Купала Янка - Шляхам жыцьця стр 9.

Шрифт
Фон

Навагодніе жаданьня

Як ідзе Новы Год, на ўсім сьвеце народ
Да жычэньня сабе штосьці мае;
Дык і ты, як усе, спаткай году прыход,
Беларусаў сямейка худая.
Кожны год, што мінаў, штосьці нам не дадаў,
Аж сабраўся так доўг немаленькі.
Хай жа Новы наш Год, што прыйшоў, завітаў
Зьверне ўсё нам, як ёсьць, да капейкі!
Хай ня будзе круцель, дасьць нам просьценькі цэль
К лепшай долі, і волі, і славе;
Мы ня зналі жыцьця, ні вясёлых нядзель,
Хай Год Новы ўсё гэта паправе!
Сваркі, звадкі ня раз былі згубай для нас,
Разлучалі са шчасьцем, з свабодай
Хай жа з Новым Гадком новы бліжыцца час,
Брацтва, роўнасьць, супольнасьць і згода!
Во жычэньні усе, Новы Год, да цябе;
Іх ня вельмі і многа, здаецца.
Так і песьня пяе, так, людцы вы мае,
Знаю, ў думках усім вам снуецца!

Мая малітва

Ва ўсяку мінуту, ва ўсякай патрэбе
І ў полі шырокім, і ў вузенькай хатцы
Малюся я гэтаму сонцу на небе
І зоркам, што ночкай мігцяцца.
Малюся свабоднаму ветру віхуры,
Што лётае птушкай ад краю да краю,
І пасьвіць у высях панурыя буры,
І ў комінах песьні іграе.
Малюся агню я, што сее пажары,
Як стане пара, па нязьмераным сьвеце,
Наводзячы жудасьць вялікаю карай,
Пужаючы старцаў і дзеці.
Малюся жывучай вадзіцы разводдзю,
Ў дзень ясны бліскучай, а страшнай уночы,
Што, нівы палошчачы, йдзе, не праходзе,
І хаты, і чоўны друзгоча.
Малюся я небу, зямлі і прастору,
Магутнаму Богу Усясьвету малюся,
Ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору
За родны загон Беларусі.

Пад крыжам

З балеснаю ў сэрцы пакорай
Пад крыжам збуцьвеўшым стаю
I ўвокал ад гораў да гораў
Зямлю аглядаю сваю.
Навокала сьцелецца столькі
Багацьця, красы і сьвятла!
Хоць болькі, старыя ўсё болькі,
Адна за адною лягла.
Плакучыя стогнуць бярозы,
Скідагочы лісьць залаты;
Хістаюцца дзікія лозы,
Глухія, сухія кусты.
Звод нейкі гамоніць, шапоча:
Калодаю, дружа, ты будзь!
Душа толькі верыць ня хоча,
Ня хоча паняць і заснуць.
Упаўшыя грудзі калыша
Жальбой непрыхільнаю сум,
I тысячы ў памяці піша
Гаротных, нявыжытых дум.
Бязьсільна народ свой пытаю,
Абняўшы пахілены крыж:
За што ты ад краю да краю
Магілай жывою ляжыш?
Ці коні твае патрупелі,
Цягаючы ў поце плугі?
Ці косы твае прытупелі
З крывавай на лузе смугі?..
Пытаю жывых назаліста,
Чакаю, адказ ці бяжыць
Маўчыць, як дамоўка, ўсё чыста
Пракляцьце і тое маўчыць.

