы заўтра раніцай устанеце разам з сонейкам, то к вечару, я думаю, вернецеся. Не праспіце?
Што вы, Зінаіда Антонаўна, за ўсіх адказаў Толік. Мы і лажыцца не будзем.
Ну, гэта дарэмна. Перад паходам трэба добра адпачыць, каб быць бадзёрымі і выканаць даручэнне атрада.
Выканаем! урачыста запэўніў Васілёк.
Жэнька трапляе на след
Так здарылася і з Жэнькам. Ён больш за ўсіх недаверліва адносіўся да таямнічых літар. Яму ўсё здавалася, што гэты нейчы жарт ці проста выпадковы надпіс. І калі ён прасіўся, каб і яго паслалі разам з Толікам і Васільком адшукваць другую частку літар, дык толькі таму, каб быць разам з сябрамі і потым пасмяяцца з Васілька.
Жэнька прыйшоў дадому, павячэраў і адразу ж лёг спаць. У хаце было ціха, і хлопчык пачаў ужо драмаць, але ў гэты момант бразнулі дзверы, і ў пакой увайшла маці. Ён пазнаў яе, не адплюшчваючы вачэй, па мяккай хадзе. Услед за ціхімі крокамі маці загрукаталі яшчэ нейчыя, цяжэйшыя відаць, той чалавек быў у ботах.
Адкуль жа будзе тое здароўе, гаварыла маці, калі гэткія пакуты прыйшлося перанесці. І ў голадзе, і ў холадзе сядзелі, вось яно цяпер і дае сябе адчуваць. А што ў яе прызналі?
Сухоты.
Жэнька па голасу пазнаў і госцю цётку Антаніну, суседку. Яна была яшчэ не старая, але моцна пасівелая. Такой яна зрабілася пасля таго, як фашысты ўгналі ў Германію яе адзіную дачку Аню. Пасля вайны Аня вярнулася, але была заўсёды задуменная і ціхенька кашляла ў рог хусцінкі. А ўчора цётка Антаніна завезла Аню ў бальніцу.
Эх-хэ-хэ, цяжка ўздыхнула маці, няма на свеце нашага доктара Карнея Пракопавіча, а то б ён яе хутка вылечыў.
Не, Людачка, сухоты не так проста вылечыць, няма яшчэ такога лякарства, каб выпіў і паздаравеў.
А я кажу табе, што такое лякарства было ў Карнея Пракопавіча. Ён цэлую працу пра гэта напісаў. Ды вось бяда забілі яго фашысты, а ўсе паперы з сабой забралі. Вось у тых паперах, мусіць,
і быў сакрэт таго лякарства, бо пасля вайны чалавек з Мінска прыязджаў і ўсё распытваў пра Карнея Пракопавіча, як ён загінуў і ці не даваў каму схаваць якіх папер. Але так і паехаў ні з чым.
Жэнька раптам усхапіўся, як апараны. Паперы! Можа, гэта і ёсць праца доктара? Можа, гэта яна схавана пад тым дрэвам? Нават пачатак надпісу аб гэтым гаворыць: «Тут схавана праца».
Мама, усё, што ты зараз расказала цётцы Антаніне, гэта праўда?
Маці здзіўлена паглядзела на сына:
А ты што, яшчэ не спіш? Вядома, праўда. Але чаму гэта так цябе цікавіць? спытала яна.
Адказу яна не пачула, бо Жэнькавага і духу ўжо не было ў хаце. Ён імчаўся да Толіка з такой хуткасцю, што аж у вушах свістала. А калі прыбег, то ўбачыў Васілька, які пабаяўся праспаць і прыйшоў начаваць да Толіка.
Хлопцы! усхвалявана загаварыў Жэнька. Гэты надпіс невыпадковы і не жарт. Я ўсё ведаю Ведаю нават, што далей напісана: «Тут схавана праца Долахава».
Якога Долахава? запытаў Васілёк.
Доктара Долахава Карнея Пракопавіча расстралянага немцамі.
Гэта таго самага доктара, які твайму брату аперацыю рабіў?
Ага, таго самага.
І Жэнька расказаў сябрам усё, што ён пачуў ад маці.
Калі так, дык мы павінны, чаго б ні каштавала, знайсці гэтыя паперы, сказаў Толік.
Вось толькі ці ўдасца нам знайсці той пень з працягам надпісу, усумніўся Жэнька.
Знойдзем, абавязкова знойдзем! горача загаварыў Васілёк. І мне здаецца, што тут няма нічога складанага. Кавалак бервяна з літарамі мы будзем прымерваць да кожнага пня, пакуль не знойдзем, з якога ён спілаваны Ніна сказала, што возчыкі вазілі гэтыя бярвенні з Косінскай дзялянкі. Нічога цікавага яны не бачылі, толькі каля аднаго дрэва знайшлі нейкі стары бот. А тата Ніны, дзядзька Кастусь, казаў, што на Косінскай дзялянцы яшчэ ў 1944 годзе, адразу пасля вызвалення, быў знойдзены забіты партызан, і на ім быў чамусьці толькі адзін бот. Яго пахавалі ў брацкай магіле там жа, у лесе.
Гэта ўсё вельмі важна, зазначыў Толік. Магчыма, мы за адзін дзень і не ўправімся. Трэба будзе застацца пераначаваць. Дык вы папярэдзьце дома, каб не хваляваліся.
Тады давайце хутчэй рыхтавацца да экспедыцыі! захваляваўся Васілёк і хацеў ужо некуды бегчы. Але Толік спыніў яго:
Пачакай, трэба яшчэ намеціць маршрут. Да Шэрвінскага лесу, дзе знаходзіцца Косінская дзялянка, можна дабірацца па рэчцы і лесам, у абход балота. Дык які шлях мы выберам?
Давайце паплывем на лодцы, гэта ж так здорава! без доўгіх разважанняў прапанаваў Васілёк.
Можна і на лодцы, толькі назад дабірацца супраць цячэння не так ужо і лёгка будзе, запярэчыў Толік.
А я думаю, гэта будзе ўсё ж лягчэй, чым цягнуць на сабе рукзакі з прадуктамі, ды яшчэ рыдлёўкі ў дадатак, падтрымаў Васілька Жэнька.
Добра! згадзіўся нарэшце Толік. На лодцы дык на лодцы. Толькі дамовімся: не ныць, калі ў паходзе цяжка давядзецца і мазалі будуць на ўсю далонь
Ёсць не ныць! весела закрычаў Васілёк.
А цяпер спаць! даў каманду Толік. На досвітку адчальваем.
Ну, я пабег. Добрай ночы! развітаўся Жэнька з сябрамі.