Суды

На суды павялі яе зьвязанай,
Сэрца вырваўшы зь белых грудзей,
I судзіці давай як там сказана
Ў гэтым хітрым законе людзей.
Абіралі судзьдзёй ночку цёмную,
Ночку-мачыху сумнай зямлі,
Сьведкай крыўда была векапомная,
Сон і заламы стражай былі.
Прыгавор прачыталі над беднаю,
Не спытаўшыся грэху, віны.
Гэй, хаўтурную песьню пабедную
Над ёй сьпелі праметнай сыны
З плеч зрывалі уборы злацістыя
Разрывалі карону-вянок,
Разьбівалі пасад ёй нячыстыя
Й пад жалезны хавалі замок.
Накладалі ёй сковы сталёвыя,
Надзявалі жабрачы убор,
У намітку ўбіралі цярновую
Яе коску, сатканую з зор.
Вочы вырвалі ёй, сонцу роўныя,
З-пад хмурліва навісшых павек,
Дый пусьцілі яе супакойную,
На бадзяньне пусьцілі, на зьдзек.
Зь лета ў лета ідзе, кроўю зьлітая,
На сустрэчу крыжам і капцам,
Чуць жывая жыве, пазабытая,
Ў сьне зьяўляючысь родным сынам.
К волі йдзе з дня на дзень, разглядаецца
Па бел-сьвету калі-нікалі;
Толькі дух-яснасьвет пацяшаецца,
Што ўсё ж крыўды яе не змаглі.
Як была, будзе так непакорнаю
Адпраўляць вечнабыту імшу
Не здалеюць суды цемнатворныя
Ёй спаганіць і вырваць душу.

З кутка жаданьняў

З цэлым народам гутарку весьці,
Сэрца мільёнаў падслухаць біцьця
Гэткай шукаю цэлы век чэсьці,
Гэта адно мне падпорай жыцьця.
Песьню стварыці ясну, як неба,
Ў кожнай зь ёй хаце быць мілым гасьцём
Гэтакіх толькі скарбаў мне трэба,
Гэткім я толькі жыву пачуцьцём.
Што не загубяць крыўды жывую
Душу народа, што ўстане са сну,
Гэткай надзеяй толькі жыву я,
Гэткую толькі чакаю вясну.
К яснаму сонцу зь цьмы, зь беспрасьвецьця,
К славе зь бясслаўя ўсім нашым людзям
Гэткай шукаю сьцежкі на сьвеце,
Гэткаму Богу і душу аддам.
За лепшу долю роднага краю,
За сваіх брацьцяў ў сьвятой барацьбе
Гэтакай толькі сьмерці жадаю,
Памяткі гэткай чакаю сабе.

Для зямлі прадзедаў маіх

Я табе, зямля мая прадзедаў маіх,
Не патраплю нічога жалець на сьвеце,
На сьвет цэлы гатоў твой прыгон апеці
I ўзьнясьці пасад на магілішчах тваіх.
Я цябе душой рад бы сваёй сагрэці
I карону сплесьці з сонца, зор залатых,
На цябе карону ўзлажыць, каб хоць на міг
Заясьнела ты ў цяжка дабытым цьвеце.
За цябе загінуць гатоў я ў барацьбе
З крыўдай той, што цярпіш ад людзей і Бога,
Ад чужынца і ад сына свайго сьляпога
Буду ў вечнай мучыцца жальбе і кляцьбе
I за гэта толькі прашу, малю цябе:
Не гані ты мяне ад свайго парога.

На вялікім сьвеце

На вялікім сьвеце б'е жыцьцё крыніцай,
Барацьба за волю і за долю рдзее,
Маюць панаваньне вера і надзея,
Асьвяціць народы лепшы быт маніцца.
На вялікім сьвеце неба сьлёз ня сее,
Ёрмаў не майструе крыўда-чараўніца,
Не галубіць думак цемра-асьляпніца
I ня водзіць душаў пагібеньня кнеяй.
На вялікім сьвеце б'юць званы на славу,
Людзі з плеч скідаюць ланцуговы скруты,
К сонцу йдуць браточна з рабскае пакуты.
На вялікім сьвеце ўсё ідзе па праву,
Па Законе Божым, зь яснатой яскравай
А у нас, у нас што?.. Толькі звоняць путы

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора